— Я многае ведаю… — неяк урачыста ўздыхнуў той. — Знутры, так сказаць… Вусаты ўтаптаў дык утаптаў усё! На вякі! Сам памрэ, але ўсё яго застанецца! Непарушнае! Бо яно выгаднае тым, хто выбіўся, падняўся ўверх па чалавечых касцях! Вось так, Франц Адамавіч. Невыпадкова вы са сваім пляменнікам тут… Вы паўтараеце лёс моцных гаспадароў перад калектывізацыяй у нас там. Так ужо заведзена з семнаццатага: ёсць разумны, талковы чалавек — ёсць праблема, няма яго — няма праблемы. Без вас будзе значна лягчэй усталёўваць новы лад.
— Які гэта? — запытаў Францішак.
— Калгасны. Калі трэба будзе ўсіх уроўніваць. Але своеасабліва. Не падымаць беднага, няўдалага да здольнага і багатага, а гэтага, апошняга, знішчыць альбо апусціць да першага. Ды вы ж, канечне, будзеце супраціўляцца.
— Што — будзе лепш з тымі, хто не ўмее гаспадарыць?!
— Не, не будзе, Франц Адамавіч. Але я не ведаю: чаму так не трэба ім гаспадар, майстра, смелы і глыбокі вучоны, творца — адным словам, асоба! Карацей, вы — БССР. Будуем Самі Сабе Рабства…
— Чорт тут яго разбярэ, — махнуў рукой Грыгарцэвіч. — Хіба нам да паліцікі? Наша паліціка — плуг, піла, каса…
— Наіўны і добры вы чалавек, Франц Адамавіч. На такіх, як вы, свет трымаецца, — пасміхнуўся чалавек у акулярах і белым шаліку. — Шкода мне вас. Вы калі і ўцалееце, то ў шмат чым, як гаварыў ужо, расчаруецеся… Але раю: не ўпірайцеся на допытах, прызнавайцеся і падпісвайце ўсё. Лепш будзе. Сюды вароты адчыняюцца шырока, адсюль — вузенька… Выпусціць вас — прызнаць сваю памылку. На гэта тут ніхто не ішоў і не пойдзе, іначай сам загрыміць… «Партня н органы не ошнбаются!» Святыя і непагрэшныя!
Праз некалькі дзён «207-га» зноў паклікалі на допыт.
Не было яго дзён пяць; усе ў камеры, асабліва кемны чалавек у акулярах і белым шаліку, рашылі: таго адправілі ў вобласць альбо ў сталіцу. Пра тое, што яго маглі адпусціць дадому, «няма і не можа быць гамонкі», як сказаў знаўца «савецкай юрыспрудэнцыі». Але стары вярнуўся — яго ўвалаклі пад рукі ў камеру, кінулі на дол, быццам куль саломы, два рослыя ахоўнікі.
Сцяпан разам з нізкарослікам (таму загадаў Прафесар) паднялі дзядзьку, паклалі на лаўку — той быў прытомны, але не адплюшчваў вачэй і стагнаў.
— Быў «на канвееры», дабіваліся «добраахвотнага прызнання»… — «вучона» прамовіў Прафесар, сеўшы на лаўцы і пазіраючы на ледзь жывога небараку. — Цікава: «раскалоўся» ці не?
— Піць, — прашаптаў-папрасіў дзядзька. Прафесар матлянуў галавой — нізкарослік шпарка зачэрпнуў з вядра вады і падаў скрыўлены алюмініевы кубак. Сцяпан падняў дзядзькаву галаву і прыклаў да яго пасінелых вуснаў край кубка — стары здолеў толькі ледзь-ледзь разамкнуць губы і разоў колькі глытнуць зу-сім крыху, а астатняя вада пацякла па аброслым падбародку і па шыі.
— М-да, — цмокнуў Прафесар. — Звалілі старога.
Той заціх, нават замёр. Сцяпан, спалохаўшыся, прыклаў вуха да яго грудзіны — не, сэрца білася, проста знясілены дзядзька раптоўна заснуў.
Спаў ён нямала. Цэлыя суткі. Калі абудзіўся, дык адразу паклікаў яго, пляменніка.
— Сцяпанка, — загаварыў слабым голасам. — Выбачай мне, сынок…
— За што, дзядзька? — запытаў ён, рады, што дзядзька ажывіўся.
— Вінаваты я… I перад тваім бацькам, і перад табою. Калі Уладзя паміраў, я сказаў, што дагледжу цябе, на добры пуць настаўлю, заўсёды памагу, аж… Прадаў я цябе, Сцяпанка…
— Пра што вы гаворыце, дзядзька?
— Здаўся я… — звычайна малагаваркі, спакойны і цярплівы, стары захлімзаў. Як дзіця альбо хуткая да слёз кабета. — Суткамі не давалі спаць: адзін дапытвае, трасе, пойдзе — тады другі прыходзіць, па-свойму лезе ў душу, ганьбіць… Цэлымі днямі я стаяў на нагах альбо сядзеў на крэсле нерухома. Калі падаў, аблівалі вадой. А потым ушчамлялі пальцы ў дзверы… I я не вытрываў болю, здаўся. Падпісаў усё, што падсунулі. I на сябе, і на цябе. Выбачай, Сцяпанка, за грэх мой вялікі.
Сцяпан адчуў: душа яго ападае, халаднее — што ні кажы, а калі прызнаеш за сабой грахі, то прызнаеш, што і грэшны. Цяпер ужо могуць судзіць і засудзіць надоўга.
— Я ж вас перасцерагаў, Франц Адамавіч, — умяшаўся ў гамонку Прафесар. — Адразу не трэба было адмаўляцца, падпісваць усё, што давалі. З вамі, палітычнымі, асобая гаворка.
— Адыдзі… — з нянавісцю прашаптаў стары. — Ты тут павучаў, малоў усякае, а там на нас нагаворваў… Паганец ты! Зладзюган! Прадажнік!
— Ды не Робін Гуд альбо Дон-Кіхот…
— Сволач!
— Вы, лапух, сталі ахвярай у гэтай сітуацыі… — раптоўна змяніўся Прафесар, і яго ранейшы ласкавы голас напоўніўся бязлітаснасцю, а прыемны твар падсвяціўся нялюдскай чарнатою. — Вы трапілі ў сілавое поле ін-шых, невядомых яшчэ вам, законаў таго страшнага мацерыка, пра які я гаварыў вам раней… Там ёсць адзін жалезны прынцып: усім нам паміраць, але ты памры сёння, а я памру заўтра…