Выбрать главу

Гэтыя дні была «павышаная гатоўнасць», калі, можа, у кожную хвіліну трэба будзе «прымаць рашучыя меры» — калі хтосьці ці не захоча здаваць бульбу-насенку, ці забунтуе, пойдзе на тэрарыстычны акт. Кураглядаў сам мала стыкаўся дома, мала спаў і іншых ганяў: Клопікава паслаў збіраць даніну ў Хатаву і бліжэйшыя да яе вёсачкі і хутары, Навуменкава — у Дзераўную, Ва-лянціну — у Ніўнае, тутэйшаму дэпутату і Мішку даручыў Янкавіны. Сам сядзеў у «штабе» і «кіраваў аперацыяй», прымаў сабранае і браў яго пад замок у сельсавецкім гумне, дзверы якога пачаў вартаваць яго любімец Дзік.

Толькі што з Мішкам унеслі ў гумно мяшкі з сабранай у Янкавінах бульбай; Мішка паехаў па новую долю, а ён, яшчэ раз акінуўшы вокам, колькі тут чаго (на многіх мяхах былі прышытыя латкі, а на іх напісаны насліненым алоўкам прозвішчы гаспадароў), закрочыў у сельсавет, любуючыся ўжо даволі цёплым красавіцкім сонцам ды думаючы, што трэба паклікаць у сельсавет настаўніцу і запытаць, як і што яна робіць да блізкага майскага свята: колькі і якія напісала транспаранты і лозунгі, як і колькі яе вучні вывучылі святочных вершаў і песень.

Падняў галаву: ці не відаць паблізу каго, каб паслаць яго па Ніну Іванаўну. Ага, каля сельсавецкага ганка жанчына. З дзіцем на руках. Марыся, кавалёва жонка.

Узбудзілася, часцей заштуршкавала сэрца: прыйшла вясковая красуня. Сама. Вунь ласкава, а то і лісліва зазірае амаль блакітнымі вочкамі, ловіць ягоны позірк і нібы смыляе вуснамі — не то ад сардэчнага болю, не то ад плачу, што вось-вось можа вырвацца на волю. Ён жа, Кураглядаў, учэпіста акінуў позіркам яе бліскучыя чорныя боцікі, якія яна, як і кожная тут жанчына, абувае толькі ў вялікія святы ці калі ідзе да касцёла, а пас-ля абмацаў вачыма не шырокія, але, як адчуваецца, вабныя, прыткія клубы пад шэрай спадніцай, напнуты ад грудзей паўсачак, высокую шыю і далікатны, мілы тварык і ў той жа час непрыхільна зірнуў на насупленае дзіця, вельмі ж падобнае на бацьку, на гордага і дзёрзкага Сцяпана.

Зразумеў: гордая жонка гордага мужа прыйшла да яго, самага ўладнага тут чалавека. Канечне, з адмысловай просьбай. Ён знарочыста надзьмуўся, буркнуў сваё «Здравствуй» і закрочыў да вуліцы.

Як і чакаў, пачуў услед:

— Таварыш Кураглядаў! Я да вас…

— Пачакайце, — кінуў амаль не азіраючыся. — У мяне ёсць свая важная справа.

Выйшаў на вуліцу. Нідзе нікога. Тады сам пайшоў у школу. Уласна, школы яшчэ не было, яшчэ і цяпер першы ды трэці клас вучыліся ў адной хаце, а другі ды чацвёрты — у іншай. Школа, для якой цяпер сохнуць дошкі на падлогу і столь, робяцца вокны, павінна быць ужо з гзтай восені. Як яго важкі ўклад у новае жыццё, што павінен павярнуць розумы і душы янкавінцаў у зу-сім іншы, савецкі, бок.

Паклікаў настаўніцу на двор і пагутарыў-пагавэндзіў з ёй не менш як паўгадзіны. Паволі вярнуўшыся, убачыў: Марыся цярпліва чакае яго каля сельсавета.

Цяпер, зблізку, угледзеў: зблажэла за апошні час — кругі пад вачыма, распухлыя ад слёз вусны. Алё ўсё роўна прыгожая.

— Да мяне? Па дзелу?

— Ага. Ну…

— Хадзем у кабінет.

— Можа, вы тут паслухаеце? — папрасіла Марыся, не хочучы заходзіць з ім у будыніну.

— Я — старшыня сельсавета, а не базарная баба, каб разводзіць абы-дзе гавэнды, — прамовіў сурова, адчуваючы, што сёння ўжо не ён, а яна будзе ліслівіць перад ім. — Я па справах, як грамадскіх, так і асабістых, прымаю наведвальнікаў толькі на сваім рабочым, гэта значыць, дзяржаўвым месцы.

Сказаў і пайшоў у будыніну. Пачуў: тупае ўслед. Перамагае сваю гордасць ды недаступнасць. Зайшоўшы ў свой пакой, пакінуў дзверы незачыненымі, зняў з галавы фуражку. Нечакана штосьці гарэзнае — можа, і ад радаснага адчування поспеху над красуняй — пад'ю-шчыла, і ён нечакана нават для сябе дзёрзка накінуў фуражку гіпсаваму бюсту на галаву. Той адразу з цы-вільнага чалавека стаў падобны на вайскоўца і, каб акуляры, дык, здаецца, рыхтык быў бы Троцкі, калі той ка-мандаваў Чырвонай Арміяй. Зайшоўшы, Марыся ўбачыла яго гэты жарт, але, здаецца, зусім не пазважала, заклапочаная сваімі турботамі.

Ён зноў нечакана адчуў яшчэ адно пачуццё — холаду і страху.

«Фу ты! Як хлапчук фактычна зрабіў правіннасць. Можна шкрэбнуць на мяне данос за знявагу правадыра. Дык пацягнулі б туды, дзе во яе Сцяпан. Але яна пісаць не будзе: папершае, не падумае нават, што гэта правіннасць, па-другое, ёй не да таго, а па-трэцяе, у іх, многіх янкавінцаў, няма бацыл альбо вірусу данос-ніцтва…»

На ўсякі выпадак, нібы між іншым, усё ж забраў фуражку, паклаў яе перад сабой на стале. Марыся за гэты час прысела на адным з крэслаў. З самага краю, каля дзвярэй. Пасадзіла дзіця на калені.