Ён пайшоў у хату, але заснуць не мог, ужо не ад трывогі, што зводзіла, спапяляла душу, а ад навязлівага імкнення думак у заўтрашні дзень, калі ён пойдзе на размову да Язэпа. Колькі разоў за ноч думкі кінжальным выпадам успорвалі яго затуманеную свядомасць, выкідвалі з ложка, але халодны, прыкры страх астуджваў яго перад самымі дзвярыма: «Не, лепш заўтра, раненька...» Але і гэты парыў, і рашэнне схадзіць заўтра ранічкаю, былі аднолькава бязглуздыя, выкрасаныя запалёнымі ад бессані і перажыванняў мазгамі.
Ледзь перакачаўся ноч. Устаў на золаку, сядзеў, як статуй, на ложку, тупа глядзеў у падлогу. «Халера, ну і заклініла!..— скрыпеў ён зубамі. Чамусьці пра ход назад не думаў, быццам ніякіх варыянтаў там не было, а ўсё, што дапаможа яму вышкрабціся, толькі наперадзе.— Калі б не гэта эвакуацыя, можа б, і ўдалося пераперці Лашкова, а так...»
Кружылася, цягнула ўніз галава, перасохла ў роце — было млява.
Кукарэкнуў не свой, а суседскі певень — густы бас. Што, свой не хоча будзіць гаспадара? Разумны певень...
Пятро пайшоў у кладоўку. Там у шкапчыку стаялі гарлачы з малаком. Пахітаў іх — выбраў той, дзе малако скісла. Памяшаў вялікай лыжкаю і выпіў ледзь не паўгарлача сыраквашы. І адно тады спалохаўся, што малако заражанае — у раёнцы пісалі, раілі не піць.
Праяснялася ў галаве, але на душы не палягчэла, і ён на вялых нагах, няцвёрдаю паходкаю выйшаў з хаты.
На сцежцы ўпрыцемку белаю ніткаю свяціўся след ад веласіпеда. Мабыць, паехаў на ферму конюх, Пімен Кунцэвіч. На небе над лесам квола і толькі на імгненне ўспыхвалі зарніцы, быццам там нехта асцярожна прыкурваў, хаваючы ў далоні запалку. «Няўжо зноў пальюць дажджы?» — з жахам падумаў Пятро, але паспрабаваў сябе супакоіць — не хацелася замаркочаным з’яўляцца перад Язэпам.
У Касілаў акно ў прыдзелку свяцілася, і гэтая пляміна святла ў цішы, халаднаватай ранішняй прыцьмеласці неяк па-асабліваму ўзрадавала Пятра. Не могучы саўладаць з сэрцам, якое грукатала ў грудзях, ён ступіў у хату, прыцінаючы страх: «Нешта матор барахліць...»
Ягонаму прыходу здзівіліся — і Нінка, нізенькая, худая, бы трэска, з хваравіта-белым тварам кабета, і Язэп, такі ж высокі, худы, толькі з цёмным, учарнелым тварам, правую шчаку якога перасякаў глыбокі шрам. Язэп сядзеў за сталом, на якім стаялі дзве цёмныя пустыя бутэлькі. Нінка, стоячы, наразала на драўляным кружку сала.
— Добрай раніцы ў хату! — павітаўся Пятро.
— Здароў, кораш! — бадзёра адказаў Язэп, але голас у яго сарваўся — быў хрыпаты.— Куды затарабаніць? — так растлумачыў ён ранні Пятроў прыход.
— Не... Ета ж ён, мусіць, хоча радоўку перапрасіць... дзяцей жа трэба вывозіць,— прашамкала шчарбатым ротам Нінка.
— Чуў я, чуў,— падняў галаву Язэп.— У раёне пра гэта два дні гундосяць.
— Усё правільна, людзі, але не таму я, Нінка, прыйшоў,— нейкім дужа сур’ёзным, нават з трагічнымі ноткамі голасам сказаў Пятро.
— А што ж тады?
— Ёсць дзела,— сказаў важка, але ціха, і глянуў на Язэпа.
— Такое важнае, што сярэдначы забурыў! — пажартаваў Язэп, хоць, відаць, у яго і было змрочна на душы пасля ўчарашняй выпіўкі, сведчаннем якой былі дзве пустыя бутэлькі на стале.
— Пайшлі пашэпчамся,— кіўнуў Клімаўскі на дзверы, запрашаючы Язэпа на двор.
— Што ўжо вы! Я сама выйду...
— Ты давай чалавеку яешню смаж,— сказаў Пятро, наўмысна з такім разлікам, каб палесціць Язэпу ўжо цяпер.
Яны выйшлі на двор, і з высокага ганка Пятро ўбачыў, што неба на ўсходзе за алешнікам — дзе звычайна святлела — было цёмнае.
— Можа не пашанцаваць табе сёння — паказвае на дождж... бліскае,— сказаў ён.
— Дык давай і праўда мен устроім, га? — засмяяўся Язэп.— Ты нашу радоўку, мы — вашу.
— Не да кароў мне! — Пятро з адчаем плюнуў.
— А што такое, Пеця? — Язэп узяў Пятра за локаць і з цікаўнасцю глянуў у вочы.
— Дудкі здагадаешся! — Пятро куражыўся, падстрайваўся пад Язэпа, выстаўляў сябе гэтакім несусветным зухам.
— Нешта смажанае кораш прыдумаў,— крутнуў галавою Язэп.
— Не я прыдумаў, іншыя прыдумалі, а на мяне ўзвалілі,— сказаў Пятро з адчаем і крыўдаю ў голасе.
— Ну ты ж у нас начальнік, прызваны аддувацца за ўсіх,— з доляю жарту, але не дзеля смешачак сказаў Язэп.
— За ўсіх вас, але не за начальства,— сказаў зласліва Пятро, ды Язэп яго не зразумеў.
Нейкі час — пакуль Язэп закурваў — маўчалі.
— Дык што ў цябе, Пеця? — спытаў ён, зрабіўшы зацяжку.