Выбрать главу

— Не вайна ж,— паўтарыў Залога,— туды-сюды, і ўсё на месца стане.

— Добра, што сказалі...— Насця з удзячнасцю глянула на Залогу.

— Не забудзь жа, перадай Пецьку. Прашу цябе...— хацеў сказаць нейкае ласкавае слова, але яно не ўскочыла ў гэтую хвіліну на язык, перасела ў горле.

— Перадам, перадам,— спахапілася, як ад сну ачнулася Насця: відаць, забыла ўжо на Залогаву просьбу, так аглушыла яе навіна. Не выйшла ў іх сёння з Залогам вясёлай гаворкі — столькі турбот звалілася.

І Залога пайшоў з двара трохі знявераны, з роспачлівымі думкамі ў галаве.

 

V

Пятро, возячы лубін, нагледзеў ускрай поля ў Шарыпчынай Грыве ладную крушню камення. Мабыць, школьнікі назносілі ўвосень, ды ніхто не забраў. І ён падумаў, што трэба забраць каменне, спатрэбіцца на падмурак пад гараж. У час абеду ён, скінуўшы на ферме лубін, паехаў па каменне. Крушня ляжала пад маладой каржакаватай ігрушаю-дзічкаю, зарасла метлюгом, яе апляла бярозка, расцвіўшы талерачкамі белых і ружаватых кветак.

Беручы камяні, Пятро чамусьці пабойваўся, каб у крушні не ляжала якая-небудзь вужака. Гэта ж як церам ёй, шмат хадоў-выхадаў, нягорача, халадок. Кончыкамі пальцаў, абломваючы пазногці, выкочваў з крушні камень, тады ўжо браў аберуч халодны, знізу вільготны, і кідаў у прычэп. Ніякай вужакі пад камнямі не было, дарэмна асцерагаўся, толькі бегалі, тачыліся ў зямлю чорныя бліскучыя жукі, падобныя на дрывасека, але не ціхаходы, жвавыя.

«Усё-ткі мілае дзела ў вёсцы трактар,— жмурыў ад задаволенасці вочы Пятро, седзячы за рулём,— ці там што падхопіш, ці там... Цяпер бы цэглы разжыцца!»

З двара на вуліцу, калі ён пад’ехаў, выйшла Насця. Глядзела ў яго бок, чакала, вецер матляў яе валасы. Звычайна яна ніколі яго не сустракала. Праўда, колісь у першыя гады, калі ён вартаваў луг, і яго часта падвозілі да хаты, яна мела звычку яго сустракаць. Ён тады нярэдка меў навар — свінныя кумпякі, каўбасу, тушонку, масла. Гарэлкі не піў, пра гэта ведалі нават на Украіне, адкуль прыязджалі па сена, і расплочваліся з ім ці то грашыма, ці прадуктамі, а аднойчы... Нават успамінаць не хочацца. Адным словам, жыў як кароль, пакуль не выгналі. Ды, слава богу, паспеў тое-сёе нажыць, пабудаваў хату, а старую прадаў аднаму пісьменніку з Магілёва на дачу. З тых часоў, як памяць, засталася бярданка, з крывою руляю — яна яму была не патрэбна, «зайцы» самі беглі ў каморку.

Убачыўшы Насцю, ён занепакоіўся: можа, што з дзецьмі? Там жа яны каля рэчкі, што хочаш можа здарыцца. Нядаўна вунь два пацаны, браты, утапіліся. Заглушыў трактар і выкуліўся з кабіны. Твар у жонкі сапраўды быў усхваляваны, валасы не расчасаныя і не сашчэмленыя грабянцом.

— Дзяцей трэба забіраць,— сказала яна.— Эвакуацыя...

— На рабоце я нічога не чуў.

— Залога заходзіў, у сельсавеце быў... Лашкоў наказваў, каб ты пазваніў у сельсавет... ці з’ездзіў.

— Ехаць далёка. Пазваню.

Тэлефон быў адзін на вёску і стаяў на ферме, у чырвоным кутку. Каб ведаў, то мімаходам спыніўся б, пазваніў. Нешта Лашкоў важнае, неадкладнае мае, раз прасіў праз Залогу... А чаго там быў Залога? Можа, наконт гэтага помніка насіўся, ажно затросся ўранні, калі пачуў. Яшчэ не хапала клопату з помнікам гэтым!

Ён скінуў каменне, сеў на веласіпед і пакруціў на ферму. Знайшоў там Чачорчыну Зінку, загадчыцу фермы, і яна адамкнула яму чырвоны куток. Ён пазваніў у сельсавет. Па голасе пазнаў, што Лашкоў не ў гуморы.

— Што там у цябе з тым помнікам? — адразу спытаў ён.

— Стаіць.

— Як, стаіць?

— Як і стаяў...

— Ты што сабе думаеш, Клімаўскі! — крычаў Лашкоў.— Трэба эвакуіраваць дзяцей. Ведаеш, колькі сюды наедзе чужых людзей, а мы будзем выстаўляць напаказ свае балячкі!

— Не так проста...— няўпэўнена запярэчыў Пятро, косячыся на Зінку, якая, выціраючы анучкаю пыл з падаконніка, пільна прыслухоўвалася.

— Шукай чалавека... І зараз жа!

Лашкову, відаць, і сапраўды прыпякло, надта быў ён узрушаны, не слухаў пярэчанняў, насядаў, настойваў.

«Яму там добра з кабінета камандаваць,— выйшаўшы з чырвонага кутка, падумаў са злосцю Пятро,— а паспрабуй тут...» Здаецца, такую перагародку жыццё перад ім даўнавата не ставіла, хіба што тады, як разводзіўся... Але там з бабаю, паслаў к бесу, і будзь здароў. Ад прагулу ці падазрэння якога выкруціцца — таксама не праблема. А тут...