Выбрать главу

— Дзядзька Анту, вы махнулі рукою, і кракадзіл уцёк, — сказаў я.

— Гэта не кракадзіл. Я разявіў рот:

— А хто?

— Гэта яшчарка — ігуана. Яна баіцца чалавека, уцякае ад яго.

Дзіўная краіна! Жабы і лягушкі нападаюць на людзей, а яшчарка велічынёю з кракадзіла ўцякае ад чалавека.

— Масо! — неспадзявана крыкнуў Піучэн.

— Дзе? — запытаў Санча.

Піучэн нагнуўся і выцягнуў з кустоў нейкі драўляны молат.

— Дзядзька Анту, а што такое масо? — пацікавіўся я.

— Масо здавён рабілі мапучэ з карнявішча дрэў. Гэтай прыладай убіваюць палі, слупы, калы, калі будуюць хаціну.

Сапраўды, іхняе масо падобна на наш молат. Раней у нас молаты рабілі з дрэва. Тысячы кіламетраў аддзяляюць нашы вёскі ад тутэйшых, а людзі прыдумалі падобныя прадметы.

Піучэн кінуў масо на зямлю, ашчэрыўся:

— Індзейцы схавалі масо ў кустах.

— Ну і што? — прамовіў Санча.

— Трэба іх прымусіць, каб плыт нам зрабілі.

— Трэба, — падхапіў Чон-чон. Санча шчоўкнуў затворам аўтамата.

— Калі яшчэ раз пра гэта пачую, то пушчу кулю ў лоб. Чон-чон вылупіў вочы:

— Кулю?

Санча плюнуў пад ногі.

— Ніхто не павінен ведаць, што мы паплывем уніз. Мы павінны растварыцца ў джунглях. Зразумела?

— Зразумела, — працадзіў праз зубы Чон-чон.

— Мы абавязкова даплывем да паселішча мапучэ. Залатая дзіда будзе ў нашых руках.

— Адсохнуць вашы рукі,— паціху сказаў Анту. Бандыты селі на траву. Я ўзяўся за ручку масо, прыўзняў.

— Цяжкае, — кажу. — Не меней, чым дваццаць кілаграмаў. Трэба добрую сілу мець, каб падняць яго над галавою і кол забіць.

— У нас заўжды паважалі дужых людзей. У нас нават праводзілася спаборніцтва, у час якога можна было паказаць сілу, — сказаў Анту.

— Якое спаборніцтва? — пацікавілася Алеся.

— Хто даўжэй бервяно ўтрымае.

— Якое бервяно? — не зразумела Алеся.

— Выбіралі цяжэйшае, пад сто кілаграмаў вагою. Пераможцам станавіўся той, хто ўтрымліваў яго найдаўжэй, не сыходзячы з месца. Некаторыя мужчыны, бывала, усю ноч яго трымалі.

Я хацеў запытаць у Анту, якія яшчэ спаборніцтвы ў іх праводзілі, ды пачуў, як Кайф ціха сказаў:

— Кайман, давай адыдземся на хвілінку. Нешта скажу.

— Тут кажы, — пазяхнуў Кайман.

— Не хачу, каб чулі.

— Сакрэт?

— Сакрэт. Хадзем.

Кайф і Кайман усталі і пасунуліся ў кусты. Я моўчкі правёў іх вачыма. Што ж задумаў Кайф? Нездарма Каймана ў кусты павёў. Можа, вырашыў мяне, Алесю і Максіма са свету звесці? Ён наркаман. У яго, як кажуць, не ўсе дома. Можа, папросіць Каймана, каб дапамог яму? Кайман даўно на нас зуб точыць. Трэба паслухаць, пра што гамоняць.

Я ўстаў, узяўся за жывот і, сагнуўшыся, паціхеньку паклыпаў. Ці аклікне хто-небудзь з бандытаў? Маўчаць, ведаюць, што адзін не ўцяку.

Я палез у кусты. "Тук-тук, тук-тук-тук", — стукае сэрца. Так стукала і тады, калі сядзелі за ложкам у сутарэнні.

Я прайшоў яшчэ крыху і ўбачыў Кайфа і Каймана. Яны стаялі на самым беразе, які тут, за кустамі, строма падымаўся ўгору. Кайман стаяў спінаю да ракі.

Яны сварыліся. Зышліся, як тыя два скарпіёны, і зараз накінуцца адзін на аднаго.

— Ты думаеш, што мне не баліць? Думаеш, што ў мяне скура, як у індзейца? — зыркнуў на Каймана Кайф.

Вось ён аб чым! Аднак, які ж Кайф злапамятны.

— Чаго маўчыш? — зноў зыркнуў Кайф.

— Давядзеш ты мяне, — Кайман падняў бізун. — Зараз… Прагрымела кароткая аўтаматная чарга. Каймана быццам штурхнулі ў грудзі. Ён узмахнуў рукамі і паляцеў у ваду. Я кінуўся напралом, праз кусты. Падбег, упаў каля Алесі і Максіма.

— Хто страляў? — ускочыў Санча. З кустоў вылез Кайф.

— Я страляў.

— Ты-ы?

— Я.

— Дзе Кайман?

Я не спускаў вачэй з Кайфа. Ці скажа ён, што застрэліў Каймана? Будзе тарараму, калі прызнаецца. Кайф пераступіў з нагі на нагу.

— Кайман хацеў вады напіцца, нагнуўся, а тут кракадзіл. У раку Каймана пацягнуў. Я даў чаргу. Хацеў у кракадзіла…

Хлусіць і вокам не змаргне. Трэба сказаць, што ён застрэліў Каймана.

— У якога кракадзіла ты страляў? — закрычаў Санча, наступаючы на Кайфа. — У якога? Га?

— У таго, што ў рацэ плавае.

Твар у Санча пачырванеў, стаў бардовы, што чырвоны бурак.

— Што ў рацэ плавае? А не ў таго, што хадзіў па беразе? Не верыць Санча Кайфу. Здагадваецца, што адбылося.

Трэба расказаць. Няхай застрэліць Кайфа. Можа, у джунглі не палезуць, калі іх стане менш. Я зірнуў на Анту.

— Ты нешта хочаш сказаць? — запытаў ён.

— Угу.

— Маўчы.

— Чаму?

— Маўчы.

— Металіст! — гукнуў Санча. — Правер, што там, за кустамі.

Металіст кінуўся ў кусты. Праз хвіліну да нас данёсся ягоны голас:

— Няма Каймана. Толькі бізун па рацэ паплыў.

— Я што казаў? Кракадзіл схапіў Каймана, — усміхнуўся Кайф.

Санча нечакана стукнуў яму пад дых. Кайф сагнуўся.

— Ты застрэліў Каймана?

— Я ў кракадзіла страляў.

Санча зірнуў на бандытаў, якія скупіліся каля яго.

— Чаго раты разявілі? Бярыце сякеры і рабіце плыт. Хутчэй.

Кайф, Металіст, Піучэн і Чон-чон дасталі з рукзакоў сякеры і падаліся ў джунглі. Неўзабаве часта-часта застукалі сякеры. А па беразе, буркаючы пад нос, хадзіў Санча.

— Каймана Кайф застрэліў? — запытаў у мяне Анту.

— Ён.

— Свой свайго! — усклікнула Алеся.

— У іх няма сваіх. Яны без роду, без племені. Антось, ты не кажы ім, што бачыў, як Кайф Каймана застрэліў, бо Кайф і цябе са свету звядзе.

Я кіўнуў. Сапраўды, тут перш чым сказаць, трэба добра падумаць. Нарэшце бандыты зрабілі вялізны, трывалы плыт. Але гэта, канечне, нікога з нас не ўсцешыла. Мы павячэралі і селі на плыт.

— Паехалі,— скамандаваў Санча.

Металіст і Чон-чон адапхнуліся доўгімі шастамі. Плыт скрануўся і паплыў.

— Ох! — уздыхнула Алеся.

Вядома, чаму яна ўздыхае. Цяжка ёй. Пашчасціла ж нам. Што называецца, знайшлі сабе кампанію. Такіх, як гэтыя, трэба за вярсту мінаваць, а мы разам на адным плыце.

У джунглях прарэзліва, трывожна закрычала нейкая птушка. Пачало цямнець.

Я прыхінуўся спінаю да рукзака і непрыкметна заснуў.

Частка трэцяя

ПРАВАДЫР ЛІНКАН

Каля паселішча мапучэ

Ужо развіднела. На плыце сядзелі Анту, Алеся, Максім і Кайф, а Санча, Металіст, Чон-чон і Піучэн стаялі на беразе і, размахваючы рукамі, аб чымсьці паціху гаварылі.

— Мы ўжо прыплылі да паселішча мапучэ? — запытаў я.

— Прыплылі,— нявесела сказаў Анту.

Не верыцца, што побач племя індзейцаў, якое жыве так, як жыло сотні гадоў таму. Ці не сустрэнуць нас мапучэ стрэламі з лукаў, як калісьці сустракалі іспанскіх канкістадораў? Што скажа Анту свайму правадыру Лінкану? Як паглядзіць яму ў вочы?

— Гэй, — неспадзявана гукнуў Санча.

Прагучала хоць ціха, але выразна. Я ўздрыгнуў, бо мне здалося, што Санча кліча менавіта мяне. Я ніжэй апусціў галаву.

— Гэй, — у другі раз гукнуў Санча.

— Вы каго? — вырвалася ў мяне.

— Цябе.

Усё-ткі мяне. Навошта я яму спатрэбіўся? Хоча паздзекавацца? Калі пачне здзекавацца, то рвану ў джунглі, зашыюся ў гушчары. Годзе цярпець.

— Чаго сядзіш? Ідзі сюды.

— Ідзі, не бойся, — сказаў Анту.