Выбрать главу

Ды што тут чыкацца, чорт бы пабраў! Зараз сядзе і настрочыць пісьмо ў газету. Балазе занятак не новы для яго. Колісь, як маладзейшы быў ды галава святлейшая была, пісаў часцяком — пра ўдарнікаў, старых людзей, ветэранаў... Нават граматай узнагародзілі як актыўнага селькора, яна і цяпер на дне чамадана ляжыць, разам з іншымі каштоўнымі паперамі, з патрэпанымі пасведчаннямі на медалі.

Не-е, недарма Серафім Залога зямлю таптаў, паветрам дыхаў, хлеб еў — заўважалі яго, нейкая карысць ад яго была. А раз была раней — не можа быць, каб і цяпер ужо зусім нікчэмным стаў. Даастатку сябе паложыць, сэрца аддасць, але дакажа, што нешта яшчэ значыць у гэтым свеце.

Залога так распаліў сваё нутро, што ў разгневанасці не мог ціха ісці, бег, акурат нехта гнаўся за ім. Ён як звар’яцелы ўхапіўся ў хату. Вырваў з сярэдзіны сшытка, які купіў на пісьмы, двайны аркуш. Сеў за стол. Грамацей, вось і пішы. Напісанае — гэта ўжо дакумант, яго не перакруціш.

— Што ты там надумаўся? — спытала Маруся. Седзячы на мяккім нізкім крэсле, забінтоўвала нагу.— Можа, Колю пісьмо... даўно не чутно.

Ён нічога не адказаў, толькі кашлянуў, быццам яму трэба было гаварыць, выступаць з трыбуны, а не пісаць.

«Пакуль тое ды сёе, напішу... Няхай параяць нешта. Ці ж гэта парадак, што помнік без догляду? А цяпер некаму ўзбрыло зносіць яго. Кожны абураецца і кожны чакае, пакуль нехта нешта зробіць. Дырэктар Грынь і той заяўляе: «А што мне...» Свята прыходзіць — кветкі ніхто не ўскіне...»

Гэтыя думкі Залога і пераплёў у свае каракулі на паперу. Заклеіў канверт, падпісаў адрас раённай газеты і аднёс у паштовую скрыню.

Думаў, трывогі на душы паменшае, а яе, наўпярок, пабольшала. Ляжаў уночы з расплюшчанымі вачыма, думаў. У грудзях быццам стыў халодны ком.

 

VII

Пятро адчуў, што ззяблі плечы, быццам пад кашулю засунулі тоненькую льдзінку. Здавалася, устане ён з услончыка і пачуе, як затрашчыць, пачне калоцца і звінець лёд. Халера... Ён доўга сядзеў, баючыся ісці ў хату, мудраваў, як выкруціцца, што рабіць... Зваліўся ж на галаву гэты клопат з помнікам. Дурня знайшлі! Вечна яму не шанцуе. Людзям чорт дзяцей калыша, а тут... Мымко замымкаў-запымкаў. Вадзімка жарцікі падпускаў, а глядзеў на яго, Пятра, як на дзіця гарэзнае.

Па спіне пабеглі мурашкі, бо здалося, што ён заціснуты між дзвюма бетоннымі сценамі і застаецца ісці толькі наперад, па вузенькім, бы траншэя, калідорчыку. Ён баяўся цеснаты, у якой яшчэ ніколі не бываў, але якую не раз уяўляў.

Ён ссунуўся з услончыка, паварушыў плячамі, выгінаючы іх ззаду так, каб дакрануліся лапаткі. Кроў не хацела грэць яго — здавалася, што і яна халодная, як у рыбы, і пульсуе па халодных, як шкляныя трубкі, жылах. Дзіўнае было адчуванне, як і думкі дзіўныя, і ён спалохаўся, што можа здурнець.

Раптам пачуў лёгкі гуд, і па белай шыфернай страсе хлява слізганула святло, на краі абарвалася, акурат адрэзаная шкліна ўпала ў цемру на зямлю.

Міма двара па вуліцы праехаў на сваім «гарбылі» Язэп Касіла. «Гарбылём» называлі стары «Масквіч» — з чырвоным выгнутым, падобным на горб, кузавам. Калі глядзець здалёку, здаецца — паўзе божая кароўка. Такі нягеглы выгляд «Масквіча» яшчэ больш распальваў у Пятра жаданне займець зграбную, лёгкую, бы дзікая каза, машыну, якою ён лічыў «Жыгулі» — такія, як у Грыня.

І цяпер, убачыўшы Касілу, Пятро перш і падумаў пра сваю блізкую ўжо мэту — «Жыгулі»,— але ў сэрца не прыліла, як заўсёды раней, асалода, і не ў радасці яно забілася, а ў нейкім трывожным прадчуванні. Заўтра Касілам гнаць кароў, і Язэп, мабыць, паехаў, каб дапамагчы сястры Нінцы адпасвіць. Ён жыў у райцэнтры, памяняў некалькі работ, так ці інакш звязаных з тэхнікай, і на пенсію пайшоў з «Сельгасхіміі», дзе тры апошнія гады запраўляў ядахімікатамі цыстэрны. Стары Касіла мінулай зімою памёр, а Касіліха яшчэ перад вайною, у хаце засталася дачка Нінка — адна, бо яе адзіны сын, ужо дарослы, сямейны, якога яна прыжыла, казалі, ад дырэктара лясгаса якраз у той час, калі Язэп працаваў там столярам, жыў у Мінску, тады-сяды наязджаў падсобіць маці. Цяпер нібыта завербаваўся на два гады на Поўнач.

І ў Язэпа сям’я не склалася. Ажаніўшыся з інтэлігентнай, прыгожай жанчынай, выкладчыцай музычнай школы, і пражыўшы з ёю каля дзесяці гадоў, у рэшце рэшт развёўся. Дачка засталася пры маці. Язэп, нягледзячы на ўзрост і падарванае сібірскімі маразамі здароўе, запіваў, асабліва калі выйшаў на пенсію. Не грэбаваў нічым, піў адэкалон, настойкі, экстракты, абы пахла спіртам.

Пятровы думкі, як мурашы сваю ахвяру, аплялі Язэпа, і тое трывожнае прадчуванне ў сэрцы пачало праясняцца: Язэп Касіла — гэта апошні шанец. Калі не ён, то ўжо ніхто. Пятра ахапіла трасучка: і ад таго, што целу было холадна, і ад таго, што выйсце адкрылася нечакана і ў той момант, калі душа, уся істота былі сціснуты цяжарам, здавалася, нязноснага адчаю, які ахапіў яго, разгубленага, на адзіноце.