Насця камканула мужыка ў плячо.
— Сядзі ты, герой!
Пятро апусціў калашыну.
— «Рама» вёску бамбіла, і асколкі секанулі... А калі б па чарапку? — Пятро ляпнуў далонню па кучаравай галаве і глянуў на Залогу з важкай саманадзейнасцю, маўляў, і я маю вось рахунак з вайною.— І мяне няма... А ці толькі я адзін такі, на каго смерць замахнулася ды абмінула?
«Чорт, падкруціў!..— падумаў захмялелай галавою Залога.— І не падумаў бы...»
Людзям, мабыць, не падабалася, што яны завялі такую гаману, не месца тут усякім дамовам ды выхваленням, і Залога змоўк, але яшчэ доўга думалася яму над гэтымі Пятровымі словамі: «Ён быў бы трэцім...»
І цяпер, успомніўшы, дзе, калі і кім яны былі сказаныя, ён абрадаваўся. Вайна і на Клімаўскім пакінула след, абпаліла... Рана, яна шчыміць, любому шчыміць, і ён, Клімаўскі, канечне, будзе стаяць за помнік. Мала што пацыкаўся тады, як па сена ездзілі, гэта ўжо ў яго натуры кабырзіцца. Вось толькі навошта ён так спешна патрэбен Лашкову? Мабыць, пра эвакуацыю дзяцей будзе нешта гаварыць... Дзела такое незвычайнае, няпроста ўсё гэта.
Як ніколі, было складанае жыццё.
Трохі супакоіўшыся, Залога ўжо як бы і з ахвотаю, не такі прыгнечаны пайшоў глядзець тую траву на сядзібе. Сеяў ён траву ўжо некалькі гадоў запар, на гэта былі свае прычыны. Пастарэлі яны з Марусяю, здабываць цяжэй стала сена — старшыня калгаса Туземчык нос адварочвае ад іх, пенсіянераў; а па-другое, лічы, кожны год вымакала на нізіне бульба — з вясны на тым, што ад пагону, краі мокра, а пасля яшчэ дажджы залягуць — мора цэлае стаіць, рабізну вецер ганяе, бульба гніе, а калі якая і прарасце, дык толку з яе няма, тоненькая, кволая цявінка. Не толькі Залогі, многія ў вёсцы пад сена паўсядзібы аддаюць.
Нешта ў гэтым годзе, прымеціў Залога, спрыяла росту: і на градах усё падурэла, як кажуць, цыбуля, буракі, морква, боб; яблыкі і грушы ў маі так цвілі, што лісця не відаць, адно белае воблака — гіганцкія адуванчыкі выраслі над зямлёю. Праўда, многа пустацвету было, асыпаўся — пчолы ды чмялі перавяліся, рэдка бзыкне каторы ці каторая. А колісь у яго бацькі, Данілы, было каля трох дзесяткаў вуллёў. З хаты ў спякоту не выйдзеш, раззлаваныя пчолы так і пякаюць то ў шыю, то ў шчаку, то ў валасы заблытаюцца,— страху не столькі ад укусу, колькі ад шалёнага бзыкання.
Ён стаяў каля прасла; абапёрся на верхнюю жардзіну, і яна хруснула.
«Во ліха! Згніло ўжо прасла... І калі? Здаецца ж, нядаўна гарадзіў...» — Ён тужліва глядзеў на сядзібу: бульба і за ёю цімафееўка стаялі ядранай зялёнай сцяною, цямнейшая — бульба, святлейшая — цімафееўка. Ураджайны год, падумаў ён, адчуваючы, што замест радасці грудзі запаўняе гарчэча: ці ўдасца спатрэбіць, пусціць у толк? Нешта ўсё ідзе да таго, што не пра гэта трэба будзе думаць, а пра тое, як самому размінуцца з бядою. Ды пра сябе ўжо ён не турбуецца — пажыў, пабачыў, укусіў і салодкага і горкага,— думаецца пра тых, хто яшчэ, як кажуць, напроць жыцця, чыё шчасце толькі ў зародку, у бутоне, які яшчэ не раскрыўся...
Залога ўздыхнуў. Твар яму абвяваў лёгкі ветрык, ён браўся недзе каля балотца — прыносіў водар ажыны, такі густы і выразны, што Залога, здаецца, адчуў у роце смак чорных з шызым налётам ягад.
«Можна касіць... Заадно гляну і жукоў»,— падумаў Залога; сагнуўшыся, пралез пад верхнюю жардзіну. Ён прайшоў мяжою метраў дзесяць, кідаючы позіркі налева і направа,— як і чым ні труці гэтых «каларадаў», нічога не памагае, вісяць гронкамі на кожным каліве. Але бульба ўжо набрала сілу, убуціла, як кажа Маруся, і цяпер яны не страшныя ёй. Можа, іншым разам Залога пачаў бы збіраць жукоў у бляшанку з саляркаю, якая з вясны стаіць тут каля кутавога слупа, але цяпер гэты занятак здаваўся яму пустым і непатрэбным. Трэба з помнікам разабрацца да канца. Гром ужо, як кажуць, грымнуў, але пакуль не пайшоў дождж. Што пасля каму дакажаш? Сцёрлі, змялі... Пад гарачую руку чалавек шмат чаго бязглуздага робіць, а потым за локці сябе кусае, раскайваецца — сам ці ўжо іншыя за яго раскайваюцца. Сляпы чалавек у злосці, у прыступе пыхлівасці, у яго розуму хапае толькі сябе абараніць, а як астатнім, што далей будзе — яму начхаць, яму важна сілу сваю паказаць, зламаць супраціўленне. Р-раз — і скрышыў!
«Дайшлі, дажыліся, чорт! — плюнуў пад ногі Залога.— Можа, я дурны зусім і нічога не петру? Адстаў, затлуміўся, а калясніца ўжо далёка ўперадзе...»
Ну павінны ж быць людзі, якія і яго зразумеюць? Свет жа вялікі, у адным баку дурні, у другім разумныя... Пахадзіўшы, можа, прыб’ешся і да такіх, як сам, і тады лягчэй стане? Як яму, Залогу, здаецца — усё нішто ў параўнанні з гэтым помнікам. Усё прыйшло і пайшло, а ён павінен стаяць вечна. Вось так — вечна... Хто не згодны? Пакажыце яго. Дайце глянуць, што ў яго за вочы, рукі, твар, валасы?