Выбрать главу

Яны выйшлі на сцяжынку, парослую мохам. Бардун стаў.

— Бачыце гэтую сцяжынку?

— Канешне, бачым, — адказаў Раман.

— Дык ідзіце па ёй.

— Вы нас адпускаеце? — не паверылася Базылю.

— Ідзіце. Вам будзе цяжка. Але ж не думайце ўбок зварочваць. Звернеце — век будзеце шкадаваць, век будзеце на душы цяжар насіць. Кхе-кхе-кхе…

Базыль стаяў, увагнуўшы галаву. Куды ж пасылае іх вядзьмак? Палохае, што будзе цяжка. Можа, проста страх наганяе? Не, не падобны ён на таго, хто словы на вецер кідае. Нешта задумаў.

— Чаго стаіце, раты разявіўшы? Душа ў пятках сядзіць? — нейкім рыпучым голасам прагаварыў Бардун.

Базыль не мог падняць вачэй. Бач, пра душу напамінае вядзьмак. Любіць чужыя душы адбіраць, каб распараджацца імі па-свойму. Сапраўдны злыдзень.

— Душа ў пятках сядзіць, — ужо лагодна, як і раней, калі сустрэліся з ім, прагаварыў Бардун. — Я не махлюю. Будзеце век цяжар насіць, калі не паслухаецеся мяне, калі са сцяжынкі збочыце. Ведаю: захочацца вам збочыць, наперакор мне зрабіць. Што ж, тады маё запаветнае слова вам дапаможа.

— Якое слова? — не стрываў Раман.

— Слухайце і запамінайце. Інакш папаводзіць вас гора вакол смалістага пня. Слухайце запаветнае слова! Гадзіна вадзяная, земляная, сляпні і вужы, змеі і вужакі, ярыца, пераярыца! Аддайце і вазьміце сваю жаласць і ярасць…

У Базыля, як і тады, калі былі каля хаціны, пашэрхлі валасы на галаве. Ці запамінаў ён, ці стараўся запомніць Бардуновы словы? Не, яны толькі жах наганялі. Яму хацелася аднаго: каб хутчэй адпусціў Бардун.

— Запомнілі? — бы здалёк данёсся голас Бардуна. Базыль кіўнуў галавою.

— Запомнілі.

— Усё запомнілі?

— Усё.

— Дык ідзіце і не зварочвайце са сцежкі. Вам трэба тры павароткі мінуць.

Базыль і Раман пацёпкалі па сцяжынцы. Калі адышліся крыху далей, Раман запытаў:

— Братка, куды ён нас пасылае?

— Хто яго ведае.

— Давай са сцежкі збочым і ў вёску пабяжым.

Базыль і сам пра гэта падумаў. Але ж вядзьмак папярэджваў, каб не зварочвалі са сцежкі, пакуль трэцюю паваротку не мінуць. Мажліва, сочыць з кустоў, глядзіць, як яны, Базыль і Раман, слова, дадзенае яму, трымаюць. Яшчэ пракляне ці якой-небудзь немачы напусціць, калі ўбачыць, што са сцежкі збочылі. З ім жарты кепскія.

— Не, па сцежцы пойдзем, — сказаў Базыль.

— Братка, я іду па гэтай сцежцы, а ў мяне аж падэшвы пякуць, — прызнаўся Раман. — Можа, яна чарцямі пратаптаная?

— Можа, і чарцямі,— нявесела сказаў Базыль.

— Базыль, ты запомніў тыя словы, якія казаў Бардун? — пацікавіўся Раман.

— Не. А ты?

Раман плюнуў пад ногі.

— Цьфу! Пра вужакаў, пра вужоў… Хіба гэткае будзеш запамінаць? Яшчэ прысніцца.

"Ву-ух!" — неспадзявана пачулася ўгары.

— Што гэта? — усклікнуў Раман.

Над лесам раптам з'явілася чорная хмара.

— Братка! — зноў усклікнуў Раман. — Гэта Бардунова работа. Ён навальнічную хмару наслаў. Папярэджваў, што будзе нам цяжка. Збываецца! Зараз…

Над галавою трэснула, звонкім пошчакам разляцелася па лесе. Халодная бліскавіца змяёю прабегла па небе. Вецер праляцеў па вершалінах. Яны закачаліся, загудзелі. Зноў бліснула маланка, трэснуў гром. Пасля стала ціха-ціха.

Раман абхапіў галаву:

— Ох, зараз і дасць!

"Так, будзе вялікая навальніца, — падумаў Базыль. — Нездарма ўсё замерла, заціхла".

Узбоч сцяжынкі Базыль убачыў старую кашлатую елку, каля якой стаяў высокі смалісты пень.

— Раман! — крыкнуў ён. — Пад елкай схаваемся, пераседзім навалу-навальніцу!

— Пад якой?

Базыль тыцнуў пальцам, паказваючы на старую елку.

— Вунь пад той!

Ужо трэці раз трэснула над галавою, вочы рэзнула агнём-маланкай.

"Бум-бум-бум", — забарабанілі кроплі дажджу.

Базыль і Раман хуценька залезлі пад елку. Тут было суха, утульна, як у будане. А дождж ужо сцёбаў па дрэвах, па траве, расцякаючыся па зямлі ручайкамі, лужынкамі.

Гром лупіў, бухаў, здавалася, над самаю галавою, праз густыя лапы яліны закапалі першыя важкія кроплі.

— Не ўседжу-у я ту-ут, — тоненька завёў Раман.

— Баішся? — запытаў у яго Базыль.

— Яшчэ як баюся!

Базыль і сам баяўся, міжволі ўздрыгваў, калі бліскала маланка, а адразу ж за ёю лупіў гром. Ды ён стараўся не паказваць страху.

— Базыль, навальніца не хутка скончыцца, — зноў прагаварыў Раман.

Зусім побач трэснула. Здалося, што зямля хадуном захадзіла. Маланка сляпіла вочы.

— У дрэва Пярун пацэліў! — усклікнуў Раман.

— Ляж мне на калені,— звярнуўся да яго Базыль.

Раман ніцма лёг Базылю на калені, часта-часта засоп носам. Базыль нахіліўся над ім, затуляючы яго ад кропляў-дажджынак, і неспадзявана для самога сябе ціхенька, як калісьці маці, заспяваў:

Пайдзі, коця, на вулку, А дзіця у люльку. На ката варкота, А на дзіця дрымота. На ката безгалоўе, А на дзіця здароўе. На ката усё ліха, А ты, дзіця, спі ціха.

Дзіўна, але маміна даўняя калыханка супакойвала і яго, Базыля. Ён спяваў і быццам не заўважаў бліскавіц-маланак, быццам не чуў траскучых грымотаў.

А лес гудзеў, стагнаў, нібы ўсе д'яблы з ваколіцы сабраліся тут спраўляць свой жудасны баль.

Раман, скурчыўшыся, ляжаў на каленях і паціху соп носам. Калі Базыль скончыў спяваць, ён папрасіў:

— Яшчэ паспявай.

Базыль ніжэй нагнуўся над ім і зноў заспяваў:

Ходзіць каток па сяле, Носіць дзяцей сон у кашале. Ходзіць каток па капусце, Носіць сон у белай лусце, Бабы катка злапалі, Сон для дзетак забралі.

Зноў суха трэснула, разносячыся па лесе шматгалосым рэхам. Базыль заплюшчыў вочы і, прыціснуўшыся да Рамана, непрыкметна заснуў. На кашулю, на плечы, часта капалі цёплыя кроплі дажджу.

Дзіўны сон

Базылю снілася, што ён у лесе, залітым сонцам. У мяккай шаўкавістай траве чырванеюць суніцы — вялікія, важкія, што вішні. Раптам з'явіўся дзядуля. На ягоным ілбе — рана, такая ж чырвоная, як і гэтыя суніцы. У руках у дзядулі лясіна, якой ён біўся з татарскім сілачом Ак-Бугаем. Ён, Базыль, падышоў да дзядулі, запытаў: "Дзядуля, табе ўдалося вырвацца ад татараў?" Дзядуля ўсміхаецца: "Ты мне дапамог". "Я дапамог? — дзівіцца Базыль. — Я сам уцёк ад татараў. Яны мяне ледзь не дагналі". Дзядуля моўчкі ўзнімае лясіну і, размахнуўшыся ёю, б'е па суніцах. Раз, другі, трэці… Чырвоны сок кроплямі пырскае на траву, на дзядулевы нагавіцы. на ягоную кашулю. Дзядуля ўсё лупіць па суніцах. "Гэ-эх! Гэ-эх!" — раз-пораз вырываецца з ягоных грудзей. "Дзядуля, што ты робіш? — крычыць ён, Базыль. — Хутка дзяўчаты прыйдуць збіраць суніцы". Дзядуля, апусціўшы лясіну, кажа: "Гэта не суніцы. Гэта татары. Хіба ж не бачыш?" Базыль уважліва прыглядаецца. І праўда, цяпер тут, дзе раслі суніцы, сядзяць татары. Чамусьці ва ўсіх галовы вялізныя, а ногі тоўстыя, кароценькія, крывыя. Некаторыя татары, усхапіўшыся, уцякаюць у лес. "Вось яно што! — думае Базыль. — Татары знарок перакінуліся ў суніцы. Ведалі яны, што сюды прыйдуць дзяўчаты. Схапілі б, прымусілі, каб для іх песні спявалі". "Дзядуля, як ты здагадаўся, што татары ў суніцы перакінуліся?" — пытаецца ён, Базыль. Дзядуля прыкладвае палец да вуснаў: "Тс-с… Унучак, сюды Бардун ідзе. Ён мяне шукае. Я зараз уцяку, а ты скажаш яму, што няма мяне на гэтым белым свеце. Добра?" Базыль ківае галавою: "Добра. Хутчэй уцякай". Дзядуля кідае лясіну і бяжыць у гушчар. Ён, Базыль, паварочваецца і бачыць Бардуна. Бардун стаіць, насупіўшыся. "Няма тут дзядулі. Ён на тым свеце!" — крыкнуў яму Базыль. Бардун тыцкае пальцам, паказваючы на лясіну: "А гэтая лясіна чыя? Хто яе тут пакінуў? Хіба не твой дзядуля? Хіба не ён гэтай лясінай біўся з татарамі? Ці, можа, гэта не лясіна? Можа, змяя?" "Можа, змяя," — прамовіў Базыль і ўбачыў, што на тым месцы, дзе ляжала лясіна, варушыцца доўгая тоўстая змяя. Яна, уставіўшыся, глядзіць на яго, на Базыля. Ён пачаў адступацца назад, а Бардун наставіў рукі, не пускае: "Куды ты?" Змяя падняла галаву і папаўзла на Базыля. Здаецца, што яна не паўзе па траве, а ціха, бясшумна плыве ў вадзе, высунуўшы галаву. Вось-вось накінецца на яго. Ды раптам павярнула ўбок і знікла ў лесе. "Кхе-кхе, — закхекаў Бардун. — Змяя за тваім дзядулем пагналася". "Яна ж яго дагоніць, укусіць, — з жахам падумаў Базыль і на ўсю моц галёкнуў: — Дзеду, беражыся!" Бардун усміхнуўся: "Ты ж казаў, што твой дзядуля на тым свеце. Хлусіў мне". "Пусціце мяне да дзядулі", — папрасіў Базыль. Бардун зарагатаў: "Да дзядулі? На той свет? Хіба табе надакучыла на гэтым свеце?" Бардун рагатаў, ківаючыся з боку на бок, і рэха разносіла па лесе ягоны траскучы смех. Нарэшце ён перастаў смяяцца, прагаварыў: "Ты не бядуй. Я буду тваім дзядулем. Мы будзем у лесе жыць. Непадалёку стаіць мая хаціна. Ты яшчэ ўбачыш яе. Нядаўна ў мяне жыў мядзведзь. Я яго зваў Касмачом. Калі мне станавілася сумна, я прасіў Касмача, каб патанцаваў. Ён танцаваў, а я цешыўся. Ды цяпер у мяне няма Касмача. Татарын Бурхан яго засек. Ты будзеш у мяне за Касмача. Калі я засумую, то папрашу цябе, каб патанцаваў. Ты будзеш танцаваць, а я буду цешыцца. Не бойся. Я цябе буду даглядаць, буду адным ліпавым мёдам карміць. А калі вельмі захочаш, то стану тваім дзядулем. Я і цяпер магу стаць тваім дзядулем. Хочаш?" Базыль замахаў рукамі: "Не хачу! Чаго смаліцаю прычапіліся да мяне?" "Я табе песню праспяваю. Паслухай, як хораша ў мяне выходзіць, — прагаварыў Бардун і заспяваў хрыплым голасам: