Выбрать главу

— Ідзіце за мною, — паклікаў ён.

Мы выйшлі на знаёмую сцяжынку. Лінкан тыцнуў рукой, паказаўшы на высокае густое дрэва, якое расло непадалёку.

— Лезьце на дрэва. Там вас ніхто не заўважыць, калі нават сядзе пад самым дрэвам.

— А вы? — нясмела запытала Алеся.

— За мяне не бойцеся. Лезьце.

Мы залезлі на дрэва. Лінкан паклаў на сцяжынку пастку, замаскіраваў яе травою, пасля вяроўкай прывязаў да дрэва сабаку. Сабака загаўкаў, пачаў рвацца. Нацягваючы вяроўку, станавіўся на заднія лапы. Неўзабаве на сцяжынцы паказаўся Кайф. Ён ішоў з аглядкай, трымаючы напагатове аўтамат.

Убачыўшы Кайфа, сабака загаўкаў яшчэ мацней.

Кайф стаў.

— Хто тут сабаку прывязаў? Можа, Лінкан?

Стаіць, азіраецца. "Ну ідзі! Ступі нагою ў пятлю", — карцела крыкнуць.

Кайф прыцэліўся ў сабаку.

— Гаўкаеш? Застрэлю…

Сабака ашчэрыўся, заліўся брэхам.

Кайф ступіў наперад, і ў гэты момант Лінкан пацягнуў за вяроўку. Кайф, узмахнуўшы рукамі, упаў на зямлю. Лінкан наваліўся на яго, заламаў руку, выхапіў аўтамат.

— Маўчы!

— Я маўчу. Я буду маўчаць. Не бі,— пралапатаў Кайф.

— Злазьце, — махнуў нам рукою Лінкан.

Мы злезлі з дрэва. Кайф, убачыўшы нас, вылупіў вочы:

— І вы тут? Лінкан штурхнуў яго:

— Ідзі.

Кайф паплёўся, увагнуўшы ў плечы галаву. Лінкан адвязаў сабаку і пайшоў за Кайфам. І мы, пасмейваючыся, таксама пайшлі па сцяжынцы. Вось што прыдумаў Лінкан — выкарыстаць сабаку як своеасаблівую прынаду.

— Стой, — загадаў Лінкан Кайфу, калі мы прайшлі з паўкіламетра.

Кайф згорбіўся як стогадовы дзед.

— Застрэліш?

— Трэба было б.

— Я невінаваты. Санча ва ўсім вінаваты. Ён мяне прымусіў ехаць у джунглі. Дурань я, што паслухаўся яго. Няхай адзін ехаў бы.

На Санча верне — быццам Санча за каўнер яго сюды валок. Думаў, што азалоціцца. Пасля за золата наркотыкаў накупляў бы. Крычаў бы: "Я чорт! Я чорт!"

Лінкан з пагардай зірнуў на Кайфа. Той яшчэ больш сагнуўся, згорбіўся.

— Дык ты невінаваты?

— Санча вінаваты. І тыя, што з ім засталіся, таксама вінаватыя. Дай мне аўтамат. Я іх усіх перастраляю. Я застрэлю Санча. Я буду індзейцам. Я з вамі буду жыць, — і ён пацягнуўся рукамі да Лінкана. Той адхіснуўся. Упершыню ўбачыў я, як перакрывіўся ягоны твар.

— Не чапай мяне рукамі. Калі яшчэ раз дакранешся, то… Лінкан недаказаў да канца, ды Кайф добра зразумеў яго.

— Санча вінаваты. Я не-э…

— Санча вінаваты? — не сцярпеў я. — Кажаш, што Санча аддаваў загады? А чаму ты Каймана застрэліў? Таксама Санча загадаў? Таксама ён вінаваты?

У Кайфа задрыжала ніжняя губа.

— Усё-ткі ты бачыў?

— Бачыў,— сказаў я.

Лінкан зірнуў на мяне і падштурхнуў Кайфа:

— Ідзі.

— Куды вы яго? — запытала Алеся.

— У адно надзейнае месцейка завяду. Ёсць непадалёку. Няхай там пасядзіць. Пасля ўсім племенем будзем судзіць. А вы мяне тут пачакайце.

Кайф пасунуўся па сцяжынцы, паўтараючы, як заведзены: "Я невінаваты. Я невінаваты".

Ласо для Металіста

— Нешта даўно Лінкана няма, — занепакоілася Алеся. — Што, калі Кайф уцёк?

Мае рацыю Алеся. Кайф хітры, вераломны. На ўсё пойдзе, каб вызваліцца.

Як і ў першы раз, калі мы чакалі яго, Лінкан з'явіўся неспадзявана. У адной руцэ ён трымаў ласо і бохан хлеба, а ў другой нейкі пакунак, загорнуты ў зялёнае лісце.

— Дзядзька Лінкан! — узрадавалася Алеся.

Мы прыселі на траву, а Лінкан дастаў з-за пояса нож і парэзаў хлеб на тоўстыя лусты.

— Ешце. Такога хлеба, як гэты, вы не елі. Ён з зярнят расліны кіноа. Ён і за паўгода не пачарсцвее.

— Не верыцца, — вырвалася ў мяне.

Лінкан усміхнуўся краечкамі вуснаў, разгарнуў той пакунак, які прынёс з сабою. Мы ўбачылі мяса, парэзанае тонкімі доўгімі скрылямі.

— Бярыце чаркі,— сказаў Лінкан. Мы пераглянуліся.

— Якія чаркі? — запытаў я.

— Гэтае мяса ў нас называюць чаркі. Чаркі спярша наразаюць тонкімі доўгімі скрылікамі, а пасля сушаць на сонцы альбо вэндзяць у дыме.

Я думаў, што ўсё не з'ядзім, што хоць хлеб застанецца, але, на дзіва, мы з'елі і чаркі, і хлеб. Вядома, падзякавалі Лінкану за добры пачастунак. А ён прывёў нас на невялікую палянку, дзе раслі чырвоныя ягады, падобныя на нашы клубніцы.

— Гэта ягады міне-міне. Частуйцеся, — прагаварыў.

Мы сталі рваць гэтыя ягады. Не толькі смакам, але і выглядам яны нагадвалі клубніцы. Я так стараўся, што чырвоным сокам вымазаў і шчокі, і нос.

— Ну што, пойдзем? — спытаў Лінкан.

Мы кіўнулі. Ён прывёў нас да высокага дрэва.

— Зноў вам прыйдзецца залезці на дрэва.

З дрэва ўсё паселішча мапучэ было відно, як на далоні. Каля хацін ляжаць сабакі, грабуцца куры, на слупе, па якім узыходзіла дзяўчына-прыгажуня ў нябесна-блакітным адзенні, вісіць белы сцяг.

— Дзе ж бандыты? — не сцярпеў я.

— І я хацеў бы даведацца, дзе яны цяпер, — прамовіў Максім.

— Адпачываюць, — сказала Алеся.

Як відаць, сапраўды бандыты адпачывалі, бо з той хаціны, у якой некалі сядзелі мы, выйшаў Металіст. Ён пазяхнуў, пацягнуўся і накіраваўся ў бок джунгляў. Каля дрэва Металіст стаў, азірнуўся, а праз імгненне, нязграбна ўзмахнуўшы рукамі, упаў.

— Лінкан на Металіста накінуў ласо! — усклікнуў Максім.

Мы злезлі з дрэва, пабеглі па сцяжынцы. Насустрач ішоў Лінкан з Металістам. Мы адступіліся ў бок дрэў.

— Не адставайце, — гукнуў Лінкан. — Хутка гэтыя "сябры" сустрэнуцца.

І мы накіраваліся ў тое надзейнае месца, дзе ўжо знаходзіўся Кайф.

У авечай шкуры

Тым надзейным месцам была пячора. Лінкан завёў туды Металіста, а мы прыселі непадалёку. Хутка з пячоры выйшаў Лінкан. Ён нёс авечыя шкуры, а на іх ляжала бульба.

— Бульба! — узрадавана гукнула Алеся. Канечне, яна ўзрадавалася: мы даўно не елі бульбы.

— Дзядзька Лінкан, а можа, спячэм бульбу на цяпельцы? — папрасіў я.

— Спячэм, калі вам так хочацца, — усміхнуўся Лінкан.

Я глядзеў на яго і дзівіўся: правадыр племені, а зусім не ганарысты. Ен жа, калі лічыць па-нашаму, немалы начальнік, а вядзе сябе з намі як роўня.

— Дзядзька Лінкан, а бандыты з пячоры не ўцякуць? — пацікавілася Алеся.

— Не. Я іх звязаў.

Лінкан паслаў на зямлю авечыя шкуры, наламаў сухога галля. Прынёс з пячоры два кіі, у адным з якіх была невялікая адтуліна.

— Навошта вам гэта? — пацікавіўся я.

— Крыху пачакай і ўбачыш.

Лінкан адзін кій уставіў у адтуліну другога, заціснуў паміж далонямі і пачаў хутка-хутка круціць. Навошта ён так робіць? Можа, вырашыў фокус нам паказаць? Не! Ён здабывае агонь!

— Зараз агенчык успыхне! — усклікнуў я.

І праўда, па кіі, у якім была адтуліна, пабег агеньчык.

— Аж не верыцца! — падскочыла Алеся. Лінкан падняў кій вышэй:

— Ён называецца "дамарэпу".

— А як называецца той, які вы круцілі? — запытаў я.

— Рэпу.

Лінкан паднёс кій да сухога галля. Яно хутка загарэлася і затрашчала.

Мы селі на авечыя шкуры. Мякка, добра і зусім не страшна.

— Сёння будзем спаць каля цяпельца, — прамовіў Лінкан.

— Галлё за ноч згарыць, — заўважыла Алеся.

— Я ў агонь пакладу тоўстыя калоды. Яны будуць усю ноч гарэць.

Лінкан расхінуў кіем галлё, стаў кідаць у гарачы прысак бульбу. Падзеі сённяшняга дня праходзілі перад нашымі вачыма. Неўпрыкмет сцямнела.