Вілюхін быў дома — калоў на двары дровы. Ляжала пры пуні цэлая гара тоўстых чырвоных на зрэзе альховых цурбакоў.
— Залога так не ходзіць, значыць хоча нешта ўзяць ці даць у залог! — абрадаваўся ён госцю. Удзяўбнуў у калодку сякеру, падаў Залогу руку. Яны ніколі не лічыліся блізкімі сябрамі, але адносіны між імі былі шчырыя, прыязныя. Калі працавалі ў школе — Вілюхін дырэктарам, Залога гаспадарнікам — бралі нярэдка чарку. Тады-сяды да іх далучалася і повар школьнай сталоўкі Зоя Кухцік. Яе прыпісвалі Вілюхіну ў палюбоўніцы. Залога няраз бачыў дырэктара ў школе і позна вечарам, і зусім рана, калі Кухцік рыхтавала дзецям сняданак, але гэта яшчэ нічога не значыла. Наўпярок, рабіла Вілюхіну гонар: вось гэта дырэктар, днюе і начуе ў школе. Залога нідзе не абмовіўся нават словам, хоць здаўна варагаваў з Зойчыным мужыком, Мішкам Кухцікам, не мог яму дараваць аднаго выступлення, яшчэ ў пару, калі ён, Залога, быў за брыгадзіра трактарнай брыгады.
Вілюхін пра гэта ведаў і шанаваў свайго гаспадарніка. Не прымушаў, каб той «ад званка да званка» сядзеў у школе ці туляўся па двары. І Залогу гэта было наруку — у маладзейшыя гады ён многа каму ляпіў печы, рабіў рамы і ліштвы, зарабляў лішнюю капейку. Сыны вучыліся, жылі на прыватных кватэрах, і грошы былі край патрэбны.
Дырэктарства сваё Вілюхін скончыў няўдала — яго знялі. Не школа была ў гэтым вінаватая, якраз пры ім яна мела добрую славу. Прычына другая. Выбіралі дэпутатаў у сельскі Савет, і Вілюхін быў старшынёю выбарнай камісіі. Калі камісія пайшла абедаць, нехта пранік у пакой, дзе стаяла урна з бюлетэнямі, і павыкрэсліваў вылучаную ў дэпутаты жонку шафёра, які вазіў старшыню калгаса і быў на прывілеяваным становішчы. Гэта многім не падабалася, і так бязглузда яны здзейснілі сваю справядлівасць. Экспертыза даказала, што выкрэслівала адна рука.
Вілюхіну аб’явілі суровую партыйную вымову і з дырэктараў перавялі ў калгасныя брыгадзіры. Але неўзабаве ён перанёс інфаркт, і яму далі групу. Здаецца, ён не вельмі сумаваў на гэтай вымушанай пенсіі.
— Ці чуў ты, Казіміравіч, што помніку нашаму нібыта каюк?
Вілюхін засунуў у кішэню штаноў руку, пачаў часаць сцягно — была ў яго такая прывычка, засталася ад вайны, з часоў нямецкага палону, калі галодная рука шукала ў кішэні (часта ўжо бясцямна) крошкі хлеба.
— Я ўжо казаў і на праўленні, і на партыйным сходзе: «Таварышы дарагія, давайце не дадзім змарнавацца помніку...» Кхы, кхы...
— Дык а што за прычына?
— Прычына такая... Кхы! — што ў цэнтры калгаса... у Нямільні, будуць ставіць новы помнік, і на яго перанясуць нібыта нашы гэтыя прозвішчы... Кхы! Ляжаць яны тыя новыя стэлы гады ўжо два на складзе... я іх бачыў — мармуровыя і прозвішчы высечаны... пылам забіліся.
— Ну дык і што, калі новы? — Залога быццам спрачаўся з Вілюхіным, акурат той быў вінаваты.
— І да Грыня я колькі разоў падступаўся...
— Канечне, глядзелі б, дык бы і ў галаву не стукнула нікому, каб бурыць...
— Вось іменна! — згадзіўся Вілюхін.— Самі ж і давялі да такога... З-за грошы гэтых свету белага не бачаць. Кожны лічыць: не мая справа. Помніш, колькі мы нерваў і сіл улажылі ў гэты помнік? А пасля? На кожнае свята асвяжалі фарбаю там-сям, кветачкі і ўсё такое...
— Ну мы пахварэлі, пастарэлі, дык няўжо няма каму цяпер гэта рабіць? — Залога паціснуў плячыма і здзіўленымі вачыма глядзеў на Вілюхіна; гэтым сваім неўразуменнем ён хацеў яшчэ больш распаліць Вілюхіна і паказаць сваё абурэнне.
— Вось такую наш Грынь пазіцыю заняў...
Трохі, мабыць, у душы раўнаваў сваё месца Вілюхін, балюча было думаць і ўспамінаць, што колісь і ён меў нейкую ўладу. Спіхваў усё на дырэктара школы, гэтага чужака. А можа, і праўда ён тут ні пры чым? Быў жа ў яго і Залога, але той выкруціўся, маўляў, ад яго мала залежыць: «Мая справа выконваць, а не вырашаць...»
— Раз не трэба дырэктару, дык, мабыць, і яшчэ некаму не трэба,— сумняваўся Залога.— Да мяне яшчэ не даходзіць, што такое можа быць...
— Не, гэта ўжо... кхы... дакладна,— сказаў Вілюхін, сеў на цурбак, перакінуў нагу на нагу — худыя, яны перапляліся так, што далёка выступала з-пад верхняга ніжняе калена.— Нават месца намецілі, дзе новы паставяць... Кхы! Кхы!
— А дзе?
— У цэнтры Нямільні... За мосцікам, каля пагона.
— Няўжо там? Ну і выбралі месцейка! — Залога ўхмыльнуўся.— Каровы рагамі развалакуць і абгародку, і помнік той абгадзяць. Хто гэта такі спрытны пастараўся?
— Архітэктары.
— А дзе яны, тыя архітэктары?
— З раёна прыязджаў... Грэк яго прозвішча.