Выбрать главу
Сталі куры сакатаць, Трэба курам чаго даць. Ці ячменю жменю, Ці жыта карыта, Ці бобу каробу".

Базылю здалося, што сапраўды ў лесе сакочуць куры. Здалося, што іх процьма, што іхняе сакатанне ніколі не скончыцца. Ён скрывіўся, хацеў заплакаць, а Бардун, заўважыўшы гэта, сказаў: "Бачу, што табе не даспадобы мая песня. Можа, расказаць казку?" Базыль хацеў сказаць Бардуну, што яму трэба ісці дамоў, ды вядзьмак раптам усклікнуў: "Піліп!" Базыль азірнуўся і ўбачыў дзядулю, які выйшаў з-за кашлатай яліны. Цяпер на ягоным ілбе не было раны. "Піліп, давай прывітаемся, давай абдымемся!" — зноў усклікнуў Бардун. "Не хачу з табой вітацца, — сказаў дзядуля. — Ты на мяне змяю напусціў". Бардун прамовіў: "Якую змяю?" "Эх, Бардун! — прагаварыў дзядуля. — Усё хітруеш. Не мяняеш свайго нораву. Глянь на маю нагу. Пабачыш, дзе змяя ўкусіла". Базыль глянуў на дзядулеву нагу і жахнуўся: яна была сіняя і тоўстая, што калода. "Вось што ты нарабіў, Бардун, — сказаў дзядуля. — На сваіх людзей змяю напускаеш. Ну, крыўдуеш на нас. Але хіба можна змяю напускаць? Мы ж на адной зямлі нарадзіліся". Бардун глуха прагаварыў: "Піліп, я цябе выратаваў. Цябе татары ў палон узялі, а я вызваліў. Мне шкада цябе стала". "Зноў хлусіш. Не для таго ты мяне вызваліў. Ты майго ўнука Базыля баламуціш, самым страшным чарам хочаш навучыць. Няма каму табе сваё зладзейскае вядзьмарства перадаць. Таму і ўзяўся за Базыля. Не паддасца ён табе. Дый я за яго заступлюся. Яшчэ ёсць у мяне сіла, не ўсю змяя забрала. А чорная страла чыя? Га?" Бардун закалаціўся ад злосці: "Я цябе з таго свету вярнуў, а ты немаведама што вернеш на мяне! Мы з табою яшчэ сустрэнемся!"

Дзядуля нечакана выхапіў з-за пазухі змяю, скручаную ў колца. Гэта была тая самая чорная змяя, якая не так даўно знікла ў лесе. "Піліп, навошта ты прынёс яе?" — усклікнуў Бардун. "Вазьмі свой падаруначак!" — гукнуў дзядуля і кінуў змяю на Бардуна. "А-а-а!" — залямантаваў Базыль.

Каршун і дзікі голуб

— Братка, што з табою? — пачуў Базыль голас Рамана.

Базыль ляжаў на баку, а ўгары зелянелі лапкі яліны, праз якія прасвечвала сонца. "Дык гэта ж быў сон. Гэта толькі прыснілася мне, — здагадаўся ён. — Няўжо толькі прыснілася? Не верыцца. І дзядуля, і Бардун былі як жывыя. Размаўлялі…"

— Братка, што з табою? — дакрануўся да пляча Раман. — Я спаў, а ты як крыкнеш, як падскочыш! Разбудзіў ты мяне.

Базыль, абапершыся рукою аб зямлю, устаў. Моцна, як у хворага, баліць галава. Чамусьці аж у скроні коле. А навокал цішыня. Свеціць сонца, палошча свае праменьчыкі ў лужынах. Выходзіць, скончылася навальніца, пакуль яны спалі.

— Братка, чаго ты крычаў?

— Кепскі сон мне прысніўся.

— Які? Раскажы. Базыль махнуў рукою:

— А-а, лепей не ўспамінаць яго.

— Раскажы.

Базыль, час ад часу ўздыхаючы, мусіў расказаць, як у залітым сонцам лесе ўбачыў дзядулю, як ён спрачаўся з Бардуном.

Калі Базыль скончыў расказваць, Раман пацікавіўся ў яго:

— Марысю ў сне ты не бачыў?

— Не, — сказаў Базыль. Раман пляснуў рукою па калене.

— Братка, наш дзядуля жывы! Базыль аж вочы вылупіў:

— Ты хіба ведаеш?

— Нездарма табе прыснілася, што сустрэўся з ім. Яшчэ сустрэнемся. Вось пабачыш.

Базыль глядзеў на брата, як глядзяць на дзівака. Хіба мажліва, каб дзядуля застаўся жывы? Тыя татары яго жывым з рук не выпусцілі. Няўжо Раман думае, што дзядуля лясінай адбіўся ад іх? Калі б нават быў казачным асілкам, то ад цэлай зграі татараў не адбіўся б.

— Братка, — бліжэй прыціснуўся Раман, — ты казаў, што ў дзядулі рана на лбе. Мусіць, паранілі яго татары, цяжка яму. Але ж ён жывы. А Бардуну ты не вер. Ён хацеў паддобрыцца да цябе.

— Я не паверыў яму.

— І правільна зрабіў, што не паверыў. Гэта ён чорную змяю выпусціў. Яна цябе хацела ўкусіць?

— Хацела, — кіўнуў галавою Базыль.

Самі таго не заўважаючы, яны разважалі, пераконвалі адзін аднаго, нібыта ўсё гэта было з ім, з Базылём, не ў сне, а на яве. І Базыль быццам забыўся, што яму гэта толькі прыснілася. Яны вылезлі з-пад елкі. У паветры пахла рознымі травамі, зёлкамі, смалою. Лес, памыты дажджом, быццам памаладзеў.

— Глянь! — усклікнуў Раман, задраўшы галаву. Над самымі дрэвамі, кідаючыся з боку ў бок, ляцеў дзікі голуб. Яго даганяў вялізны чырванавата-руды каршун.

— Акыш! Акыш! — Базыль, каб напалохаць драпежніка, закрычаў на яго, як звычайна крычаць на курэй.

А каршун, не зважаючы на крык, ляціць, ужо даганяе голуба. Вось-вось схопіць. Голуб раптам каменем упаў пад ногі. Каршун бясшумна, што здань, паляцеў далей.

Базыль нагнуўся, падняў голуба, пагладзіў яго па спінцы.

— За табою, як і за намі, драпежнік палюе, — прагаварыў.

Раман дакрануўся рукою да белай плямкі, якая выдзялялася на шыі голуба.

— Базыль, чаму ты сказаў, што і за намі драпежнік палюе?

— А хіба не?

Раман крыху падумаў і згадзіўся:

— Сапраўды. Тут і татары, і Бардун, і розныя нячысцікі. Голуб нас не пабаяўся, каля нас знайшоў ратунак. А мы дзе знойдзем?

Базыль адчуваў, як пад рукою часта б'ецца маленькае сэрца голуба. Напэўна, так білася яно і ў Марысі, калі яе даганялі татары. Дзе ж яна цяпер? Мусіць, недзе ціхенька плача ў кулачок.

Базыль пагладзіў голуба па крылцах, падкінуў угору, усклікнуўшы:

— Ляці!

Голуб узмахнуў крыламі, падняўся ўверх і неўзабаве знік з вачэй.

— Куды мы цяпер? — запытаў Раман.

Адчай

Базыль стаяў, прыслухоўваючыся. Здалёк, гэта ён добра пачуў, даносілася нейкая гамонка. Хто ж яшчэ тут, у лесе? Можа, мужчыны-вяскоўцы, даведаўшыся ад дзяўчат, што нейкі татарын іх напалохаў, прыйшлі ў лес? Базыль зірнуў на Рамана.

— Чуеш гамонку?

— Чую, — кіўнуў галавою Раман.

— Хто гэта? Як ты думаеш? Не нашы мужчыны?