Выбрать главу

Залога стаяў пад дубам і чакаў старшыню сельсавета — сакратар, худзенькая, з кароткаю, «пад хлопчыка», стрыжкаю, сказала, што хутка будзе, але папярэдзіла: «Калі вы па пытанні паліва ці будматэрыялаў, то сёння Лашкоў не прымае».— «Мяне прыме»,— адказаў не вельмі ласкава ёй Залога, і яна пакасілася на планку ўзнагарод, якую ён прышпіліў на пінжак наўмысна — каб надаць сабе важнасці. Залога нерваваўся. І ў маладыя гады не любіў чакаць, а цяпер і пагатоў.

Было каля дванаццаці гадзін дня. Прайшоў статак кароў — пагналі з ранак — і па вуліцы плыў густы пыл. За каровамі брыло з тузін авечак, яны круцілі галовамі і чмыхалі. Непрыемна глядзець, як пыл асядае на прыгожыя, адштукаваныя дамы-церамы, слепіць вокны. Здаецца, ён пляміць і чысціню чалавечых душ, якія жывуць у гэтых дамах. Залога быццам адчуў, як ён трашчыць і ў яго на зубах. Зноў успомнілася вайна, Варонежскі фронт, раненне — як ён упаў на беразе ў лукавіне Дняпра тварам у пясок і пасля, ужо ў шпіталі, можа, з месяц у яго хрусцела на зубах. Але ён хуценька адагнаў гэты ўспамін, бо і цішыня, і гукі, якія яе парушалі, былі прыемныя, мірныя, яны не трывожылі вушэй, а знаёма лашчылі іх,— рыкалі каровы, спяшаючыся да цёплага пойла, плаксіва бляялі змардаваныя заеддзю авечкі, са шпакоўняў чуўся дзярката-малады, нахабнаваты голас апераных ужо шпачкоў; і раптам над усім гэтым у некага ў двары затарахцела бензапіла — быццам грызла не дрэва, а камень. Праз гэтую пілу Залога і не пачуў, як да сельсавета падкаціў на матацыкле Лашкоў. У нос патыхнула едкім пахам дыму, і тады Залога павярнуўся.

Лашкоў злез з матацыкла, і той, здалося, павышэў, выпрастаўся ўсімі сваімі спружынкамі. Лашкоў мужык магутны — рост два метры, шырокія плечы, чэрава напінае кашулю так, што гузікі трашчаць, а пінжак, мабыць, не зашпільваецца зусім. Зняў з галавы шлем, кінуў яго ў люльку, а з яе ўзяў белы саламяны капялюш, памахаў ім каля твару. Мабыць, убачыў, што каля дуба стаіць Залога, бо не спяшаўся ісці ў сельсавет. А Залога перш думаў пачакаць, каб той зайшоў да сябе ў кабінет, і тады ўжо — ён. Такая стратэгія, на яго розум, давала болей шанцаў на ўдалы зыход: у кабінеце начальнік і да слова стражэй, і адмахнуцца яму не- так проста, як на хаду, і з нейкаю пэўнасцю павінен выпусціць чалавека — адным словам, афіцыйная асоба, то і адказвай па ўсіх правілах.

Але Лашкоў марудзіў, і Залога падышоў. Яны ведалі адзін аднаго яшчэ з хлапечых гадоў. Хадзілі ў адны і тыя ж вёскі да дзевак, гулялі вечарынкі, нават да мардабойства даходзіла — і тады яны былі заадно. З тых часоў акурат і насіў Лашкоў знак — пераламаны ў бойцы, скрыўлены, як у баксёра, нос.

— З раніцы адзін ветэран падпёрся, каб яго паставіў на чаргу на швейную машыну, а ты чаго, брат? — Лашкоў, паціснуўшы Залогу руку, ляпнуў таго па-заліхвацку па плячы.

— А што так напалохаўся, я ж табе не назаляю? — Залога прыняў старшынёўскі жартаўлівы тон.— Ні сена, ні дроў не прашу...

— Шыфер, брыкет? — Лашкоў, прыгарнуўшы да сябе Залогу, павёў у сельсавет.

— Адгадай! — Неяк нязвыкла, нязмушана пачалася іх размова, і Залога перастаў хвалявацца.

— Няма часу на адгадкі, брат! — пасур’ёзнеў Лашкоў.— Сацкультбыт заеў... Пашалелі людзі! Самі калодзеж выкапаць не могуць. Прывязі ім кольцы, дубу на шулы, дошак на стрэшку, калаўрот загні ў кузні... Абляніліся! Вуліцу і тую падмесці ніхто не хоча. Нічога нікому не баліць! — Лашкоў павесіў, так і не надзеўшы, на стаячую вешалку капялюш, прамакнуў насавіком на лбе і пад вачыма пот.

— А вот мне баліць! — трохі сутаргавым голасам выгукнуў Залога, і Лашкоў, сядаючы за стол, глядзеў на яго, не зводзячы вачэй: ці то здзіўляўся, ці спрабаваў усё яшчэ зразумець, з чым жа такім балючым прыйшоў да яго інвалід вайны, пенсіянер Серафім Залога. Зрэшты, наўрад ці можна было яго чым здзівіць, бо ўжо трэці дзесятак гадоў ён займаў пасаду старшыні сельсавета і за гэты час чаго ні наслухаўся, у якія таямніцы яго ні пасвяцілі людзі. Заўчора, смех сказаць, прыйшла маладзіца: «Прыміце меры — мужык не хоча спаць са мною...» Цьфу ты, бес пляшывы!

— Што, рука параненая? — прыкінуўся, што не разумее, Лашкоў.

— Сэрца...— сказаў важка Залога і апусціў вочы, а тады, прыжмурыўшыся, пільна-пільна паглядзеў на Лашкова.

— Арытмія, кардэасклероз? Што ў цябе? У мяне ціск...— Лашкоў устаў з-за стала, адчыніў фортачку і астаўся стаяць каля акна, асцярожна дакранаючыся пальцамі да шыпоў альясу.

— Табе ўсё жарты,— сказаў Залога, адчуваючы, што голас перасядае ў горле, зноў падступае ком і становіцца цяжка гаварыць.— Мне за помнік баліць...

— За які помнік? — Лашкоў крута павярнуўся, і здзіўленне на яго твары, здаецца, было шчырае.