Выбрать главу

Базыль мусіў пагадзіцца з братам. І праўда, страшна. Недзе ляціць яна, нябачная, а Бурхан сунецца за ёю, хоча рукамі яе схапіць… Ды лепей не думаць пра гэткае. Трэба Базыля супакоіць і ісці хутчэй у вёску, каб паведаміць, што татары ў лесе. Мужчыны не пабаяцца ні татараў, ні Бурханавай душы. Нешта прыдумаюць, нешта зробяць, каб і татараў разбіць, і Бурханаву душу адгэтуль прагнаць. Няхай не палохае тутэйшых людзей, няхай ляціць у тыя землі, адкуль татары прыехалі. Няхай ведаюць іхнія супляменнікі, як сваіх вояў-коннікаў за паланянкамі пасылаць.

І Базыль з Раманам, аглядваючыся, пайшлі па лесе.

— Братка… — прамовіў Раман.

— Цішэй ты, — папрасіў яго Базыль.

— Чаму? Бардун нас не пачуе.

— Хто-небудзь іншы пачуе.

— Хто? — дрыготкім голасам прагаварыў Раман. Базыль хацеў сказаць яму, каб памаўчаў, а ён зноў запытаў:

— Чарнабог нас не пачуе, не зловіць у лесе?

— Не зловіць, — чамусьці ўпэўнена адказаў Базыль. Ад дзядулі яны ведалі, што Чарнабог жыве ў лясных нетрах, а яму служаць ваўкі, чэрці, злыя духі і лясун.

— А што было б, — спытаў Раман, — калі б супраць татараў паўсталі ўсе Чарнабогавы слугі?

— Чарнабогавы слугі з татарамі доўга не ваявалі б, хутка з імі памірыліся, — прагаварыў Базыль.

— Таму памірыліся б, што гэтыя татары нам зло чыняць?

— Так, Раман.

Раптам наперадзе, за маладым ельнікам, трэснула, быццам хтосьці на сухую галіну неасцярожна нагой наступіў. Хто ж там? Няўжо Чарнабогавы слугі? А можа, сам Чарнабог з балота вылез? Калі ён, то не выпусціць з рук. З ім, як і з татарамі, лепей не сустракацца. А можа, татары ў ельніку?

— Братка, ты чуў? — прашаптаў Раман. Базыль, ледзь раскрываючы вусны, прамовіў: — Чуў.

— Там звер ці чалавек? Як думаеш? Там…

Базыль не паспеў дакончыць, бо з ельніку вылез Бурхан. Ягоны лук вісеў за спінаю, а сам ён ішоў, наставіўшы рукі, і ўсё бубнеў пад нос: "Знайду, знайду, знайду…"

Базыль быццам прырос. Ён стаяў і глядзеў на скрываўлены Бурханаў твар.

Татарын падышоў да іх і, вырачыўшы вочы, прахрыпеў:

— Знайшоў…

— Не-э! Не-э! — закалаціўся Раман.

Бурхан ступіў уперад, цягнучы рукі да Базыля. Базыль адхіснуўся.

— Не даешся? — прамовіў Бурхан.

— Ы-ы-ы… — завыў Раман.

Базыль узяў брата за руку і пачаў адступацца назад. Бурхан прагаварыў:

— Я ішоў па пнях, па карчах. Я ішоў праз балота. Я шукаў. Я знайшоў. Кхе-кхе-кхе…

Кхекае, нібы Бардун. Чаго ж яму трэба? Які ж страшны ён!

Базыль махнуў рукою:

— Згінь! Згінь!

— Кхе-кхе-кхе… — закхекаў Бурхан. — Я знайшоў. Я яе дагнаў. Яна ўцякала ад мяне, а я яе дагнаў.

Базыль, адступаючыся, прагаварыў:

— У балота ідзі. Там Чарнабог. Ён цябе чакае. З Чарнабогам сябруй.

— З Чарнабогам? — выскаліў зубы Бурхан.

— З ім, з Чарнабогам, — замахаў галавою Базыль. — У Чарнабога шмат слугаў. Ты з усімі пасябруеш. Да іх ідзі. Яны чакаюць цябе.

— Я ўсё балота прайшоў. Нідзе не бачыў ні Чарнабога, ні Чарнабогавых слугаў. Вось тут яе знайшоў! Кхе-кхе-кхе… Знайшоў…

— Уцякайма! — крыкнуў брату Базыль і прыпусціўся па лесе.

— Знайшоў! — данеслася ім услед.

Бурхан даганяе

Базыль і Раман ляцелі на злом галавы, аж пакуль не апынуліся ў бярозавым гаі. Аддыхваючыся, селі на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Вакол стаялі белыя-бялюткія бярозкі — усе як адна стройныя, тонкія, кучаравыя.

— Братка, і ты моцна спалохаўся? — першым парушыў маўчанне Раман.

У Базыля перад вачыма, нібы жывы, паўстаў Бурхан.

— І не пытайся. У мяне ногі сталі як драўляныя. Раман дакрануўся рукою да свайго калена.

— А ў мяне і цяпер калені трасуцца. Я баяўся, што на мяне Бурханава душа наваліцца. Яна была дзесьці паблізу. Нездарма ён казаў, што знайшоў яе. Бурхан, вядома, сваю душу не бачыў. Ен нас убачыў і падышоў. Падумаў, што мы — ягоная душа. Таму і ўзрадаваўся, закрычаў: "Знайшоў!" Базыль, а ты каго болей баяўся: Бурхана ці ягонай душы?

Што сказаць? Калі ён, Базыль, убачыў скрываўленага Бурхана, калі Бурхан, наставіўшы валасатыя рукі, стаў падступацца да яго, то ён зусім забыўся, што Бардун у татарына душу адабраў. Мае рацыю Раман. Паблізу была Бурханава душа. Магла б яна на іх наваліцца, як непрыкметна навальваецца туман на балота. Здушыла б горла, не дала б дыхнуць. Чамусьці не напала, не навалілася. Мажліва, пашкадавала. А можа, чакала, пакуль Бурхан наваліцца? Хіба зразумееш, што хацела яна, ягоная беспрытульная душа? Ды лепей не думаць пра гэта, выкінуць з галавы.

— Раман, Бурхан хваліўся, што праз балота прайшоў. Як ён не праваліўся? — вырашыў перавесці гаворку на іншае Базыль.

— Можа, хлусіў?

— Мне здаецца, што праўду казаў.

— Неяк прайшоў. Можа, чэрці дапамаглі яму праз балота прайсці? — прамовіў Раман.

Базыль не пагадзіўся з братам, але прамаўчаў. Хіба чэрці дапамогуць? Такі бяздушны, як Бурхан, ім якраз і патрэбен. Калі б убачылі яго, то схапілі б за вушы і ў балота пацягнулі. Як жа ён прайшоў праз балота, чаму не праваліўся? Як відаць, ягоная душа яму дапамагла.

Нечакана пачулася песня:

Ой, у полі азярэчка, Там плавала ведзярэчка, Саснова клёпка, дубова донца, Не цурайся, ды маё сэрца,—

данеслася да іх песня. Раман усхапіўся:

— Нашы дзяўчаты спяваюць!

Базыль прыслухаўся. І праўда, галасы знаёмыя. Свае, нарастаўскія, дзяўчаты спяваюць, стараюцца, выводзяць:

Яно плавала, плавала Тры дзянёчкі да й з вадою. — Выйдзі, дзяўчына, выйдзі, кахана, — Пагаворым да мы з табою.

— Чуеш? Гэта ж Параска! — усклікнуў Раман.

Так, сярод іншых выдзяляецца голас Параскі, іхняй суседкі. Дый не дзіва: лепшай пявунні, чым яна, і ў суседніх вёсках не знойдзеш.

— Ох, і рада б выхадзіш, І з табою гаварыці. Край мяне маці палажыла спаці, Я й баюся ды разбудзіці.
— Я — хлапчына маладзенькі, У мяне конік вараненькі. Калі не выйдзеш, дзяўчына, з двара — Я не твой, а ты не мая.

Базыль прыўстаў, ловячы кожнае слова. Дзяўчаты спяваюць. Яны тут, у бярозавым гаёчку. Выходзіць, вёска непадалёку. Спяваюць… Каб толькі татары іх не пачулі.

Хлопец коніка сядлае, З канём рэчы размаўляе: — Едзем, мой косю, едзем, вараны. Аж да цёмнага Дунаю.
Каля ціхага Дупаю Стану, гляну, падумаю. Ці мне ўтапіцца, ці з канём забіцца, Ці дадому вараціцца?

Базыль устаў. Дзяўчаты, пэўна, па шчаўе прыйшлі, тут, у бярозавым гаі, будуць збіраць яго. Не ведаюць, што татары ў лесе.

Я ўтапіцца не ўтаплюся, І з конікам не заб'юся. Бывай, дзяўчына, бывай, кахана, Больш да цябе не вярнуся,—

гучыць, ліецца ў бярозавым гаі песня.

— Прыгожа спяваюць дзяўчаты, — прамовіў Раман.

— Наспяваюць на сваю галаву, — сказаў Базыль. — Татары ж у лесе.

Удалечыні паказаліся дзяўчаты.

— Гэ-эй! — гукнуў Базыль.

— Базылё-ок! — заўважыла яго Параска.

Пазірае, усміхаецца, не ведае, што татары груганамі на дзядулю наляцелі і што Марысю схапілі. Не ведае, што акрываўлены Бурхан па лесе цягаецца, сваю душу шукае. Калі б ведала, то не ўсміхалася б. Як жа сказаць дзяўчатам пра гэта, каб моцна не перапалохаць?