Выбрать главу

— Дык чалавек, што не хоча калхозаў, не парушае канстытуцыі?

Следчы яшчэ болей сумеўся.

— Калі так, дык за што яго судзіць? — наступаў Грыгарцэвіч. — За тое, што стаіць на дарозе, замінае? Але тады ці не парушаеце канстытуцыю вы, што не даіцё чалавеку падумаць, выбраць штосьці пэўнае адно, урэшце, што не даіцё чалавеку жыць па законе? Хто даў вам права вышэй канстытуцыі дыктаваць толькі адно сваё?

— Сапраўды, вы не прасцячок, — запунсавеў Клімянок. — Сапраўды небяспечны.

— А чым жа я вам так страшны? — узгарачыўся стары.

— Тым, што вы — вялікі дэмагог.

— Які — «дэмагог»? Я не разумею такіх разумных слоў.

— Даяце лішнюю волю языку і ўсё перакручваеце. Паслухаеш вас — нібы ўсё праўдападобна. А на самай справе — дэмагогія і нянавісць да Савецкай улады.

— Як я ведаю, канстытуцыя не дае права гвалтам скідаць уладу, але яна дазваляе думаць…

— Кіньце гэтыя вашыя буржуазныя, кулацкія замашкі! — упершыню, пунсавеючы, страціў раўнавагу, павысіў голас Клімянок. — Савецкі лад — самы дэмакратычны і гуманны ў свеце!

— Я не супраць, але вы дарма не чапляйцеся, не кідайце цень на лад…

— Мы ажыццяўляем тое, што хоча пралетарыят, увесь працоўны народ!

— Ды і я не чужы. З народу.

— Вы, — пыхцуў Клімянок, — вы — аднаасобнік. Ідзяце супраць агульнай народнай лініі.

— А вы?

— Што — мы?

— Робіце ўсё толькі па законе, толькі тое, што хоча народ?

— Толькі.

— А чаму тады ўсе перад вамі дрыжаць?

— Вы кідаеце цень на нашы органы, — узяў сябе ў рукі Клімянок, — але я адкажу і на ваш варожы выпад супраць нас. Перад намі дрыжаць найперш зламысныя людзі.

«Каб жа гэта было так!» — хацеў хмыкнуць Грыгарцэвіч, але стрымаўся: сюды ўзялі не для таго, каб спрачацца альбо нават пагутарыць, сюды ўзялі па іншай, можа, нават і па невядомай гэтаму служаку прычыне. Ім, людзям у пагонах і пры зброі, далі толькі поўную волю ціснуць у кут і аддаваць пад суд.

— А што будзе, калі я сам на сябе падпішу лухту?

— Чаму — «лухту»? Чаму не чыстасардэчнае прызнанне і пакаянне? — той вёў толькі сваё.

— Дык што будзе?

— Я ж казаў: вашу справу будзе разглядаць суд. Калі ён убачыць, што вы каецеся за свае антысавецкія ўчынкі, хочаце быць сумленным савецкім чалавекам, дык ён можа вас толькі перасцерагчы альбо значна знізіць кару. — Падрыхтаваў паперу, самапіску. — Дык што — згодныя ступіць на правільны шлях?

— Нагаворваць на сябе я нічога не буду. Значыць…

— Ну што ж, — Клімянок падаў яму пратакол, каб падпісаў яго, а калі ён чыркнуў сваё прозвішча, схаваў ліст у папку. — Я хацеў вам памагчы, але вы не пайшлі мне насустрач. Наракайце самі на сябе. Далей вашай справай будзе займацца той таварыш, з якім вы ўжо знаёмыя. Ён з вамі так, як я, цырымоніцца не будзе.

19

Праз некалькі дзён, калі Грыгарцэвіча яшчэ раз сцягалі на допыт — да сярдзітага лейтэнанта, зусім нечака-на ў камеры заявіўся яго аднавясковец, пляменнік Сцяпан. Ступіў нясмела, як кожны навічок, мала што бача-чы тут пасля светлага двара. Разгублены, а то, бадай, і ашаломлены.

Грыгарцэвіч-дзядзька ўзбуджана памкнуўся на-сустрач, паціснуў руку:

— Прыйшоў праведаць? — і не даючы адказаць, зноў запытаў: — А дзе мой Стась?

Сцяпан — ужо не ў кажушку (за гэты тыдзень, як ба-чыў стары на прагулянках, значна пацяплела, дык той быў у ботах і суконным касцюме — галіфэ і фрэнчы з невялікім каўнерыкам), свежа падстрыжаны і паголены — збянтэжана прамовіў:

— Мяне, дзядзька, арыштавалі.

— Як? — здзівіўся. — За што?

— Проста. Перадалі: вы просіце, каб я прыйшоў да вас. Прыйшоў — а мяне спачатку да следчага, а потым — сюды…

— Я не прасіў, каб якраз ты прыйшоў, — апраўдаўся стары. — Я прасіў, каб пабачыцца са Стасем.

— Стась разы тры быў тут, але яго да вас не дапусцілі. Грыгарцэвіч заматаў у бакі галавою: божа ты мой, што робіцца! Калі ён на апошнім допыце папрасіў, каб дазволілі сустрэцца з сынам і пагаварыць з тым пра гаспадарскія клопаты, дык хмурны лейтэнант буркнуў, што яны перадалі ўжо вестку пра яго Стасю, але той адмаўляецца бачыць бацькуворага. Ажно ўсё гэта не так.

— Мне, хлопец, кажуць: я ганьбіў Саветы, — прамовіў. — А да цябе за што прычапіліся?

— За тое ж.

— Дык мы з табой, хлопец, вялікія паліціканты! Гасударственныя праступнікі! — зноў гаротна заматаў галавою стары. — Сніць не сніў, што на старасці апынуся за кратамі, буду цярпець такую ганьбу!

Сцяпан паныла змаўчаў.

— Курашчуп пракляты аббрахаў і падаткнуў нас з табою!

Як і кожны раз, калі ўпіхалі новага чалавека, падскочыў нахабны нізкарослік — спачатку збянтэжыць альбо нават шакіраваць, а потым дабіцца ад таго паклону Прафесару.