Выбрать главу

Яны пайшлі па сцяжынцы. У Базыля цяпер было адно жаданне: як мага далей адысціся ад гэтага заклятага месца, якое аблюбавала не толькі Бурханава душа, але і Чарнабогавы слугі. Ды неўзабаве яны ўбачылі такое, ад чаго зноў вочы на лоб палезлі: каля сцяжынкі нерухома стаяла лісіца і глядзела на іх.

Базылю не раз прыходзілася бачыць лісіц. І не толькі ў лесе, але і на полі, на лузе, нават каля самай вёскі. Звычайна яны ўцякалі, заўважыўшы чалавека. А гэтая стаіць, што авечка, і пазірае.

— Чаго яна ўставілася на нас? — усклікнуў Раман.

— Не ведаю, — прамовіў Базыль. Раман тупнуў нагою:

— Э-э-э!..

Лісіца нават не ўздрыганулася. Усё гэтак жа нерухома стаіць і пазірае.

Раман пакруціў галавою:

— Яна нейкая зачараваная.

"Няўжо і гэтая зачараваная?" — падумаў Базыль. Ён, хоць і калацілася сэрца, падышоў бліжэй і ўбачыў на шыі лісіцы тонкую валасяную пятлю. Яна адным канцом была прывязана да стволіка асінкі. Яму адразу ўсё стала зразумела. Бегла небарака і трапіла галавою ў пятлю.

— Э-э-э!.. — зноў гукнуў Раман. Базыль спыніў яго:

— Не галёкай. Лісіца ўсё роўна не пабяжыць.

— Чаму?

— Пятля на шыі.

— Вунь яно што! — прамовіў Раман.

— Мусіць, лісіца нядаўна ў пятлю ўлезла, — сказаў Базыль.

— Без дапамогі не вылезе, — заўважыў Раман.

— Трэба вызваліць яе, — загарэўся Базыль.

— Хочаш пятлю з шыі зняць?

— Хачу. — Базыль асцярожна, каб не напалохаць лісіцу, падышоў да яе. А яна са злосцю глянула на яго, ашчэрыла зубы.

— Асцярожней! Укусіць! — папярэдзіў Раман. Базыль засунуў руку ў кішэню, намацаў у ёй вострую жалязяку. Нядаўна ён яе знарок на камені адтачыў. Такой жалязякай можна і лук зрабіць, і стрэлы да яго.

— Раман, ідзі сюды, — паклікаў ён брата. Раман падышоў.

— Чаго?

Базыль дастаў з кішэні завостраную жалязяку, працягнуў яму.

— Бяры.

Раман узяў яе, пакруціў, разглядваючы. А Базыль падняў з-пад куста кій, на канцы якога была рагулька — дзве галіны, якія разыходзіліся ў розныя бакі.

— Базыль, што ты хочаш зрабіць? — пацікавіўся Раман.

— Будзем лісіцу з палону выручаць.

Лісіца зноў завурчэла, ашчэрыла зубы. Раман адступіў убок.

— Ну й злосная! Братка, не лезь да яе. Дабром цябе прашу. Пакалечыць руку.

Базыль, рэзка павярнуўшыся, рагулькай з сілай прыціснуў галаву лісіцы да зямлі. Лісіца ўстрапянулася, імкнучыся вызваліцца.

— Раман, рэж пятлю!

Раман падскочыў да лісіцы, узяўся за валасяную пятлю і паласнуў па ёй завостранай жалязякай. Базыль адпусціў рагульку, і лісіца кінулася ў кусты.

— Ату-у!.. — наўздагон ёй галёкнуў Раман.

Базыль зірнуў на Рамана. Гараць у яго вочы, аж пабліскваюць.

— Ну й рванула лісіца! — прамовіў ён. — Аж праз галаву кульнулася.

— Хіба ж ты бачыў, што яна праз галаву кульнулася? — усміхнуўся Базыль.

Раман пачырванеў.

— Бачыў. За кустом праз галаву кульнулася.

Базыль не стаў спрачацца з братам, не стаў даказваць, што той махлюе. Галоўнае, што лісіцу з пятлі вызвалілі, добрую справу зрабілі.

— Братка, я ведаю, хто тут пятлю прывязаў,— сказаў Раман.

— Хто?

— Бардун.

Ці мог ён, Базыль, пагадзіцца з братам? Вядома ж, не. Хіба Бардун не ведае, што цяпер, у самым канцы вясны, лісіца ліняе, што з яе футра нават шапкі не пашыеш? Відаць, хтосьці проста так, дзеля забавы, ад няма чаго рабіць пятлю прывязаў. Можа, нават татары. Убачылі, што паблізу нара, і прывязалі пятлю.

— Братка, Бардун хацеў лісіцу злавіць, — сказаў Раман. Базыль усміхнуўся краёчкамі вуснаў.

— Канешне, лісіцу, а не мядзведзя. Ды толькі не Бардун.

— Ён! У яго быў мядзведзь, а цяпер няма. Для чаго ён мядзведзя трымаў? Га?

Базыль ніяк не мог даўмецца, чаму так заўзята даказвае брат. Далася яму гэтая лісіца ў знакі. Ну, можа, нехта вырашыў злавіць яе. Ну і злавіў бы. Тут трэба глядзець, каб татары не злавілі, трэба падумаць, як з Бардуновых лапаў вырвацца.

— Дык для чаго Бардун мядзведзя трымаў? — запытаў Раман.

— Каб весяліў яго, каб танцаваў перад ім, — неахвотна сказаў Базыль.

— Во! Во! — падхапіў Раман. — Мядзведзь яго весяліў.

Цяпер няма каму яго весяліць. Ён вырашыў злавіць лісіцу, каб яна яго весяліла.

— І танцавала б перад ім, як мядзведзь?

— Перад ім, калі яму захочацца, не толькі лісіца, але і куры заскачуць. Певень першы ў танец пусціцца.

Бач, Раман лічыць, што гэта Бардунова работа. Лічыць, што Бардун хацеў, каб лісіца яму служыла. Мажліва, хацеў. Мядзведзя ж не кожны навучыць танцаваць. А Бардун змог. Як бы там ні было, а няма чаго тут стаяць. Можа, і цяпер Бардун за кустом сядзіць, цікуе за імі. Можа, бачыў, як лісіцу выпусцілі. Ну і няхай бачыць. Усё роўна не выйдзе па-ягонаму. Яны. Базыль і Раман, не паддадуцца яму.

— Думаеш, што не затанцуе перад Бардуном лісіца? — усё дапытваўся Раман.

— Гэтая не затанцуе, — сказаў Базыль.

— Гэтая не затанцуе, — пагадзіўся Раман. — Гэтая ўцякла.

Яны пайшлі па сцяжынцы. У Базыля было такое адчуванне, што ідуць на край свету. Нямала сцяжынак ён абышоў — і адзін, і са старэйшымі, і са сваімі сябрамі. Адна сцяжынка прыводзіла ў вёску, другая — на сунічную паляну, трэцяя — на луг, чацвёртая — на рэчку. А гэтая куды прывядзе? Ці дасць яна нейкую надзею? Ён ішоў як не сваімі нагамі. Здавалася, што нейкая чужая сіла вядзе яго, штурхае ў плечы, прымушае ісці па сцяжынцы. Але ж сцяжынка павінна скончыцца. Не бясконцая ж яна. Кожная сцяжынка дзесьці пачынаецца і дзесьці канчаецца. Можа, спадуць Бардуновы чары, калі яна скончыцца?

— Братка, табе не здаецца, што Бардун за намі сочыць, што вачэй з нас не спускае? — запытаў Раман.

— Не.

— Няма яго тут?

— Няма, кажу табе.

— А мне здаецца, што і цяпер ён на мяне глядзіць. Яны мінулі паваротку. "Гэта трэцяя", — падумаў Базыль

і ўбачыў чалавека, прывязанага вяроўкаю да сасны (яна расла пры самай сцяжынцы). На галаву гэтага чалавека была нацягнута белая світка, якая затуляла ягоны твар.

— Хто гэта? Каго прывязалі? — усклікнуў Раман. Базыль стаў адступацца назад, усё паўтараючы:

— Не бойся, не бойся, не бойся…

Ён зусім не адчуваў, што дрыжаць рукі, што калоцяцца плечы, нібы ў Бурхана, калі той жаліўся, што яму холадна.

— Уцякайма! — крыкнуў Раман і пабег у кусты. Базыль кінуўся за ім.

Сутрэча

Базыль дагнаў Рамана, спыніў яго.

— Куды ты?

— Братка, баюся…

— Раман, у мяне ўсе жылачкі трасуцца.

— Я ведаю, хто там прывязаны, — прамовіў Раман.

— Хто?

— Бурхан.

— Бурхан?

— Ён. Яго прывязалі Чарнабогавы слугі. Не даспадобы ім, што Бурхан бегае за сваёю душою. Яны ягоную душу ў балота завалаклі.

Базыль абапёрся спінаю аб хваіну. Раман кажа, што Чарнабогавы слугі прывязалі Бурхана, а ягоную душу сабе забралі. Што праўда, то праўда: розныя нячысцікі адзін перад адным стараюцца, да сябе цягнуць грэшную душу. Бурханава душа, як відаць, чорная ад грахоў. Яна для Чарнабогавых слугаў — добрая знаходка. Яны яшчэ паб'юцца за яе. Няўжо сапраўды Бурхан прывязаны? Але ж Бурхан у паласатым халаце, а ў таго, прывязанага да сасны, белая світка, нацягнутая на галаву. А можа, не? Можа, здалося, што світка? Трэба запытацца ў Рамана. Мажліва, ён памятае.

— Раман, — прамовіў Базыль, — у таго чалавека што на галаве: світка ці татарскі халат?

— Світка.

— Ты добра памятаеш?

— Запомніў. Світка.

— А на нагах што?

— Лапці на нагах! Дальбог лапці! Братка, гэта не Бурхан. Гэта… Гэта…