Выбрать главу

Юрась Нераток

Закуцце

Апавяданні

ЗАКУЦЦЕ

ПАГАНСКАЯ ФАНТАЗІЯ

Лічыць сябе хрысціянамі і называць Ражство Хрыстова Калядамі, блытаць Сёмуху з Тройцай, адзначаць Радаўніцу і Дзяды? Саромецца слова “паганства”, што прыйшло з мовы элінаў? Перажагнаўшыся, скакаць праз вогнішча, а пасля шукаць папараць- кветку?У хрысціянскае свята ісці на могілкі з пітвом і закуссю?

..А чаму бі не?

Аўтар

- Ну, чаго тырчыш, як ідал драўляны?! - круглая шыракабёдрая цётка светла-паласатай сумкай сапхнула Кірыла Градоўскага з прыступкі вакзальнага выхаду.

- Я не драўляны. Я - з душы і цела, - машынальна адказаў Градоўскі. І патлумачыў: - Задумаўся...

Кірыл Ігаравіч Градоўскі і сапраўды асэнсоўваў гутарку са старшынёй мясцовага літаратурна-краязнаўчага аб’яднання “Зьнчъ”, з якім развітаўся хвілін сорак таму.

...Нават калі ляцець на верталёце над гэтымі балоцістымі лясамі, яны ўяўляюцца бяскрайнімі. Неабсяжны ярка-зялёны летам і бура-зялёны на белым зімой ландшафт, які за тысячагоддзі адшліфавала ўсёмагутная прырода.

Мяркуюць, што перад апошнім чацвярцічным перыядам тут нястрымна плёскаліся бязмежныя хвалі цёплага мора, назва якога, калі і была, сцерлася ў нябыце. Лёд з поўначы зрушыў узгоркі, горы, пахаваў пад імі акваторыю - і толькі Усявышні ведае, што робіцца пад кавалкамі цвёрдай і ворнай глебы, на якіх праз пэўны час атабарыліся людзі.

Прыехалі сюды неяк геолагі, правяралі, ці не тоіць непраходная багна нафту. Так і з’ехалі ні з чым - сейсмографы сведчылі то аб бяздонных падземных плынях, то аб гіганцкіх пустотах. Урэшце размытую справаздачу завяршылі адмыслова канкрэтнай высновай: “У наш час распрацоўка радовішчаў немагчымая, у бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў - немэтазгодная”.

Эх, людзі-людзі! Якія “пяцьдзесят гадоў”?! Вы нават не кватаруеце на гэтай планеце, бо кватарант хоць у нечым роўня гаспадару. Вы - пыл, які задзірысты вецер можа развеяць ва ўсе бакі, маркотны дождж - размыць у гразь, раз’юшаны мароз - ацвердзіць у камень. А потым усё паўторыцца тысячы разоў! Ёй, усёмагутнай Прыродзе, абыякава, існуяце вы ці не. І пазірае яна з халодным спакоем вечнасці на вас, часовых прыблудаў. І можаце вы вытвараць, што толькі ў галаву ўзбрыдзе: высякаць лясы, асушваць балоты, паварочваць рачныя плыні - толькі сабе горш зробіце. Пройдзе некалькі тысячагоддзяў, а не пашчасціць - стагоддзяў, і след ад вас і вашых спраў згіне: дрэва струхлее ў глебу, на якой уздымуцца новыя лясы, жалеза ссыплецца ржой і зноўку спрасуецца ў руду, бетон і шкло здрабнеюць у пясок і збяруцца ў залежы. І вам, што з зямлі чарвякамі выпаўзлі, да яе сваімі атамамі прытуліцца давядзецца. І не заўважаць вашага знікнення, як і не звяртаюць увагі на вашу прысутнасць, ні вечная Зямля, ні звышвечнае Сонца.

І хто ўспомніць тады, што былі вы тут калісьці? Хіба што далёкія нашчадкі невядомай мошкі, якую вы інстынктыўна забілі пстрычкай. Ім наканавана перажыць вас.

...Патанула ў глыбінях стагоддзяў і сама праўда аб з’яўленні тутэйшых людзей. Парастаюць мохам паданні, што ад пакалення да пакалення губляюць дакладнасць і адпаведнасць ісціне з-за недасканаласці чалавечай памяці і спрадвечнай звычкі прыхарошваць і сімвалізаваць з’явы мінулага.

Наведваліся сюды і этнографы, вывучалі мясцовую гаворку, запісвалі легенды і быліны. Было гэта яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, і сённяшнія даследчыкі, грунтуючыся на іх дадзеных як на гістарычных дакументах, лічаць: першыя пасяленцы прыйшлі ў гэтыя мясціны паўтара тысячагоддзя таму. Мяркуюць, што належалі яны да рэшткаў некалі ваяўнічага, а пазней практычна вынішчанага ворагамі раўніннага племені корычаў. Зрэшты, бясспрэчна тое, што прозвішча “Корыч” існуе ў наваколлі з тых часін, калі чарговаму цару прыйшла думка ашчаслівіць прозвішчамі ўсіх сваіх падданых.

Прытоеная між балотамі вёсачка мае ўтульную і таямнічую назву - Закуцце. Нават паходжанне назвы ў мясцовых краязнаўцаў выклікае рознагалоссе: патрыятычная версія - куток зацішны, афіцыйная - памяць пра каваля Данілу, які паўтара стагоддзя таму кайданы кляпаў.

Схаванае ад астатняга свету Закуцце з райцэнтрам Дзежынам паўкругам злучана прасёлкавай дарогай праз Рудню, прамысловы пасёлак. Але гэтая грунтавая дарога, пасечаная каранямі векавых дрэў і ўезджаная гусенічнымі трактарамі да глыбокіх каляін, час ад часу робіцца непралазнай - то ад ліўневых дажджоў, то ад зімовых завірух. Таму аўтобуснага маршрута ў Закуцце няма. А з улікам бесперспектыўнасці вёскі і дзіравага, як старое рэшата, раённага бюджэту будаўніцтва дарогі пераносяць з года ў год, з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе. Таму калі і выбіраўся хто з закуцян у Дзежын, дык да Рудні даводзілася мясіць гразь дзевяць кіламетраў завілістым і змрочным, як намеры нячысціка, шляхам. Паляўнічыя казалі, што напрасткі можна і праз шэсць кіламетраў дабрацца. Ды неяк адзін з іх не вярнуўся...