Выбрать главу

— Ты што, такую тваю, сабе дазваляеш? — Пры ім? — калі Мірзоеў выйшаў, зашыпеў на яго Уладароў, наўмысна груба тушачы ў попельніцы цыгарэціну. — Заданне партыі аспрэчваеш, непачцівы тон размовы з дзяржбяспекай дапускаеш?

— Ды пайшоў ён!.. Каршун!

— Вось іменна: ён — каршун! А ты… Ты — мокрая варона…

— Выскачка! Кар'ерыст!

— Цыц! — абарваў Уладароў і зашаптаў: — Хіба, дурань яловы, не бачыш: ён, а з ім і яго служба не толькі мясцовым, але і нам з табой не зусім вераць? Няўжо не цяміш: мы тады заваюем іхні давер, калі будзем не толькі прынцыповыя, але нават бязлітасныя да ўсіх?! Адпаведна, нам трэба не толькі трубіць у вушы нашы пропаведзі, але і лупіць між вушэй!

— Дык хто ў раёне гаспадар: вы альбо Мірзоеў? Уладароў нервова ўзяў новую цыгарэціну, прыкурыў.

— Спыні распускаць язык! — Папунсавеў. — I ўвогуле… Ты што — зноў завёў шурымуры?

«Данясла ўжо нейкая свалачуга», — непрыемна кальнула яму ў сэрца, але ўсё ж спакойна адмахнуўся:

— Паклёп.

— Кінь! — зазлаваў той, што яго падманваюць. — Сігнал ад вас.

«Хто накляпаў? Навуменкаў? Мішка?»

— Кідай бугайнічаць, імпатэнт! Калі пацвердзіцца чутка, то беражыся: цяпер ужо ліпавай паперкай не прыкрыешся!

— Кажу ж, паклёп, Пятровіч.

— А чаму жонку сюды не клічаш? Я сваю выклікаў.

— Вы тут як за сцяной, а я — у пушчы…

— Бандытаў рана-позна вылавім, нелаяльных перасадзім ці пераломім. А што да горада — дык пачакай, адбудзь пакаранне, заслужы давер. Але толькі не бугаёўствам…

«А сам… — абурыўся ў душы Кураглядаў. — Кажуць, цяпер ціскаеш былую маю сакратарку, Святлану, якую ўладкаваў на працу ў раённую газету».

— Хопіць гуляў, — нібы поп, наказаў Уладароў. — Ты ж — не абы-хто, а наша наменклатура. Адпаведна, павінен дбаць не толькі пра свой, але і пра наш аў-тарытэт.

«Дбаць пра наш знешні бляск… — карцела сказаць земляку-двудушніку, але не, так не скажаш. — Але пачакай, зараз добра пстрыкну і табе па носе…»

— Я паслаў ужо ліст жонцы: каб ехала сюды, — кінуў мімаходзь. — А цяпер дазвольце, таварыш першы сакратар райкома партыі, задаць вам не побытавае, а палітычнае пытанне!

Той набычыўся, аж, здаецца, прыпадняўся яго хіб.

— Як зразумець, што якраз гэтым дываном вы заслалі падлогу ў сваім кабінеце?

— Дыван як дыван, — буркнуў той. — Трафейны. Народныя і партыйныя грошы на' яго не патрачаныя.

— Я не пра гэта…

— А пра што?

— А вы як след апусціце вочы долу, прыгледзьцеся да тэтага трафея.

Той насцярожана падняўся з-за стала, агледзеў край дывана, што быў вольны ад крэслаў.

— Кажу ж, дыван як дыван.

— А вы зірніце пільней, — у меру зларадна і ў меру па-змоўніцку прыставаў Кураглядаў, потым таксама падняўся, паднёс насок бота да аднаго са страшных малюнкаў. — Не бачыце, што тут?

Уладароў нагнуўся ніжэй, а потым прысеў — ту жа дзябёлая шыя яго пачала густа налівацца чырванню. Здаецца, дакраніся іголкай да яе, як вось ужо і да шчок, вушэй, дык з іх пырсне, як з пераспелага памідора. Калі ж падхапіўся на ногі, то твару яго было не пазнаць: вус-ны перакасіліся, у вачах застыў дзікі жах (з гэтага дня ён на ўсё жыццё пачне нервова смыкаць ротам).

Вылаяўся шэптам, потым паказаў дрыготкім паль-цам на ўбачаны малюнак:

— Ты калі заўважыў гэта?

— Сёння.

— Паказваў каму? — пачаў нязграбна адшпільваць гаплік на фрэнчы.

— Не.

— Прашу, Апанас, маўчы! — зірнуў з мальбою. Здаецца, скажы, каб ён, старшы, строгі, стаў на калені, пацалаваў бот, дык і кінецца долу, лізне. — Іначай усім нам… — Правёў далоняй па шыі. — Зразумеў?

Падышоў да свайго стала, узяў графін з вадой, але не мог наліць з яго ў шклянку — толькі, сутыкаючыся, звінела шкло аб шкло. Так і не наліў, паставіў графін на месца.

— Сволач, сука гаспадарнік! — засіпеў, знайшоўшы вінаватага. — Бач, што падсунуў! Міну з мінаў! Падлаўлю на нечым, засаджу! — Павярнуўся, схапіў яго за рукі і затрос. — Дзякуй, Апанас! Я ніколі не забуду тваёй дабрыні. Памагу табе ва ўсіх тваіх бедах.

Кінуўся да свайго сейфа, адчыніў яго і дастаў адтуль, з-за папер, пляшку. У ёй было з большую палову канья-ку. Наліў у шклянкі, адну падаў яму.

— Давай, — хітнуў галавой. — Бяры.

Уладароў першы выпіў, лепш сказаць, глытнуў са сваёй шклянкі адным залпам. Сеў і ўжо ўпэўнена закурыў. Выцер хустачкай пот з лоба.

— Не хвалюйся, Пятровіч, усё будзе добра. Толькі тЭрмінова прыбяры з вачэй гэтае ліха, — прамовіў Кураглядаў. Сказаць шчыра, яму было вельмі прыемна, што ўбачыў Уладарова гэтакага перапужанага, але перамагаў сябе, не паказваў сваёй урачыстасці. Канечне, заваяваў права называць свайго ўладнага земляка на «ты».