Выбрать главу

Базыль азірнуўся. Павольна цячэ, шырокаю стужкаю блішчыць на сонцы рака. За ракою — родная вёсачка Нараставічы. На высокім абрывістым беразе стаяць хаты. Іх нават у самую вялікую паводку не затопіць. У Базыля, калі глянуў на вёску, зашчымела на душы, стала трывожна. Чаму ж так? Ён жа не ўпершыню ідзе ў лес, за раку. Не раз у лесе збіраў і ягады, і грыбы, і проста так бавіўся, гуляў.

Яму, Базылю, ужо чатырнаццатае лета пайшло. Брату Раману толькі дванаццатае мінула, а сястрычцы Марысі — дзесятае. Няўрымслівае, упартае дзяўчо Марыся. Сёння, калі дзядуля вырашыў надраць з ліпы кары на лыкі, каб лапці сплясці, прычапілася да яго: "Вазьмі і нас з сабою ў лес". Па пятах за ім хадзіла, прасіла, пакуль ён не згадзіўся. Дзядуля багата ведае: шмат чаго пачуў, пабачыў, калі разам з іншымі воямі хадзіў у паходы на крыжакоў. Многа даведаўся ён ад свайго дзядулі Янкі, які ў самога князя быў дружыннікам. Слаўны вой Янка не толькі ўмеў чытаць, але і сам пісаў кнігу, у якой апавядаў пра сваё жыццё. Але тая кніга згубілася, калі аднаго разу на іхні атрад напалі ворагі.

— Базы-ы-ль! — данёсся да Базыля звонкі Марысін галасок.

Напэўна, дзядуля сказаў паклікаць яго, Базыля. Стараецца Марыся дагадзіць дзядулі: мабыць, папросіць яго рассказаць якую-небудзь цікавую гісторыю. Асабліва любіць яна слухаць пра язычніцкіх ці, як іх яшчэ называюць, паганскіх багоў. Дзядуля казаў, што раней іх было шмат: Ярыла, Каляда, Дажбог, Купала, Пярун і яшчэ многа іншых.

— Базыль! — зноў пачуўся Марысін галасок.

— Бягу! — азваўся ён і памчаўся па пясчаным грудку. Дзядуля, Марыся і Раман стаялі на лясным ускрайку.

Марыся, ухапіўшыся за дзядулеў локаць, сакатала:

— Дзядуля, міленькі, а сонца з неба не ўпадзе на зямлю, не разаб'ецца на многа-многа праменьчыкаў? Га? Скажы!

— Не, — сказаў дзядуля і шпарка рушыў па вузкай, ледзь прыкметнай сцяжынцы, якая вяла ў лес.

Хутка крочыць ён, у Базыля лоб ужо мокры. Сёння сонца добра пячэ — што ж, канец мая. Базыль далонню змахнуў з ілба кропелькі поту. Чаму ж не горача дзядулю? На ім жа світа з белага даматканага сукна, а пад ёю — кашуля з адкладным каўняром, на галаве — магерка. Калі б ён, Базыль, быў так апрануты, то, напэўна, даўно спарыўся б.

Яны выйшлі на шырокую паляну, залітую сонцам. Пасярод яе стаяў векавы дуб з абгарэлай вершалінай. "Напэўна, нядаўна маланка пацэліла, падпаліла", — падумаў Базыль. Ён хацеў запытацца ў дзядулі, ці доўга яшчэ ісці, як нечакана ў паветры прамільгнула страла і ўторкнулася ў тоўсты камель дуба. Яна часта-часта дрыжала, быццам незадаволеная тым, што ёй не ўдалося навылёт прабіць векавое дрэва.

— Чорная страла! — вырвалася ў Базыля.

Так, гэтая страла была чорная. Яна, здавалася, дрыжала не пераставаючы. І губы дрыжалі, стараючыся вымавіць: "Дзядуля…"

Чорная страла, як Базыль чуў ад старэйшых, — гэта знак, які нясе бяду. Пасля яе з'яўлення на людзей з віскам і енкам наляталі татары. Яны бралі ў палон дзяцей і падлеткаў, асабліва палявалі за дзяўчынкамі, каб завезці далёка-далёка, у заморскую краіну, і прадаць там у няволю. У мінулым годзе татары ў лесе схапілі хлапчукоў з суседняй вёскі. Паранены бацька аднаго з хлапчукоў прыцемкам прыпоўз у вёску, расказаў, як уторкнулася ў дрэва чорная страла, як выскачылі татары, завыўшы па-воўчы. Затым пагалоскаю пайшло ад вёскі да вёскі, што нападаюць, сілком забіраюць дзяцей, знікаючы зданямі. Цэлую зіму людзі не чулі пра іх. І вось зноў чорная страла.

— Дзядуля… — нарэшце прамовіў Базыль. Дзядуля стаяў, азіраючыся па баках.

— Дзядуля, тут татары. Яны ў кустах хаваюцца, за намі цікуюць, — таропка прашаптаў Раман.

Базыль адступіў убок. Дзядуля, уцякайма.

— Стойце! — сказаў дзядуля.

Базыль зірнуў на чорную стралу. Сядзіць у камлі дуба, як змяінае джала. Нездарма было трывожна на душы.

— Дзядуля, мне страшна, — не стрывала, прызналася Марыся.

— І мне страшна, — сказаў Раман. Дзядуля павярнуўся да Базыля.

— Базыль, вазьмі за рукі Рамана і Марысю. Ідзіце за мною.

— А татары? Яны вось-вось…

— Ідзіце за мною. Калі я вам крыкну, каб уцякалі, то бегма бяжыце. Мяне не чакайце. Базыль, ты старэйшы. Зразумеў?

Вось яно што! Дзядуля хоча іх выратаваць. Як жа ён гэта зробіць? Замалоцяць яго тут татары.

— Не, — замахаў галавою Базыль.

— Сястрычку і брата выведзі з лесу, — прагаварыў дзядуля. — Скажаш нашым, што тут татары. Трэба, каб людзі ведалі. Ідзіце за мною!

Дзядуля накіраваўся на ўскраек паляны. Базыль, узяўшы за рукі Рамана і Марысю, вёў іх за дзядулем.

Над палянай лятаюць, кружацца матылі. Дзесьці непадалёку ў густой траве чуецца гучнае, скрыпучае: "Крэк-крэк, крэк-крэк…" Базыль ведае, што гэта драч.

Дзе ж татары? Чаго яны чакаюць? Можа, думаюць, што яшчэ хто-небудзь з'явіцца на паляне? Але ж выпусцілі чорную стралу — свой знак бяды. Дык чаго ж марудзяць?

"Крэк-крэк, крэк-крэк", — яшчэ гучней закрычаў драч. Раптам пачуўся прарэзлівы свіст, затрашчалі кусты, і на паляну з усіх бакоў вылецелі коннікі ў паласатых халатах. У кожнага на поясе крывая шабля, за спінамі — лукі.

— Дзядуля, я не хачу, я не паеду з татарамі! — усклікнула Марыся.

Базыль адчуў, як яна мацней учапілася за ягоную руку. Дзядуля, Базыль, Раман і Марыся сталі, збіўшыся ў купінку, а татары, як восы, пачалі кружыцца вакол іх. Коні з шалёнай хуткасцю насіліся адзін за адным. З-пад капытоў ляцела зямля. Яе мяккія камякі білі па нагах, здаралася, траплялі ў твар. Церпкім конскім потам давала ў нос.

Некаторыя татары трымалі ўзнятыя ўгору дзіды, на канцах якіх былі прымацаваны хвасты коней. Гэтыя хвасты развяваліся нібы дзіўныя пачварныя крылы.

Базыль адчуў, што становіцца млосна, што кружыцца галава. Каб не ўпасці, ён шырэй расставіў ногі.

Коні сталі як па камандзе. Цяпер Базыль мог добра разгледзець татараў. Усе як адзін шыракатварыя, на галовах — лісіныя шапкі. Праўда, адзін з іх у чалме. Неяк ён, Базыль, паехаў з дзядулем у горад і там убачыў мужчыну ў гэткай жа чалме. "Чаму ён ходзіць у такой дзіўнай хустцы?" — пацікавіўся тады Базыль у дзядулі. "Гэта не хустка, а чалма, — сказаў дзядуля. — Татарын ён. Так заведзена ў іх. Ён іншага роду-племені". Базыль і да гэтага чуў, што на свеце ёсць шмат народаў, сярод якіх і татары. А ў той дзень дзядуля сказаў яму, што татары даўно пасяліліся ў горадзе.

— Стары… — раптам прагаварыў татарын у чалме. Базыль ад неспадзеўкі аж уздрыгануў. Чаму татарын гаворыць па-нашаму?

— Ах ты, сабака! — адказаў дзядуля. — Прадаў нас, крымчакоў прывёў сюды!

— Я сабака? — завыў татарын. — Ты сам стары сабака! Табе трэба было новую кашулю адзець!

Цяпер Базыль здагадаўся, чаму татарын у чалме ведае нашу мову. Нездарма дзядуля сказаў, што ён прадаў нас. Гэта быў адзін з тых, хто жыў на нашай зямлі. Ён нават тутэйшыя звычаі ведае: пра новую кашулю напомніў… Здаўна сярод беларусаў заведзена: перад смерцю апранаць тое адзенне, у якім уступалі ў шлюб, тым самым у сваёй памяці звяртаючыся да самых светлых часін свайго жыцця. Не баяліся беларусы немінучага канца.

— Ты не палохай мяне. — прамовіў дзядуля. Татарын у чалме, не зводзячы вачэй з дзядулі, тыцкаў рукою, каб дастаць з ножнаў шаблю. Ягоная рука калацілася, дрыжала.

Базыль з жахам глядзеў на татарына. Зараз ён выме шаблю, узмахне ёю, і…

— Бурхан, пацакай. Ясцэ паспеес, — спыніў татарына ў чалме адзін з ягоных сябрукоў.

— Не! Я яго! Я…

— Пацакай! Каму казу?

— Пачакаю. Твая воля, Джавад.

"Татарына ў чалме зваць Бурхан, а гэтага, які не даў яму засячы дзядулю, — Джавад, — здагадаўся Базыль. — Джавад, як відаць, тут самы галоўны. Нездарма Бурхан яго паслухаўся. І Джавад крыху ведае нашу мову. Мажліва, таксама ў нас жыў. Мажліва, знарок да нас прыязджаў. Прыкідваўся сябрам, а сам прыглядаўся, вывіжоўваў, каб пасля прывесці атрад хаўруснікаў".

Бурхан, спадылба зірнуўшы на дзядулю, сказаў:

— Джавад, калі можна будзе засячы старога?

— Пацакай. Даўно я з такімі, як ён, не сустракаўся. Хочацца пагаварыць з ім.