Выбрать главу

— Татка абавязкова вызваліць Марысю, — прамовіў Раман.

— На ведаю, не ведаю, — двойчы паўтарыў дзядуля. — Мусіць, мне яшчэ раз прыйдзецца сустрэцца з Джавадам.

— Чаму? — не зразумеў яго Базыль.

— Ат, рознае ў галаву лезе.

— Татка вызваліць Марысю! — усклікнуў Раман.

Па балоце птушкай слаўся Гняды, а бацька нешта крычаў, махаючы дзідай.

Раманавы загадкі і гульня ў "авечачку"

Бацька вярнуўся з лесу толькі як звечарэла. Маці ні на хвілінку не заходзіла ў хату, усё выглядала, прыслухоўвалася, часам паціху плакала, прыгаворваючы: "Ой, дзецят-ка-а!.." Нарэшце на вуліцы пачуўся тупат капыт. У паўзмроку паказаўся Гняды.

— Рыгор, ну ці знайшлі яе? — усклікнула маці. Бацька саскочыў з каня, у роспачы махнуў рукою.

— Не знайшлі. Татары як скрозь зямлю праваліліся. Базыль думаў, што маці закрычыць, загалосіць на ўсю вуліцу. Тады яе абняў бы, суцяшаў. А яна памкнулася да бацькі, працягнула рукі і адразу ж апусціла іх.

— Рыгор, ведала, што вы яе не знойдзеце. Адчувала мая душа. Ой, дзецятка-а!.. Крывіначка мая-а!..

Бацька стаяў, апусціўшы галаву. Потым сказаў:

— Я зараз зноў паеду ў лес. Мы знойдзем Марысю. Яе і цяпер шукаюць. У лесе мужчыны і з іншых вёсак. Нават князь прыслаў сваіх вояў. На ўсіх дарогах старожу паставілі. Не прарвуцца татары. Знойдзем. Зараз… Зараз паеду. Трэба паходні ўзяць. Запалім паходні…

Да бацькі падышоў дзядуля, стаў штосьці паціху яму казаць. Вядома, Базылю вельмі хацелася пачуць, што ён кажа, ды маці паклікала:

— Базыль, ідзіце з Раманам у хату. Кладзіцеся спаць.

— Мы крышку на двары пабудзем. Можна? — завёў Раман.

— Хадзем, — перапыніў яго Базыль.

Не, не след сёння прасіцца, назаляць маці. У яе і так уся душа збалела.

Яны з Раманам зайшлі ў хату, распрануліся, ляглі на палок, накрыліся радзюжкамі. Палок за печкаю, каля сцяны. Калісьці дзядуля яго рабіў, шчыльна дастасоўваючы дошку да дошкі. Дошкі былі смалістыя, і ў хаце доўга пахла смалою…

Базыль ляжаў на спіне, шырока расплюшчыўшы вочы. Што ж цяпер з Марыся й? Дзе яна?

— Братка, — заварочаўся на палку Раман.

— Чаго табе?

— Не магу заснуць, — прызнаўся Раман.

І яму не спіцца. Напэўна, таксама пра Марысю думае.

— Ляжы і ні аб чым не думай. Вось і заснеш.

— Я стараўся не думаць. Не выходзіць у мяне. Братка, ты мне загадкі пазагадвай. Калі мне дзядуля на ноч загадкі загадвае, то я хутка засынаю. Вочы самі сабою зліпаюцца. Братка, пазагадвай.

Базыль уздыхнуў. Што ж рабіць? Трэба загадваць, раз просіць. Можа, сапраўды хутка засне?

— У дзвюх матак па пяць хлапчанятак але ў кожнага сынка адно імя. Што гэта? — запытаў ён.

— Па пяць хлапчанятак? — здзівіўся Раман.

— Але, па пяць, — сказаў Базыль.

Ён лічыў, што брат не адгадае гэтую загадку, што будзе думаць, пакуль не засне, а Раман прамовіў:

— Я здагадаўся. Гэта пальцы. Цяпер я табе задам загадку. Згодны?

— Задавай, — сказаў Базыль.

— Ляцелі тры галіцы, палі-селі на мяліцы. Адна кажа: "Мне ўлетку лепей". Другая кажа: "Мне ўзімку лепей". Трэцяя кажа: "Мне ўсё роўна, што ўзімку, што ўлетку".

Часта, перарывіста дыхае Раман. Цяжкую загадку ён задаў. Напэўна, ад дзядулі яе пачуў, запомніў. Тры галіцы ляцелі. Першай улетку было лепей. Выходзіць, яна лета любіла. І Марыся вельмі любіла лета. Узімку чакала, не магла дачакацца, калі лета наступіць. Ці не штодзень пыталася: "Калі ўжо Зюзя ад нас пойдзе? Калі будзем суніцы збіраць?"

— Базыль, ты адгадаў загадку? — напомніў Раман.

— Цяжкая яна, — сказаў Базыль.

— А ты падумай. На чым летам ездзяць?

— На возе.

— Правільна. На возе. Першая галіца — гэта воз.

— Другая — сані, а трэцяя — конь? — здагадаўся Базыль.

— Так, — прамовіў Раман.

Базыль заплюшчыў вочы і непрыкметна заснуў.

На другі дзень яны з Раманам сядзелі каля хаты, на прызбе. Непадалёку Марысіны і Раманавы равеснікі гулялі ў "авечачку". Сёння ў іх за пастуха Раманаў сябар Кастусь. У Кастуся доўгі кій у руках. Вакол яго, скупіўшыся, сядзяць дзеці-авечачкі. Непадалёку яшчэ адзін Раманаў сябар — Савось. Яму сёння быць ваўком, дзяцей-авечачак забіраць.

— Раман, ідзі да нас, — паклікаў Кастусь. Раман махнуў рукою:

— Ай, не хачу.

Вядома, чаму ён не хоча. Маці ў хаце сядзіць заплаканая, вочы чырвоныя ад слёз. А бацька і іншыя мужчыны яшчэ з лесу не вярнуліся.

Пасу, пасу авечачкі Недалёка рэчачкі. Воўк за гарою, А я за другою. Ваўка не баюся — Кіем абаранюся,—

нараспеў зацягнуў Кастусь. Дзеці-авечачкі на розныя галасы забекалі:

— Бэ-э…

— Мэ-э…

Савось, які сёння за ваўка, не зважаючы на тое, што авечачкі просяцца, мекаюць, падкрадваецца да іх, нападае і, схапіўшы, адводзіць убок.

— Бач ты! Савось усіх авечачак перацягаў,— не стрываў Раман.

Цяпер і Кастусь як бы апамятаўся, заўважыў, што няма ягоных авечачак.

— Воўчы след, барані след, воўчы след, барані след. Спаткаў ваўка: "Воўча, воўча, ці не бачыў авечачак?" — звяртаецца ён да Савося.

Савось адварочваецца:

— Не, няма ў мяне. Кастусь махае кіем:

— А хто ж там бляе? То ж, мусіць, мае авечкі. Савось круціць галавою:

— Не, не.

Кастусь падбягае да яго, пачынае адсоўваць кіем. Дзеці-авечачкі з крыкам уцякаюць ад Савося, бяруцца за кій рукою. Ён даганяе іншых дзяцей, бо нельга забіраць тую авечачку, якой удалося ўзяцца за кій.

— Братка, — звяртаецца да Базыля Раман, — зараз ад Савося ўсе авечачкі паўцякаюць.

Базыль моўчкі глядзеў на малых і думаў: "Марысі няма ў вёсцы, схапілі яе злыя татары, а тут усё ідзе па-ранейшаму. Быццам ні хлопчыкі, ні дзяўчынкі не заўважаюць, што яе няма. Ніхто не ўспамінае, што некалі Марыся з імі гуляла. Няўжо чужое гора іх зусім не кранае?"

— Цішэй! — падняў руку Кастусь. Малыя ўраз сціхлі.

— Чаго ты? — запытаў у Кастуся Савось.

— Мне здалося, што нашы мужчыны едуць.

— Можа, нашу Марысю знайшлі? — усклікнуў Савось.

— Не, мне толькі здалося, што едуць, а так нікога няма… Гульня спынілася.

— Я дамоў пайду, — паціху сказаў Савось.

— І я пайду. Нешта не хочацца сёння гуляць, — апусціў галаву Кастусь.

Малыя сталі разыходзіцца. "А яны не такія, як мне здавалася, — падумаў Базыль— Савось Марысю "нашай" назваў. Усе мы тут свае. Усім боль аддаецца".

Каля каменя

З хаты выйшла маці. У руках яна трымала вузялок.

— Мама, куды сабралася? — пацікавіўся Раман.

— Дзеткі! Трэба каменю пакланіцца. Папросім у яго, каб нашаму татку, каб нашай Марысі жыццё дараваў.

— І мы пойдзем з табой? — здагадаўся Раман.

— Хадемце. Можа, вашы малітвы ён пачуе. Можа, прыслухаецца да вашага голасу.

Базыль і Раман усталі з прызбы і пайшлі за маткай. У вёсцы зусім не відаць мужчын. Толькі старыя сядзяць на прызбах, падпершыся кіямі. "Добры дзень", — вітаюцца яны з маці і праводзяць яе вачыма.

Базыль бачыць, як маці, адказваючы на прывітанні, крадком выцірае слязінкі, якія ўсё набягаюць на яе вочы. Да каменя маці вырашыла пайсці, у яго хоча папрасіць, каб заступіўся за бацьку, за Марысю, каб дапамог ім вярнуцца ў хату. Гэты камень, падобны на вялікі слуп, адразу ж за вёскай. Каля самага нізу каменя добра прыкметны адбітак, падобны на след чалавечай нагі. Пасля дажджу гэты адбітак запаўняецца вадою. Людзі, вяскоўцы, збіраюць яе. Лічыцца, што яна цудадзейная, што нават хвораму дапамагае, калі той яе вып'е.