Раней, як былі маладзейшыя, хадзілі з Марусяю ў калгас касіць. З гектар на «працэнты» зараблялі за лета. Калі шанцавала з паласою — на карову і накошвалі. Ды яшчэ бульбоўнік з сядзібы, у садзе пад яблынямі нажне Маруся ношкі тры. Цяпер гэтае сена — праблема з праблем, хоць ты карову, хвост гэты, цягні на базар, збывай. Па ім хоць заўтра, але Маруся ўпарціцца, бурчыць: «Летам унукі прыедуць — чым ты іх карміць будзеш? Кансервінай з крамы, як Чачорка тая...»
Чачорка — суседка, якая нядаўна вярнулася з Казахстана, куды з’ехала яшчэ перад вайной. Вярнулася не адна, а з «пяцерыком» дзяцей — тры сыны і дзве дачкі. Муж нібыта спіўся і памёр, не дацягнуўшы да пенсіі. Чачорка не трымае ні каровы, ні свіней, ні курэй. Жыве з усяго магазіннага, хоць і не скажаш, што яна гультайка. Кабета працавітая, але п’е. Пенсію атрымае — і ўжо дні тры чуваць з двара песні. Ды як зацягне-зацягне, такую тужлівую, горкую:
Ой, каб я ста-ла сі-вай зя-зю-ляй,
Каб я ўме-ла ля-та-ці...
Па-ля-це-ла б я ў чу-жу ста-ра-ну
Свай-го мі-ла-га шу-ка-ці-і, гох!..
Было б дзе накасіць сена — яшчэ б паўбяды. Не зломак жа сам ды, можа, калі б і Юрка з Магілёва падскочыў, тут жа недалёка. Але ў тым і загваздка, што няма дзе. У калгасе не даюць — Туземчык, старшыня, кажа: «Няма членам калгаса, не тое што прыхлябацелям». Вось і даводзіцца то купляць гатовае ў людзей, са стога ці ўжо з сянніцы, то на корані — так намнога дзешавей, але касіць і парадчыць трэба самому. І гойсаеш па навакольных вёсках, прапытваеш, хто прадаў бы сена. У Лютаўцах ляснік Федзька Кундзічаў, далёкі Марусін сваяк, зміласцівіўся: «Табе, Серафім, нічога не пашкадую... Выкошвай паляны каля Гарэльніка. Толькі хуценька ўбірай, а то яшчэ ляснічы прыдзярэцца...» Залога абрадаваўся: і блізка, за шашою Гарэльнік той, і «на свабодзе», як кажуць, не трэба па балоце сувацца, вочы выпорваць рагаззём. Пайшлі яны з Марусяю і паціху выбілі дзвюма косамі тыя прамежжы барознаў, дзе былі пасаджаны сасоначкі. Акуратна, асцярожненька стараліся, каб не зачапіць касою ці не стаптаць тыя кволыя, мяккія, як хвошч, сасоначкі. Сушыць і грэбці Залога хадзіў ужо адзін, у Марусі разбалеліся ногі — чулі непагадзь.
Дажджы заляглі на цэлы тыдзень. Лілі бесперастанку. І цэлы тыдзень нерваваўся Залога, перажываў за сена — не столькі за тое, што прападзе яно, колькі за тое, што падводзіць Кундзюка — так Маруся па-сваяцку называла Федзьку. Ужо дамовіўся і прывезці — з Пятром Клімаўскім.
Астуджаны цвярозлівым ранішнім халадком, Залога вярнуўся ў хату.
— Укусі чаго-небудзь,— пачуў ён жончын голас з-за перагародкі.— У халадзільніку студзень у місачцы...
— Укушу,— буркнуў у адказ. Але перш чым сесці за стол, ён закурыў. Любіў курыць на кухні, асабліва ўначы, калі не спіцца. І цяпер смачна зацягваўся, тоненька выпускаў з сябе дым. Ну і зараза, гэтае курэнне! Ведаеш, шкодзіць здароўю, якога і так мала, а кінуць не можаш. Ды што яму, здароўю гэтаму, не шкодзіць? Чытаеш, чуеш: хімія шкодзіць, дымы ўсякія шкодзяць, цяпер радыяцыя гэтая... Адны кажуць, шкодная, другія кажуць, доза малая. Граматныя, можа, і ведаюць, а ён, Залога, адкуль разбіраецца ў тых рэнтгенах ды мілірэнтгенах, пра якія ў газетах пішуць. Чорта ці зразумееш! Ходзіць чутка, што ў іх тут радыяцыя не перавышае норму, «адпавядае фону». Якая яна, тая норма, які той фон? Хто іх устанаўліваў? Электрыку калгаснаму далі спецыяльны прыбор, сундучок такі зялёненькі ў рудым скураным футарале. Ён і замярае кожны дзень гэтую радыяцыю, дакладвае ў сельсавет Лашкову, а той ужо звоніць у раён. Адтуль парады даюць. Во нібыта па некалькі кропель ёду трэба з вадою піць. Раз ці два і яны з Марусяю выпілі, пасмяяліся... Усё як бы не верыцца, што небяспека ёсць. Калі што сур’ёзнае завяжацца, навісне, то так не пакінуць людзей, і пра яго, Серафіма Залогу, паклапоцяцца... Улада ж народная — народу і служыць.
Дакурыўшы папяросу, Залога ўкінуў яе ў памыйнае вядро. Спаласнуў пад умывальнікам рукі, твар, выцерся мяккім махровым ручніком.