— Дзядуля, — падаў голас Раман, — ты казаў татку, што Бардун у Бурхана душу адабраў?
— Усё сказаў,— коратка адказаў дзядуля.
— Цяпер Бурхан што робіць?
— Сядзіць у яме і балбоча.
— Што балбоча?
— Што сліна да губ прынясе.
— Ягоная душа разам з ім сядзіць? Ці зноў у яго ўсялілася?
— Трасца яго ведае! — з горыччу прамовіў дзядуля. — Не па-людску ён жыў, не па-людску і скончыць. Шмат грахоў у яго назбіралася — як і ў Бардуна. А здараецца, што і адзін грэх цягне чалавека камнем на дно.
— Дзядуля, — запытаўся Базыль, — чаму на Бардуна няма пакарання?
Дзядуля глянуў на Базыля:
— Ён, унучак, пакараны. Раней жыў у вёсцы, з людзьмі, а цяпер у лесе сядзіць. Адзін, як воўк. Хіба гэта малое пакаранне?
"І праўда, гэта немалое пакаранне", — падумаў Базыль.
У гэты дзень Раман і ён, Базыль, ляглі спаць раней, чым звычайна, а назаўтра прачнуліся рана-раненька. Ды ў хаце ўжо не было ні маці, ні бацькі, ні дзядулі.
Паснедаўшы, Раман неспадзявана прапанаваў:
— Братка, давай да ямы сходзім, на Бурхана паглядзім.
— Навошта ён табе спатрэбіўся? — здзівіўся Базыль.
— Проста паглядзім, і ўсё.
— Раман, а калі Бурханава душа на цябе накінецца?
— Не накінецца. Яна ж разам з ім сядзіць у яме. Учора дзядуля казаў, што і яна там. На бацьку яна не накінулася.
— На бацьку не накінулася, а на цябе накінецца.
— А можа, Бурхана ўжо выцягнулі з ямы? Мне здаецца, што татка з дзядулем таксама да ямы пайшлі. Пабеглі, праверым.
Зразумела, чаму Раман пасмялеў. Думае, што мужчыны Бурхана з ямы выцягнулі, кудысьці ў іншае месца павядуць. Магчыма, выцягнулі, павядуць. Можа, бацька з дзядулем якраз там?
— Добра. Праверым, — пагадзіўся Базыль.
Яны выйшлі з хаты і паімчаліся праз агарод па вільготнай ад расы разоры. Вось і хвойнічак на ўзмежку. Мінуўшы яго, яны ўбачылі… Бардуна.
— Ляж! — скамандаваў брату Базыль і, выцягнуўшыся, лёг на зямлю.
"Чаму ж тут ходзіць вядзьмак? — думаў ён. — Што яму спатрэбілася ў вёсцы? Няўжо зноў нас з Раманам хоча злавіць?"
Бардун, убачылі яны, падышоў да ямы, стаў на карачкі, узіраючыся ў дзірку, пасля ўсхапіўся, узяў лесвіцу, якая ляжала непадалёку, паставіў яе ў яму і палез.
— Братка, а чаго вядзьмак у яму палез? — прашаптаў Раман.
— Хоча Бурхана вызваліць, — здагадаўся Базыль.
— Што ж нам рабіць?
Базыль ужо ведаў, што будзе рабіць. Трэба бацьку знайсці. Ён мужчын пакліча. Няхай і Бардуна звяжуць. Няхай у яме разам з Бурханам сядзіць.
— Пабеглі,— звярнуўся Базыль да брата. — Бацьку скажам.
Яны ўсхапіліся, прабеглі цераз агарод, выскачылі на вуліцу і штосілы прыпусціліся да ракі. Там, ведаў Базыль, абавязкова павінны быць аднавяскоўцы. Бацька казаў, што ўсе мужчыны вярнуліся з лесу. Канешне, аднавяскоўцы, стоячы на беразе, чакаюць іх.
Да ракі яны так і не дабеглі. Насустрач ішоў дзядуля.
— Дзядуля! — яшчэ здалёку крыкнуў Раман.
— Што? Што зноў нарабілася? — запытаў дзядуля, калі яны падбеглі да яго.
— У нас… Там… — пачаў Раман.
— Дзядуля, Бардун у вёсцы, — паведаміў Базыль. У дзядулі аж твар перасмыкнуўся.
— Бардун? Вы яго бачылі?
— Нядаўна бачылі. Ён у яму палез. Хоча татарына вызваліць, — сказаў Базыль.
Што прынясе свята?
— Вы не абазналіся? — запытаў дзядуля.
— Дзядуля, гэта Бардун. Ён лесвіцу ў яму паставіў і палез! — усклікнуў Раман.
— Бач, што выходзіць, — прагаварыў дзядуля. — Хоча татарына вызваліць.
— Трэба мужчын паклікаць, — сказаў Базыль.
— Уцячэ, пакуль іх паклічам, — не пагадзіўся з ім дзядуля.
Хоць яны, дзядуля, Раман і Базыль, вельмі спяшаліся, але калі прыйшлі да ямы, то ўбачылі, што ні Бардуна, ні Бурхана ў яме не было — толькі лесвіца стаяла. Дзядуля, патаптаўшыся каля ямы, сказаў:
— Усё-ткі паспелі ўцячы.
Базыль міжволі сцяў кулакі. Вось як выйшла. Можна сказаць, усіх аднавяскоўцаў перахітрыў Бардун. Яны пайшлі на рэчку, а ён Бурхану рукі развязаў, дапамог з ямы вылезці.
Высачыў ён, дзе сядзіць Бурхан. Прыцягнуўся ў вёску. Не сядзіцца яму ў лесе.
— Дзядуля, чаму Бардун Бурхана вызваліў? — запытаў Раман.
— Я і сам пра гэта думаю. Відаць, на злосць нам. Душа ў яго такая. Ён аж зубамі скрыгоча, калі зла людзям не зробіць.
Дзядуля замаўчаў. Стаіць, пазірае кудысьці ўдалеч. Вочы сумныя-сумныя. Аб чым жа ён думае?
— Базыль! Мама ідзе! — усклікнуў Раман.
Базыль азірнуўся і ўбачыў, што на пагорак паднімаецца маці.
— Усю вёску абабегла, шукаю вас. А вы вунь дзе, — падышоўшы, прамовіла яна.
— Мама, татарын з ямы ўцёк, — паведаміў Раман.
— Як уцёк?
— Бардун яму рукі развязаў, дапамог вылезці з ямы.
— Які Бардун?
— Вядзьмак. Ён раней у нашай вёсцы жыў.
— Вядзьмак нас… — пачаў Базыль.
Ён хацеў расказаць, як Бардун сустрэў іх у лесе, як настрашыў, але дзядуля гучна хмыкнуў. Базыль зірнуў на яго. Насупіў бровы дзядуля. "Не хоча, каб маці ведала, што Бардун нас у лесе запыніў", — здагадаўся Базыль.
— Базылёк, што ты хацеў сказаць пра Бардуна? — запытала маці.
— Мы з Раманам бачылі, як ён у яму залез. Вызваліў татарына.
— Ну і няхай уцякае, — махнула рукою маці.— Не па сабе мне было, калі думала, што ён тут, у яме, сядзіць. Сама не ведаю, чаму так.
Базыль не чакаў гэткага. Яму думалася, што маці ўзбурыцца, разявамі мужчын-аднавяскоўцаў назаве, калі даведаецца, што ўцёк Бурхан. Учора ж хацела яму вочы павыдзіраць.
— Анюта, — звярнуўся да маці дзядуля, — я ў лес пайду. Базыль убачыў, як у маці задрыжалі губы.
— Не хадзіце! Мужчыны ў лесе. Хіба вы ім дапаможаце?
— Не магу я. Не сядзіцца мне тут. Пайду. Маці ражком хусцінкі выцерла слёзы.
— Татары вас схопяць. Не хадзіце.
— Анюта, не ўтрымаеш ты мяне. Я вінаваты, што Марысю схапілі. Я! — глуха прагаварыў дзядуля.
— Не вы-ы. Татары вінаватыя-а… — заплакала маці. Дзядуля махнуў рукою і пайшоў.
— І ён пайшоў,— паціху прамовіла маці.— Хутка Сёмуха, а ў нас… У нас… Хіба я думала, што перад Сёмухай вочы выплачу?
Базыль добра памятае, як весела штогод праходзіць у вёсцы Сёмуха, ці, па-іншаму, Троіца. У час свята шмат гульняў, дзяўчаты плятуць вянкі, спяваюць песні, ходзяць з "кустом" (у лесе наломяць кляновых галінак, звяжуць іх — і куст гатовы). На яго чапляюць другі, крыху меншы, а на галаву абранай дзяўчыны надзяваюць вянок з розных кветак-красак. Дзяўчына, рассунуўшы рукамі ў кусце галіны, улазіць у яго, каб ён усю яе закрываў. Ходзіць "куст" па вёсцы ў гурце дзяўчат, за імі дзеці бегаюць. Радасць, весялосць.
— Мамка, дзядуля знойдзе Марысю. Ён наш лес ведае як свае пяць пальцаў,— вырашыў суцешыць маці Базыль.
— Вядома, ведае. Але хіба тыя злыдні будуць сядзець склаўшы рукі? Ну, я на берег схаджу, пагляджу. Можа, хто-небудзь з лесу пакажацца. А вы ад хаты не адыходзьцеся. Каб пасля зноў вас не шукала.
— Добра. Будзем каля хаты, — паабяцаў Раман. Маці пайшла праз агарод, і яны папляліся за ёю.
— Базыль, нашы Марысю знойдуць, выратуюць? — запытаў Раман.
Што сказаць брату? Раней ён, Базыль, як гаворыцца, цвёрда верыў, што нашы воі адаб'юць Марысю. Цяпер жа няма ранейшай веры. Ужо другі дзень мужчыны-воі ў лесе, а не могуць знайсці татараў. Вось і дзядуля адправіўся ў лес. Як відаць, і ён не верыць, што знойдуць той варожы атрад. Дзе ж падзеліся татары? Можа, на якім-небудзь астраўку сярод балота сядзяць, затаіліся? А можа, яны на тым возеры, па якім ён, Базыль, разам з Раманам плыў на чаўне? Можа, татары таксама адшукалі сцяжынку, якая вядзе праз балота? Але яна такая вузенькая — па ёй толькі пехатою можна прайсці, а яны на конях. Зразумела, чаму дзядуля хацеў адшукаць тых татараў. Таму і маўчаў, пазіраў кудысьці ўдалеч. Ён думаў, як Марысю выратаваць. Не паслухаўся маці, па-свойму зрабіў: пайшоў у лес. У вёсцы стала ціха і сумна. Людзі як бы забыліся, што вось-вось наступіць свята. Якім жа яно будзе?