— Я і кажу, сітуёвіна не дай бог!
— Цяжэй, чым у мяне, не будзе,— сказаў Язэп і з крыўдаю за сябе, і з жаданнем падбадзёрыць Пятра.
— У цябе ўжо прайшло, быллём парасло...
— А не, карашок, кожны жук і жаба стараецца ў вочы пырнуць!..— У Язэпавым голасе ўжо была не крыўда, а злосць. Ён так рэзка апусціў руку, што з папяросы выбілася іскрынка, упала на зямлю.
— І мне во... Трэба помнік убраць.
— Які? Што каля шашы?
— Ён самы.
— Нешта апошнім часам яго кінулі на праізвол судзьбы, не глядзяць... езджу міма — бачу.— Язэпа Пятрова вестка мала ўстрывожыла, бо ён і блізка не здагадваўся, дзеля чаго той загаварыў пра помнік.
— А хто глядзець павінен? Мы і павінны! — Пятро ўзяў і на сябе віну наўмысна, каб Язэпу лягчэй было згадзіцца, выручаючы іменна яго, а не некага.
— Неяк жа дзеці раней... шэфствавалі.
— А цяпер дзяцей колькі... Дый тых во будуць вывозіць. Прыедуць камісіі ўсякія, чужыя людзі, а помнік наш бедны.
— Ты ж улада, гаспадзін начальнік, ты і прымусь прыбраць,— падкалоў Язэп.
— Не прыбіраць, а, я ж сказаў, убраць трэба,— сказаў Пятро, надаючы голасу рашучасці, каб не выклікаць у Язэпа сумненняў.— Хацеў бы я цябе прасіць, Язэп...
— А не-е, карашок! Дудкі, Мар’я Іванна, як кажуць...— Язэп заўхмыляўся, рухі яго сталі больш рэзкія і нервовыя.
— А што табе? Не бесплатна ж...
— Колькі адвалілі?
— Паўсотні пакуль... Можна і больш...— затараторыў Пятро, думаючы: раз Язэп зацікавіўся грашыма, то і згоду дасць.— Цэгла дармавая...
— На чорта мне твая цэгла! Грабніца мне не трэба — я не фараон.
— Я забяру на гараж, а табе пляшку пастаўлю.
— Ты ўжо думаеш, што Язэп Касіла прапашчы фрукт? — раптам захрыпеў Язэп.— Чалавек ляпіў, а я разбураць буду?
Пятро адчуў, што Язэп пакрыўдзіўся. Нават ударыць можа. Яго ўпрошваць не трэба — і ў вайну, і пасля ў такіх пераплётах быў, што доўга не думаў.
— Я цябе як чалавека прашу, а ты...— размяклым голасам сказаў Пятро.
— Не-е, гаспадзін начальнік, ты мяне за чалавека не лічыш, калі прыйшоў з такім тухлым дзелам... Я цябе, хлюпік, за такое і падрэзаць магу.
— Ну, канчай ты, канчай, Язэп!..— Пятро не вельмі ўжо і баяўся Язэпа з голымі рукамі, але і крыку, валтузні не хацелася.— Не сам, дык, можа, каго параіш, хто б... На прымеце, можа, хто ёсць...— Пятро адчуваў, як выслізгвае апошняя надзея.
— А хто на гэтае тухлае дзела пойдзе? У цябе што, кораш, зрух па фазе?
Халера, дзіўна неяк закручваецца: людзям адразу ўсё зразумела, як двойчы два, а ён на нешта яшчэ спадзяецца, шукае пралому ў сцяне людской нязгоды. Няўжо ён і праўда такі дурны і не бачыць тое, на што ў людзей адкрыты вочы і душа? Ну так, ну канечне, гэта ўсё няпроста і нялёгка, але каб так адмахвацца... Не чакаў такога і ўсё яшчэ знаходзіўся ў недаўменні Пятро. Ну, няхай гэты Залога, тут, як той казаў, усё ясна, чалавек помнік, калекуючы, ляпіў, насіўся з ім, як ляльку песціў.
Ледзяны жах ахапіў Пятра. Хоць наперадзе быў дзень, яму здавалася, што — беспрасветная цемра, у якой, колькі не ідзі, няма канца, як і ў тым вузкім калідоры з бетонных сцен, што ўявіўся яму ўчора ўвечары.
— Ну я прашу цябе, Язэпка, выручы! — агаломшаны, апанаваны адчаем, наважыў не саступаць Пятро, і ў голасе была такая мальба, што здавалася, ён зараз упадзе перад Язэпам на калені. У яго зводзіла сутаргаю губы, яму было цяжка вымаўляць словы.
— Яшчэ слова пікні, і я цябе падрэжу, яй-богу, падрэжу! — раўнуў хрыпатым горлам Язэп, і Пятро ажно адступіў на крок, баючыся, каб не дастаў яго моцны кашчавы Язэпаў кулак.
Ціха, як здань, выплыла на ганак Нінка, у цемры і ў цёмнай сукенцы яна здавалася зусім маленькай, як кошка.
— Ета вы так шэпчацеся? — спытала яна.— Не трэба і крычаць пад акно — усіх гаспадынь разбудзіце... Што ты, Язэпка, раскрычаўся?
— Згінь у хату, а то зараз сяду ў машыну і ўкачу к ядронай матушкі! — злосна кінуў ёй Язэп.
Нінка гэтак жа нячутна, як і выйшла, схавалася ў цемнаце сенцаў.
— Я ж не хацеў цябе крыўдзіць,— пачаў апраўдвацца Пятро вінаватым голасам.
Язэп расхадзіўся і не мог супакоіцца.
— Запомні: Язэп Касіла не хлюпік! Усёк? Дарэмна пыл ганяеш, гаспадзін начальнік!
Прайшла мінута, другая ў пакутлівым маўчанні. Было чуваць, як дыхае Язэп, хрыпіць у яго ў грудзях.
— Дайце мне спакойна дажыць да смерці! — раптам засіпеў Язэпаў голас і пасля задрыжаў.— Я за сваё расплаціўся! Дзесяць гадоў на Калыме адцягнуў дзень у дзень...
— Ды пры чым тут гэта? — Пятро ведаў усё пра Касілу, пра яго зламаны лёс і не хацеў зноў вяртацца да гаворанага-перагаворанага.
— Як жа — пры чым? Ты ж ішоў, думаў, што Язэп Касіла паліцаем быў, дык на любое тухлае дзела пойдзе... Ага, трымай кішэню шырэй! Ану валі адсюль! — Язэп спружыўся.