Выбрать главу

— Ну як жа — «які»? Залівонаўскі, наш... Што каля шашы, на адзінаццатым кіламетры ад райцэнтра.

— А-а! — усклікнуў Лашкоў, рашуча адсунуў крэсла і зноў сеў за стол. Перакідваў з месца на месца разлінеяныя жоўтыя паперыны, пагартаў настольны календар,— чыркануў на нейкім дні.— А што па ім плакаць? Рашано ўбраць.

— А нашто яго ўбіраць?

— Так рашано! — стукнуў кулаком па стале Лашкоў, быццам вынесены некім прысуд не падлягае аспрэчванню. На стале пад кулаком, убачыў Залога, была выбіта ямка, лаку не было — жоўтае, з рудымі ніткамі гадавых кольцаў дрэва. Дзіва што: такая даўбешка, кулак.

— Кім рашано? — Цвёрды ком заціскаў Залогу горла.

— Ёсць думка.

— У каго? — дабіваўся Залога, хоць яму было цяжка гаварыць.

— Не наша справа.

— А чыя справа?

— Мы выконваем волю народа.

— А я што, не народ? А залівонаўцы ўсе — не народ?

— З вашай Залівонаўкі быў дэпутат.

— Ну і што?

— Галасаваў «за».

— А пытаўся ён у каго?

— У нас тут свая палітыка...

— Якая, чорт, палітыка! Вы хоць думаеце, што вы робіце? — раз’ярыўся, закрычаў Залога і адчуў, як праваліўся некуды ў грудзі ком і стала лягчэй гаварыць.— Гэта ж... пом-нік,— прамовіў ён з таемнаю ноткаю ў голасе.— Землякам, якія галовы свае злажылі...

Лашкоў устаў.

— Правільна ўсё. Мы шануем іх памяць. Я асабіста не шкадаваў ні часу, ні здароўя... помніш? — калі гэты ваш помнік ставілі... І не толькі гэты! Мы тады, у шасцідзесятыя гады, многа ўзвялі. Толькі на тэрыторыі вашага калгаса... Колькі? Тры! А што? Правільна! Заслужылі, перамаглі...— Лашкоў размахваў здаравенным кулаком.— Няхай маладыя глядзяць, вучацца ў сваіх дзядоў і бацькоў, як трэба любіць і абараняць сваю зямлю... І я як удзельнік вайны буду, пакуль сэрца б’ецца, аддаваць усе свае сілы справе ўвекавечання подзвігу народа!

Залога глядзеў на Лашкова шырока адкрытымі вачыма: «Ён што, не зразумеў, чаго я прыйшоў да яго?»

— Дык гэта... Мікітавіч,— хацеў перапыніць Лашкова Залога, каб сказаць, што якраз і ён так думае, але той ажно захлёбваўся словамі і, мабыць, не пачуў. Ён гаварыў яшчэ хвілін пяць і скончыў сваю прамову словамі: «Ніхто не забыты, нішто не забыта!»

— Як ты ўмееш гаварыць, Мікітавіч,— сказаў Залога, мяркуючы, што ад ягонай пахвалы ў Лашкова зусім размякчыцца сэрца і між імі прападзе ўсякае непаразуменне.— Акурат па пісаным...

Лашкоў задаволена паківаў галавою, вочы яго неспакойна бегалі.

— Дык ён будзе стаяць, помнік? — асцярожна спытаў Залога.

— Усе прозвішчы будуць перанесены на новы, во сюды ў Нямільню... Хіба не ясна? — выразна, як адсякаючы кожнае слова, адчаканіў Лашкоў.

— Новы — гэта добра... І наш няхай стаіць.

— А які ён стаіць, ты бачыў? Сорам, да чаго давялі! — пайшоў у наступ Лашкоў, буравячы вачыма Залогу.

— А што я даводзіў яго? Вы ж улада, трэба было даць указанне...

— Ты на ўладу, Данілавіч, не ківай. Яна цябе не крыўдзіць.

— А хіба я гавару, што крыўдзіць?

— Ты і за электрычнасць палову плоціш, і за газ...— Лашкоў пачаў загінаць на левай руцэ кароткія і тоўстыя, як калодачкі, пальцы.

— Так, але ж я...

— Вам і машыны, матацыклы, дываны ў першую чаргу...

— Ды я...— Залога хацеў сказаць, што ён жа не скардзіцца за няўвагу прыйшоў, але Лашкоў не даваў яму вымавіць слова.

— І праезд раз у год бясплатны... у любы пункт Саюза...

— Добра, усё добра...

— І лякарствы бясплатна выдаюць... Хіба мала?

— Ды я ж не пра гэта! — разгубіўся зусім Залога.— Я нашчот помніка...

— Ну во з табою і гавары,— апусціў неяк расслаблена на стол кулакі Лашкоў, акурат на выбітую ямку.— Пра вас, інвалідаў, такі клопат, а вы ўсё нечым незадаволены.

— А як спакойна глядзець, калі такое замыслілі? — Залога паціснуў плячыма, не разумеючы, чаму не перадаецца Лашкову яго трывога.

— Зрэшты, з табою ўсё ясна,— усміхнуўся зычліва Лашкоў.— Ты ж яго клаў, помнік той...

— Дзела не ў гэтым! — з адчаем сказаў Залога, хоць ён і не быў упэўнены, ці пайшоў бы змагацца за помнік, калі б не прычыняўся да яго.— Не даходзіць да мяне, каб помнік, святыню...

— Ды капне хто вышэй, дык за такі помнік нам галовы скруцяць,— шчыра, з болем у голасе сказаў Лашкоў.

— А што вы не можаце сказаць Грыню, каб пасылаў школьнікаў глядзець?

— Вось і трэба было глядзець! А цяпер што...

— Раней там, каля помніка, і ў піянеры прымалі...

— Цяпер няма каго прымаць... Колькі ў вашую школу ў першы клас пайшло? Адзін чалавек? Здаецца, Клімаўскога сын...

— Во-во! Вёска вырадзіцца, а помнік будзе стаяць... як памяць, як сведка,— аж павесялеў Залога, што знайшоў яшчэ адзін довад.

— Помнік даглядаць трэба.

— Ну давайце я пакуль займуся ім... Пафарбую, шклом прозвішчы застаўлю, падмажу...