Выбрать главу

— Язэпка! — пачуўся з цемнаты Нінчын голас.— Яешня гатова...

— Ідзі снедай,— сказаў Пятро, як бы даючы Язэпу дазвол на яду і так, каб паказаць, што ён не затрымаў на сэрцы крыўды, абы толькі Язэп на яго не пакрыўдзіўся: маўляў, ну што ж, пагаварылі і не зразумелі адзін аднаго.

— Пайду хаваць,— сказаў Язэп ціхім голасам, а можа, проста сарваў яго і гучней сказаць не мог.

Пятро ішоў па вуліцы, і на яго крокі ў дварах адзываліся сабакі. Каля двара на лавачцы сядзела Чачорчына Зінка: мабыць, чакала даярак ісці на ферму.

— Што, можа, Пецька, ты кароў сёння пагоніш? — спытала яна.

— Не,— не паварочваючы галавы, адказаў ён.

— Ну тады, мусіць, да дзевак бегаў! — засмяялася Зінка.— Насты нямаш...

«Нешта Касілы позна выганяюць...» — пачуў, ужо адышоўшы. Гэтаму баб’ю ніяк не ўладзіш, падумаў ён з раздражненнем, быццам яго была сёння радоўка,— на мінуту пазней выгнаў: «У абед папёр кароў»,— на мінуту раней: «Сярод ночы ўспароў». Ён стараўся думаць абы пра што, толькі не пра помнік. У яго шумела ў галаве, нешта пазвоньвала, бы вітамінка ў бутэлечцы. Было жаданне бухнуцца, не раздзяваючыся, на ложак, праваліцца ў мёртвы сон і так праспаць цэлую вечнасць. А тады прачнуцца і ўбачыць, што ўсё добра, ніякіх праблем няма, жыццё радаснае і бесклапотнае, дзеці вялікія — дочкі маюць мужоў, а сын — жонку.

Але ў хату не пайшоў, стаяў на вуліцы — чакаў, калі выганяць кароў. І як толькі ў тым канцы вёскі пачулася: «Эй, ганіце кароў!» (крычала пісклява-прарэзліва Нінка), ён пайшоў адчыняць хлеў. Карова ляжала — хрыбціна, выпертыя бакі і рагатая галава. Павярнула да яго мызу, шумна пацягнула ў сябе паветра.

— Ану ўставай! Пайшла напале! — стрымана, але крыкам загадаў ён карове. Яна не ўставала. Тады ён махнуў рукою — і яна падхапілася, спачатку на заднія ногі, потым на адну пярэднюю, паставіла другую. Згарбацілася, загнуўшы над крыжам хвост, і калі ён махнуў яшчэ раз рукою, выйшла з хлява. Ён, пляскаючы далонню па баку, хуценька пагнаў яе з двара, баючыся, што яна налёпае.

Чарада была ўжо блізка, і ён, пакінуўшы карову на вуліцы, пайшоў у хату.

Дзіўна, не спаў, але не пачуў, як прагналі міма хаты кароў, і, успомніўшы пра іх, тузануўся, падумаўшы, што не выгнаў каровы. Заскрыпеў зубамі: «Амбец! Здалі нервы...» Яму стала тужліва і непрытульна, як ніколі, і некаму было яго пашкадаваць, не было Насцінага пляча, каб прытуліцца... Ён успомніў пра сваю бярданку-крывуліну. Можа, узяць з шафы ды ўставіць рулю ў падбародак? Спалохаўся, так падумаўшы. Ён не хацеў згаджацца, што жыццё ў яго невыноснае, пакутлівае. Не і не! Іншыя былі б на сёмым небе ад такога жыцця.

І ён зразумеў, што нешта трэба яму з сабою рабіць, браць у рукі, цвяроза глядзець на рэчы, на людзей. Час не такі, каб нюні распускаць. Не мардаваць сябе трэба, а дзейнічаць — цвёрда, разважліва, ісці, раіцца з Лашковым. Людзям цяпер не да помніка, не ім яны заклапочаны, жыццё ратаваць трэба...

Трохі супакоіўшы сябе, ён заснуў на гадзіну, але сон быў глыбокі і здаровы, як у маладыя гады, як у мінулую ноч, калі ён вярнуўся з пасяджэння сельсавета.

 

VIII

Залога прачнуўся і ўспомніў, як выганяў на ранкі карову. Звычайна выганяла Маруся, але ў яе разбалеліся ногі, і ён паспачуваў жонцы.

На вуліцы галёкала Нінка Касіла, крычала пад акно ў кожны двор. Час ад часу пакрыкваў і мужчына: «Э-эй!...» — і біў кіем па частаколе — сухі трэск, як аўтаматная чарга, сатрасаў вуліцу.

«Ці не Язэпаў голас?» — падумаў Залога, прыпыніўся каля лавачкі і чакаў. Сон вобміг зляцеў з яго, быццам ужо даўно на нагах.

Было пахмурна, плаваў туман, на траве ляжала раса. Знаць, дажджу не будзе. Выблісне сонца і разгоніць хмары, праясніцца неба, і будзе, як у іх кажуць, матыльковая пагодка.

Язэп, ідучы па тым баку вуліцы, згледзеў Залогу — крута павярнуў.

— Сёння за камандзіра? — сказаў Залога, паціснуўшы Язэпаву руку.

— У грабу я відзеў гэтае камандзірства! — вылаяўся Язэп.— Не ў нашы, Серафімка, гады бегаць за каровамі. Гізануць — хіба за імі ўгонішся?

— Аваднёў будзе мала, машка толькі...

— Заесць сволач! — Язэп пачасаў патыліцу.— Не бярэ яе ні радыяцыя, нічога!..

— Адкуль ты ведаеш? — засмяяўся Залога.

— Дык жа апетыт у яе! Ну, пабягу, а то...— Адышоўшы, раптам павярнуўся і спытаў: — Дома будзеш да абеду?

— Буду... Цімафееўку хачу скасіць,— адказаў Залога і здзівіўся, навошта ён спатрэбіўся Касілу. Ды мала чаго! Аднагодкі, раслі разам. Даводзілася і чарчыну браць, і ў адной талацэ рабіць, перад тым як Язэпа судзілі, цяслярылі разам у калгаснай брыгадзе.

Але спакою ўсё роўна не было, і Залога, прылёгшы яшчэ дасыпаць, так і не заснуў. Ляжаў ціха, не варочаўся, і Маруся, мабыць, палічыўшы, што ён спіць, заснула.