— Набраўся як свіння, — зноў ударыў яго Кураглядаў, а потым, як дужэйшы, пачаў сам памагаць таму падняцца і ўскараскацца на брычку. Ткнуў лейцы ў рукі, штурхнуў пад рабрыну. — Не спаць! Звалішся — падымаць не буду. I з работы п'янчугу праганю! Пасаджу!
За горадам, дзе іх сустрэла густая і сырая цемень, Кураглядаў заціснуў партфель нагамі, дастаў наган — калі трэба будзе, бараніцца ад бандытаў. Час ад часу тыцкаў кулаком Мішку ў спіну — каб той не заснуў. Мішка войкаў, выгінаўся, але, як адчувалася, тут жа спрабаваў схіліцца набок.
Яго таксама ахутваў сон. Змагаючыся з ім, знаходзіў адзін паратунак — бязлітасна, як ката, таўчы фурмана і крычаць:
— Мішка, не спаць! Мішка?
— Ну што, та-ва-рыш Ку-ра-гля-даў? — ледзь вымавіў той.
— Ты ненавідзіш мяне?
— Не.
— Паважаеш?
— Ага.
— Ненавідзіш альбо паважаеш?
— Ага.
— Што — ага?
— Ага…
Кураглядаў зноў ударыў Мішку:
— Ненавідзіш. Усе вы, чэрці, ненадзейныя. Калі б не наша сіла, дык вы… А Валю?
— Што — Валю?
— Любіш?
— Ну… — зацягнуў той.
— Што — «ну»? Любіш?
— Не-э.
— Чаму?
— Вы любіце…
Сабраўшы ўсе сілы і апошнюю разважлівасць, Кураглядаў хапіў яго за каўнер, прыцягнуў і ткнуў дулам нагана ў скронь.
— Я нічога не маю з Валяй. Ясна? Мішка задыхаўся, мычэў.
— Ясна? — перапытаў.
— Яс-на.
— Яна — вольная. Добрая дзяўчына. I ты, друг сітцавы, возьмеш яе замуж.
— Не-э.
— Застрэлю гада! — мацней ткнуў наганам. — Тлуміў-тлуміў дзяўчыне галаву, даваў ёй надзею, перабягаў дарогу іншым — і ў кусты? Не дазволю! Антычалавечна і антымаральна! Гавары, сволач, што возьмеш, а то хопіш зараз кулю! Ну!
— Таварыш Кураглядаў…
— Ну-у!!!
— Вазьму, — плаксіва выдыхнуў Мішка.
— Вось так, — Кураглядаў задаволіўся, цмокнуў яго ў шчаку і адпіхнуў. — Заўтра ж запішу вас. Ты, ёлупень, нават не здагадваешся, якая дзеўка табе дастанецца! Адукаваная, пры добрай рабоце. Не тое што лепшая, а нават іншая такая, як Валя, за цябе, таўкача, не пойдзе!
Мішка адчайна скуголіў сам сабе; Кураглядаў яшчэ нейкі час пагудзеў абы-што, у што і сам не верыў, а по-тым пачаў быццам кудысьці правальвацца: боўтне галавой, адключыцца ад усяго — тут жа ўздрыгне, наставіць у цемень наган, пабудзе хвіліну-другую напружаны, а затым зноў бултыхне. Як ні змагаўся, усё ж не ўстояў, здаўся сну. Цяжка мусіў ачомвацца толькі ўжо каля сельсавета — да яго давёз іх, абодвух сонных, кемны конь, а пабудзіў, сцягнуў з брычкі і завалок у хату вартаўнік. Праўда, хоць быў малапрытомны, але нагана і партфеля Кураглядаў з рук не выпусціў, з імі ў абдым-ку зноў упаў у сон ужо на сваім ложку.
15
Сёння, за тыдні два да мая, янкавінскія мужчыны перажывалі своеасаблівае ўзрушэнне: на ўкапаныя ў грунт камяні (па кутах і на пасяродку) пачалі ладзіць тоўстыя, абрэзаныя пілой бярвёны — першы вянок школьнага зруба.
Францішак Грыгарцэвіч (ён сам па сабе камандаваў усімі) укладваў, прымяркоўваў бярвёны з грунтвагаю, а яго пляменнік, Сцяпан, чыркаў алоўкам, пазначаючы, дзе што трэба падрэзаць, падчасаць, дзе высекчы альбо выдзяўбці, — рашылі рубіць не папростаму, як амаль усе рубілі ў вёсцы, а на нямецкі манер, у гладкі вугол. Сцяпан алоўкам і адмыслова зробленым калочкам пазначаў таксама, дзе, як тут казалі, выбіраць драчку — каб бервяно шчыльна легла на бервяно. Абодва, дзядзь-ка і пляменнік, пільна сачылі, як хто рэжа, высякае і выбірае, падпраўлялі тое-сёе сякерай ці долатам, давалі каманду слаць мох, класці бярвёны, падганялі, а потым даручалі выкруціць тэбелем дзюркі і загнаць у іх калоч-кі — змацаваць вянкі, а заадно не спускалі вока з ін-шых — тых, хто часаў вярхоўе на кроквы, з нарэзаных ужо круглякоў драў спецыяльным вялізным нажом стружку, і ўсе ім падпарадкоўваліся. Як самым здольным і спрытным да цяслярскай работы. Ладзілі ўсё, на першы погляд, марудна, не спяшаючыся, але няўхільна, грунтоўна, і к вечару ўжо жаўцеўся зруб на ўзроўні грудзіны з вызначэннем, дзе будуць вокны, дзверы і глухія сцены.
Калі зашарэлася і той-сёй хацеў ужо ісці дадому, Францішак загадаў не адкладаць, а сёння паставіць рыштаванне — каб заўтра з раніцы класці новыя вянкі: хутка трэба будзе сеяць, садзіць бульбу, а там не агле-дзішся, як прыйдзе пара сенакосу, дык часу на будоўлю будзе вельмі мала.
Калі ўчопвалі слупы, падышла паштарка. Высокая, гонкая, заўсёды хмурная Гэля. Прынесла пошту ім, будаўнікам, а таксама хутаранцам. Сёння быў надзвычай хвалюючы дзень для Францішка Грыгарцэвіча: ён атрымаў не толькі раённую газету «Сталинский путь», але і адразу два трохкутнія лісты з вайсковымі штэмпелямі.