Выбрать главу

— Наш дзядуля? — дакончыў за Рамана Базыль.

— Дзядуля! Гэта дзядуля Піліп! Гэта ягоная світка! Дальбог!

У Базыля спярша сціснула, заняло ў грудзях, пасля адпусціла, разлілося гарачай хваляй. Няўжо сапраўды дзядуля да сасны прывязаны? Калі так, то, выходзіць, татары яго прывязалі. Жывы ён. Мёртвага вяроўкаю не прывязалі б. Выходзіць, схапілі тады, калі наваліліся на яго з усіх бакоў; не сталі забіваць, вырашылі пакараць па-іншаму. Спадзяваліся, што сканае, прывязаны да сасны. Не думалі, што хто-небудзь так хутка яго знойдзе.

— Братка, гэта дзядуля! Я табе казаў, што ён жывы. Трэба яго развязаць.

Базыль падышоў да сасны, паклікаў:

— Дзядуля!

Ані слова ў адказ.

— Можа, гэта не дзядуля? — прамовіў Раман. — Калі б быў дзядуля, то азваўся б.

— Дзядуля! — зноў паклікаў Базыль.

— Ён варушыцца! — тоненька піскнуў Раман.

І праўда, чалавек у белай світцы варухнуў галавою.

— Братка, варушыцца! Варушыцца!..

Базыль ступіў некалькі крокаў уперад, сцягнуў світку і ўбачыў знаёмы маршчыністы твар. У роце ў дзядулі была нейкая белая ануча. Ён стаяў, звесіўшы галаву.

— Дзядуля-а! — рвануўся да яго Раман.

Базыль адпіхнуў яго, выняў з дзядулевага рота анучу, кінуў яе на зямлю.

— Мой дзядуля! Мой! — усё, паўтараў, усё цягнуўся да дзядулі рукамі Раман.

— Унучак, — прашаптаў дзядуля. Раман абхапіў яго рукамі.

— Дзядуля! Міленькі! Цябе не замучылі? Цябе не білі? Табе не баліць? Ты будзеш з намі?

Базыль дастаў з кішэні завостраную жалязяку і асцярожна, каб не параніць дзядулю, разрэзаў вяроўку. Дзядуля асеў на зямлю, абняў Рамана. Раман лёг на ягоныя калені, абхапіўшы рукамі за шыю.

— Вы ўсё-ткі ўцяклі ад татараў? — прагаварыў дзядуля.

— Яны нас даганялі, але не дагналі. Мы цераз балота ад іх уцяклі,— сказаў Базыль.

— Мы Бардуна ў лесе сустрэлі,— паведаміў Раман. Дзядуля падняў галаву.

— Якога Бардуна?

— Нашага ведзьмака. Вы яго з вёскі прагналі, а ён у лесе хаціну пабудаваў і Жыве ў ёй, — растлумачыў Базыль.

— І мядзведзь з ім жыў,— падхапіў Раман. — Мядзведзя татарын Бурхан шабляй засек. А Бардун у Бурхана душу адабраў. Цяпер Бурхан за ёю па ўсім лесе бегае.

— Не трашчы, — перапыніў яго дзядуля. — Няхай Базыль расказвае. Дзе вы сустрэлі Бардуна?

Раман, не зважаючы, запытаў:

— Дзядулька, хто цябе прывязаў?

— Татары, каб на іх немач!

— Чаму яны на тваю галаву світку нацягнулі?

— Хацелі, каб свету белага не бачыў, каб у цемры паміраў, трасца ім у бок!

— Джавад так загадаў? Той самы галоўны татарын, які захацеў, каб ты з Ак-Бугаем біўся?

— Не балбачы, — зноў перапыніў яго дзядуля. — Базыль, дзе вы сустрэлі Бардуна? Раскажы. Мне ўсё трэба ведаць.

І Базыль пачаў расказваць. Потым дзядуля запытаў:

— Марысі з вамі не было?

Базыль са здзіўленнем паглядзеў на яго. Няўжо ж ён не бачыў Марысю? Яе ж татары ўзялі ў палон. І дзядуля быў у іхніх руках. Сам жа казаў, што яны яго прывязалі да сасны. Чаму ж пра Марысю пытаецца?

— Хіба ты не бачыў Марысю? — звярнуўся ён да дзядулі.

— Пасля таго як вы ў лес пабеглі, болей не бачыў яе.

Вось яно што! Татары асобна Марысю трымалі. Не хацелі, каб бачыў яе дзядуля. Як сказаць дзядулю, што татары Марысю злавілі? З чаго пачаць?

— Дзядуля, — падаў голас Раман, — Марысю татары ў палон узялі. Нядаўна мы з Базылём бачылі, як яе Джавад вёў на вяроўцы.

Дзядуля глянуў на Базыля, паківаў галавою.

— Не ўбярог ты Марысю. А я спадзяваўся на цябе.

На вачах у Базыля выступілі слёзы. Так, ён, Базыль, згубіў сястрычку ў лесе. Але хіба ведаў, што яна адстане? Хіба ў лесе, у гушчары, адразу заўважыш, што адстала? Яны ж з Раманам вярнуліся, шукалі яе.

— Дзядуля, я… — пачаў ён. Дзядуля не даў дакончыць:

— Не трэба. Не апраўдвайся. І не крыўдуй на мяне. З горычы цяпер у мяне вырвалася. Тут не так ты, як я вінаваты. Не заўважыў я татараў. Марысю мы як-небудзь выбавім з палону. Дзесьці тут гэтыя нячысцікі. Джавад пахваліўся мне, што на нашу вёску яны нападуць, што шмат у палон набяруць.

Раман ускочыў, замахаў рукамі.

— І мы чулі, як Джавад казаў Марысі, што татку бізуном ссячэ. Калі б у мяне была дзіда, то я яму паказаў бы!

Дзядуля ўстаў, абапёршыся рукамі аб ствол.

— Ваяка ты, бачу. З дзідай на Джавада пайшоў бы! Раман шмаргануў носам.

— Я хацеў накінуцца на яго, але Базыль мяне не пусціў.

— І правільна зрабіў, што не пусціў. Базыль, ты казаў, што Бардун загадаў, каб вы ішлі па сцяжынцы. Так?

Базыль кіўнуў галавою.

— Так. Ён сказаў, каб мы тры павароткі мінулі. За трэцяй павароткай мы цябе і ўбачылі.

— Бардун за намі сачыў,— зашаптаў Раман. — Ён на нас нейкія чары напусціў. Мы не хочучы ішлі па сцяжынцы. Ён і цяпер сочыць за намі.

— Няхай сочыць, — прамовіў дзядуля. — Я яго зусім не баюся. Я даўно вывучыў ягоныя хітрыкі. Як-ніяк, разам раслі, разам гадаваліся. Я вось пра што думаю. Нездарма ён вам загадаў, каб ішлі па гэтай сцяжынцы. Чаму ж?

— Я ведаю, — сказаў Раман.

— Ведаеш?

— Ведаю. Ён хоча ў вёску вярнуцца. Нудна яму ў лесе. Гняце яго нуда. Вось і вырашыў такім чынам табе дапамагчы. Спадзяецца, што ты заступішся за яго перад грамадой. Ён хітры.

— Хітрасці ў яго хапае. Гэтага яму не пазычаць, — сказаў дзядуля. — А ў вёску ён не думае вяртацца. Ён ужо не прыжывецца сярод людзей. Дый людзі яго не любяць. Не ўклініцца ён у нашу грамаду. Нешта іншае задумаў. Прыйдзе час — разгадаем. Само наверх выплыве. Хадзем.

— А Марысю ратаваць? — пацікавіўся Раман. Дзядуля адказаў не адразу:

— Марысю мы выратуем, а цяпер трэба ісці ў вёску за падмогай.

Мядзведзь-пярэварацень

Яны паволі ішлі па лесе. Базыль вырашыў запытацца ў дзядулі пра тое, аб чым даўно думаў. — Дзядуля, — сказаў ён, — а татары даўно жывуць на нашай зямлі?

— Многія даўно, — прагаварыў дзядуля. — Нямала летаў прайшло, як яны тут прыжыліся. Пры князі Вітаўце ў нас пасяліліся. Адны кажуць, што князь іх палоннымі прыгнаў, другія — што запрасіў іх да сябе на вайсковую службу і яны ваявалі побач з беларусамі.

— Чаму ж цяпер на нас нападаюць? Чаму цяпер сталі ворагамі? — спытаў Базыль.

— Бывае, што і нашы, беларускія князі, адзін з адным ваююць, адзін аднаму чубы трасуць.

— Чаму ж яны так?

— З-за прагнасці. На чужое багацце квапяцца. Калі свайго мала, то чужое хочацца адабраць.

— Іх Чарнабогавы слугі штурхаюць на вайну, — уставіў сваё слова Раман.

— Чарнабогавы слугі шмат людзей на вайну паслалі,— сказаў дзядуля. — Вайна людзям не нясе дабра. Ад вайны душа ледзянее, застывае, як зямля пад лёдам.

Базыль задумаўся. Неяк дзіўна выходзіць. Калісьці поплеч ваявалі і польскія, і беларускія, і татарскія воі. У згодзе жылі. Чаму ж цяпер не так? Вось гэты Бурхан… Ягоны бацька, мажліва, разам з нашымі воямі ў бой хадзіў. Што ён сказаў бы Бурхану, калі б даведаўся, што ягоны сынок на дзяцей палюе? Відаць, не пахваліў бы… І тут Раман як крыкне на ўвесь голас:

— Мядзведзь!

І праўда, з густога ельніку, які яны ўжо міналі, вылез буры калматы мядзведзь. Ён устаў на заднія лапы і пайшоў проста на дзядулю. Дзядуля, шырока расставіўшы ногі, моўчкі глядзеў на яго. У Базыля перахапіла дыханне. Чаму стаіць дзядуля? Чаго ён чакае? У яго ж з сабою нават нажа няма. Няма чым абараніцца. Разарве яго мядзведзь.

— Дзядуля, уцякай! — гукнуў Базыль. "Э-э-э!.." — зароў мядзведзь.

Дзядуля, чаго Базыль ніяк не чакаў, кінуўся на мядзведзя і, размахнуўшыся, з усёй сілы рэзнуў яму па вуху. Мядзведзь перакуліўся на зямлю, задраў лапы. Дзядуля схапіў яго, прыўзняў і кінуў на кучу ламачча. Базылю здалося, што мядзведзь застагнаў, як чалавек.