Выбрать главу

— Я сам сабе не падабаюся…

— Што такое?

— Здаецца, пасадзяць іх…

— Пасадзяць. I не тут, а запруць у Сібір.

Мішка змаўчаў, закусаў ніжнюю адтапыраную губу.

— Ты што — каешся? Перажываеш, што свядома пацвердзіў антысавецкі змест размоў кулака-хутараніна і яго родзіча?

— Ці вялікая каму шкода, што нехта сказаў згарача тое-сёе?!

— Вялікая! Небяспечная! — і Мішку, і самога сябе пачаў пераконваць Кураглядаў. — Ён сеяў паганае зерне, якое магло б даць страшныя ўсходы! Ты таксама, гляджу, няпросты шпянёк. Часамі, як падгледжваў, падоўгу пазіраеш на захад і шматзначна ўсміхаешся… Пытанне: чаму, чаго пазіраеш на захад? Чаму, чаго ўсміхаешся? Тут ёсць свая дыялектыка!

Мішка аж вылупіў вочы: што — гэта грэх? Пазіраць на захад сонца?

— Нечага глядзець на захад, глядзі на ўсход! Бо трэба заўсёды і ва ўсім арыентавацца толькі на Маскву! Зразумеў дыялектыку?

Мішка ўсё зразумеў, але ўсё роўна быў уражаны.

— Зразумеў? — перапытаў Кураглядаў.

— Зразумеў.

— Малайчына! — усміхнуўся Кураглядаў. — Ну, а цяпер, друг, прызнавайся як на споведзі: чаго быў у ваенкамаце?

— Па клопатах.

— Па якіх!

Мішка зусім звяў, хоць у іншых выпадках мог бы выкруціцца. Ведае, канечне: мала што Кураглядаву ска-залі пра яго нечаканы візіт у ваенкамат, дык яшчэ і сам здагадваецца, чаму быў ён, гэты візіт.

— Скрытны і вераломны! Хацеў нават мяне абмануць! — нібы пакрыўдзіўся, а на самай справе абурыўся Кураглядаў. — I яшчэ. Як гэта зразумець: калі тыдзень таму вярталіся ноччу з раёна, дык ты ўсю дарогу прыставаў да мяне: «Хачу ўзяць замуж Валю», «Хачу ўзяць замуж Валю». А цяпер — як вады ў рот набраў. Ці насцёбаўся тады да адключкі, нічога не помніш?

Мішка падняў галаву, зірнуў спадылба і непрыязна. Які не быў тады п'яны, а помніць, што якраз гэта ён, Кураглядаў, чапляўся: бяры замуж Валю ды тыцкаў у скронь наганам. Гэтыя дні, прадчуваючы нядобрае, хацеў даць драла з вёскі, сам прасіўся ў войска, але не ўзя-лі (Кураглядаву пазваніў знаёмы ваенкаматавец і па-жартаваў: «Ты чаго свайго вадзіцеля давёў да таго, што сам прыбег прасіцца ў армію?»).

— Дзе твая заява? — атакаваў яго Кураглядаў.

— Якая заява? — пабялеў Мішка.

— Ты што — дурня строіш?! — закрычаў, а пасля загадаў: — Ідзі сюды!

Падсунуў ліст белай паперы, даў сваю самапіску.

— На, пішы, — прамовіў лагодна, усміхнуўся. — А ўвечар Валю абрадуем…

Мішка ўсё зразумеў, зірнуў з мальбою:

— Апанас Лукіч, я не хачу…

— Што! Бабы, дзеўкі не хочаш?

— Я жаніцца не хачу.

— Цыц, такую тваю! — Кураглядаў непрыстойна вылаяўся і грукнуў па стале кулаком. — Не злуй мяне! Гэта ўжо вырашана: ты, якраз ты, наш чалавек, бярэш замуж Валю, якую любіш і ў свой час спакушаў і, канечне ж, спакусіў. Яна ў цябе закаханая па вушы. Ну і на здароўе!

— Апанас Лукіч… — зноў узмаліўся Мішка. — Кажу ж, я не думаю яшчэ жаніцца. Мы другую палову хаты яшчэ не абладзілі, а па-другое, у нас робяць вяселлі ўвосень, калі ёсць новая мука, бульба, свежаніна.

— Даю, гад, адну, толькі адну хвіліну на роздум… — працадзіў скрозь зубы Кураглядаў. — Праз хвіліну здымаю вось гэтую трубку і званю ў раён: прыязджайце і забірайце ярага антысаветчыка, пасобніка контррэвалюцыянераў, які кожны вечар з надзеяй пазірае на Захад, а да ўсяго хацеў зрабіць замах на мяне, старшыню сельсавета! — Зірнуў на гадзіннік на валасатай руцэ. — Паўхвіліны засталося, дваццаць секунд, пяць… Усё! Канец ультыматуму!

— Што і як пісаць? — здаўся, лічы, захлімзаў Мішка, дрыготкай рукой узяў самапіску, сеў каля яго стала.

— Пішы на маё імя заяву, што ўжо даўно… ну, не меней чатырох-пяці месяцаў, вельмі любіш Валянціну Казіміраўну Зубрэвіч і хочаш зарэгістраваць з ёю шлюб.

Ён пераможна і ўрачыста дыктаваў тое, што ў патрэб-ны момант можа выратаваць асабіста яго, а Мішка па-слухмяна ўсё гэта крэмзаў.

Калі той, успацеўшы, скончыў пісаць, узяў па-перыну, зморшчыўся:

— Ну і пішаш жа ты! Як курыца лапай. Ты колькі класаў польскай школы маеш?

— Два.

— Відаць… — прамовіў, але болей на гэты конт устрымаўся гаварыць (у самога не большая адукацыя, чатыры класы). Задаволіўся, схаваў заяву ў сейф. — З Валяй будзеш жыць прыпяваючы. Абое маладыя, на добрай рабоце, пад маім надзейным крылом… — Падняўся, прытуліў зусім скіслага жаніха. — Мужчына будзеш. Не Мішка, а дзядзька Міхал, як тут у вас кажуць, ці, па-нашаму, Міхаіл Пятровіч. Муж. Гаспадар. Жанаты — зусім іншы чалавек… Ну, чаго глюгу звесіў? Лесу на сваю хату дам! Грашовую помач! Будуць калгасы — калі не старшынёй, дык абавязкова намеснікам старшыні зраблю! Табе яшчэ ўсе тут у ногі кланяцца будуць! Як начальніку! Карацей, трымайся за мяне — не прападзеш! — Панізіў голас, сказаў паўшэптам: — Сёння, пад гадзін дванаццаць ночы, падыходзьце сюды з бацькам, пару мяшкоў бульбы дам…