— Які ж тут сорам? Татары таксама спрытныя. Думаюць адсядзецца ў лесе.
— Не ўдасца ім адсядзецца. Знойдуць іх нашы. Вось толькі каб дзяўчынку выратаваць!
Базыль зірнуў на маці. Стаіць, сціснуўшы губы, пазірае ўдалеч. Зусім не тая стала пасля таго, як да каменя схадзіла. Раней плакала, а цяпер ні слязінкі на вачах. Маўчыць, нават не азываецца, толькі, бывае, уздыхне цяжка-цяжка.
— Ой, і напалохалася я! — распачала гаворку Параска, якую ўчора Бурхан у лесе даганяў.— Мы з дзеўкамі песню спяваем, а гэты… гэты страхалюд татарын вылез як з мяшка. Ідзе на нас, рукі наставіўшы, і бубніць пад нос: "Знайшоў. Тут я знайшоў. Мяне ў балота пасылалі, а я балота мінуў. Тут знайшоў". Ён нас шукаў. Узрадаваўся, калі ўбачыў. Думаў, што схопіць каторую. Ой і ўцякала я!
— Чаму ж ён ішоў адзін? — пацікавіўся Раманаў сябар Кастусь.
— Хто яго ведае. Можа, ад сваіх адбіўся. Ён жа нам пра гэта не расказваў.
Кастусь глядзіць на Параску, моргае вачыма, усё дапытваецца:
— Параска, хто яго ў балота пасылаў?
— І гэтага не ведаю. Я толькі чула, як бубніў пад нос… Ідзе, наставіўшы рукі… Лук за спінаю…
— Братка, — звярнуўся да Базыля Раман, — можа, расказаць ім, як Бардун у Бурхана душу адабраў?
Раман хоча расказаць пра тое, што ў лесе бачылі. Ці варта? Відаць, не след пра гэта расказваць. Вось і дзядуля маўчыць. Калі б лічыў патрэбным, то і сам расказаў бы. Навошта яшчэ болей людзей баламуціць? Калі яны пачуюць, што Бурхан, як непрытомны, па лесе бадзяецца, то зусім перапалохаюцца. Жартачкі ж сказаць! Жывы чалавек ходзіць, сваю душу шукае.
— Сказаць, як Бардун у Бурхана душу адабраў? — зноў запытаў Раман.
Базыль зірнуў спярша ў адзін бок, пасля ў другі. Можа, пачуў хто Раманаву гаворку? Не, здаецца, ніхто не пачуў. Ну, й добра, калі так.
— Раман, не распускай язык, — папярэдзіў Базыль.
— Чаму?
— Пасля скажу чаму.
— Базыль, татары на нашу вёску не нападуць? Нездарма брат задаў такое пытанне. Амаль усе воі-мужчыны ў лесе. Толькі пяцёра тут засталося. Знарок іх пакінулі. Усякае ж можа стацца. Цяпер яны разам з усімі стаяць, сваіх з лесу чакаюць.
— Не нападуць. Татары праз рэчку не пераправяцца, бо не ведаюць, дзе брод.
— Гляньце! Нехта з лесу бяжыць! — неспадзявана крыкнула Параска.
Людзі заварушыліся, мацней загаманілі:
— Бач, як ляціць!
— Можа, вестачку нясе?
— Чаму коннага з вестачкай не паслалі?
— Не наш гэта. Нехта чужы.
— Можа, з горада? І князь сваіх паслаў у лес.
— Ды не! Нейкі зусім чужы!
— Здаецца, на татарына падобны.
— Людцы! Татарын бяжыць!
— Гэта Бурхан, — звярнуўся да Базыля Раман. — Я пазнаў яго. Сам да нас ідзе ў рукі.
Цяпер і Базыль пазнаў, што гэта Бурхан. Чаму ж ён у вёску бяжыць? Няўжо не бачыць, што на беразе стаяць людзі? Няўжо спадзяецца, што прывецяць яго тут? Пэўна, ягоная душа ляціць сюды, у вёску. Вось ён і бяжыць за ёю, не адстае.
— Людцы! Гэта ж той самы татарын, які нас у лесе напалохаў! Ён да нас бяжыць! — заверашчэла Параска.
— Цішэй. Не падымай гвалту, — глянуў на яе дзядуля. Бурхан, дабегшы да берага, плюхнуўся ў раку. Базыль чакаў, што зараз каменем пойдзе на дно, што пасля выскачыць з-пад вады, каб крыкнуць: "Ратуйце!" Не, не пайшоў каменем на дно. Плыве, уздымаючы пырскі.
Наперад выйшлі мужчыны з лукамі. І ў дзядулевых руках Базыль заўважыў лук.
— Зараз пераплыве! Зараз… — прамовіла Параска і стала адступацца ў натоўп.
— Страляйце! Страляйце ў татарына! — не сцярпеў, крыкнуў Раман.
Базыль таксама крыкнуў:
— Страляйце!
Мужчыны стаяць, моўчкі пазіраюць на Бурхана. І іншыя вяскоўцы маўчаць. Толькі Параска штосьці шэпча, войкае.
"Няўжо Бурхан пераплыве цераз раку? — дзівіцца Базыль. — У гэтым месцы яшчэ ніхто не адважваўся пераплываць. Тут жа і яміны, і віры круцяць. Няўжо яму нячыстая сіла дапамагае?"
Усё-ткі пераплыў Бурхан. Крыху пастаяў, атросся.
"Куды ж цяпер паляціць ягоная душа? Каб бяды не нарабіла", — падумаў Базыль.
— Не ўцячэш. Ад мяне не ўцячэш, — прамармытаў Бурхан і стаў карабкацца на абрывісты бераг, якраз туды, дзе скупіліся людзі.
— Ён мяне шукае! Мяне! — запішчала Параска.
— Цішэй! — крыкнуў дзядуля Піліп.
Бурхан карабкаецца, сапе. Раптам пахіснуўся і кулём паляцеў уніз.
Людзі закрычалі:
— Увесь бераг носам узараў!
— Ну й страшны! Твар у крыві!
— Недзе ўжо гваздануўся.
— Сам сабе скруціць галаву.
І Базыль падумаў, што нарэшце Бурхан скруціць сабе галаву. Не, абышлося. Зваліўся каля самай вады, паляжаў, адсопваючыся, пасля ўстаў і прабубніў: "Ад мяне не ўцячэш. Не ўцячэш". Зноў лезе, карабкаецца. Ужо на самы бераг узбіраецца.
Раман замахнуўся нагою.
— У-у, паганы! Зараз як рэзну!
— Не трэба, — спыніў яго дзядуля. Дамогся свайго Бурхан, узабраўся на бераг.
— Дзе ты? Дзе-э? — наставіў рукі.
І тут на яго накінуліся дзеўкі, маладзіцы, старэйшыя жанкі. Пхаюць, шчыплюць татарына Бурхана, злосна крычаць:
— Да нас прыйшоў?
— Нашых дзетак цягаць?
— Адальюцца табе нашы слёзы!
Відаць, канец быў бы Бурхану, калі б не дзядуля Піліп. Ён адштурхнуў жанчын, дзевак і гукнуў:
— Людзі! Што вы робіце?!
Дзеўкі, жанчыны сціхлі, пасталі, насупіўшыся. Бурхан спадылба пазіраў на іх і калаціўся.
— Людзі, што робіце? — цішэй сказаў дзядуля. Базыль пачуў, як закрычала маці:
— А куды ж ён нашу Марысю падзеў?
— Бачыце? — узняла чорную стралу Параска. — Я яе ў яго забрала. Ён чорныя стрэлы пускаў. Ен з іхняй хеўры. Ён чорнымі стрэламі знак падаваў, каб гэткія ж, як ён, на нашых людзей нападалі.
— Дзядуля, душагуба шкадуеш? — закрычаў Раман. — Ён цябе хіба шкадаваў? Забыўся ты?
— Га? — усклікнуў Бурхан і прабубніў пад нос: — Знайду. Усё роўна знайду. Ад мяне не ўцячэш. Знайду-у…
Разам з бацькам
Базыль убачыў, што дзеўкі, жанчыны зноў пачалі наступаць на Бурхана. "Ну, цяпер і дзядуля не ўратуе татарына", — падумаў ён, але памыліўся. Дзядуля падняў руку:
— Стойце!
Дзеўкі, жанчыны сталі. Дзядуля крыкнуў:
— Людзі вы ці не людзі? Я ў вас пытаюся. З усіх бакоў пачулася:
— Людзі мы! І ў нас ёсць душа! Ды гарыць яна, агнём яе пячэ!
— Ён жа нашых дзетак лавіў!
— Можа, цяпер нашых гэткія ж забіваюць у лесе!
— Хіба ён з хлебам-соллю да нас прыйшоў?
— У яго лук і чорныя стрэлы!
Дзядуля павольна прагаварыў, як бы ўзважваючы кожнае слова:
— І мне душу пячэ агнём. Думаеце, што ў мяне яна каменная? Мая ўнучка недзе ў лесе. Мой сын Рыгор таксама там. Але ж мы людзі. Няможна вось так, як вы, самасудам. Навошта грэх на душу браць? Ці вы хочаце быць на іх падобныя? Будзем яго судзіць, калі мужчыны вернуцца з лесу.
— А цяпер куды яго падзець? — усклікнула Параска.
— Цяпер пасадзім у яму. Ногі звяжам. Не ўцячэ.
Базыль з гонарам глядзеў на дзядулю. Вось які ён! Слухаюцца яго ў вёсцы. Сказаў свае слова — і супакоіліся. Яма адразу ж за іхнім агародам, на пагорку. Правільна сказаў дзядуля. Там самы раз Бурхану сядзець. Толькі ці пагодзяцца з дзядулем дзеўкі і жанчыны, ці адпусцяць Бурхана? Хоць і супакоіліся яны, але нядобра глядзяць на яго. Во, і Параска наперад лезе. Карціць ёй нешта сказаць.
— Дзед Піліп, і мы яго будзем судзіць? — запытала Параска.
— А як жа. Усёй вёскай будзем судзіць.
— Знайду. Усё роўна знайду, — наставіў рукі Бурхан, наступаючы на Параску.
— Ой! — піскнула яна і шуснула ў натоўп.
— Ён яшчэ і палохае нас! — з пагрозай крыкнуў хтосьці. Дзядуля схапіў Бурхана за плячо.