Выбрать главу

Усталі яны, калі развіднела. І самім было дзіўна: ці састарэлі, ці распанелі, ці ліхаведама што, але раней не было такога, каб давідна ў ложку валяцца. Нешта рупіла, нейкі клопат звечара намячаўся. Людзі спяшаліся, спяшаліся і яны. На машыну паспець, каня запрэгчы, у дровы схадзіць, сена згрэбці, па ягады ці ў грыбы збегаць — хоць разарвіся было, а ўсё роўна ўсюды не ўхопіш. Дзеці былі пры іх — трэба ж накарміць, у школу адправіць.

Цяпер жа, здаецца, ні людзям, ні ім нічога не трэба. Як вараныя ўсе. Дзень пражыў — і ладна. Нейкая жылка быццам лопнула ўсяродку, тая жылка, якая накручвалася, накручвалася і не давала драмаць душы, вярэдзіла, падварушвала.

— Залежаліся мы, матка,— сказаў Залога, яму было няёмка і нават сорамна.

— А што табе, ляжы,— супакоіла Маруся голасам, якім звычайна апраўдвалася перад мужам.

— На тым свеце ляжаць будзем, а тут рабіць трэба,— не згадзіўся з ёю Залога.— Ідзі дранікі пячы. Я ў печы падпалю...

— Што, вымерхаўся? Дык ужо і бульбы наскаблі,— вясёлым голасам сказала Маруся.

Калі Залога заказваў на снеданне дранікі — значыць, яго чакала цяжкая праца, трэба, як ён кажа, «добра натаптацца». Маруся пра гэта ведала, і таму настрой у яе адразу палепшаўся.

Дровы ляжалі пад загнетам — унёс звечара. Залога, беручы па адной палцы, склаў іх у печы акуратнаю клеткаю. Падсунуў скамечаную газету і падпаліў.

Маруся прыйшла на кухню ў аранжава-чорным мультановым халаце. Ступала асцярожна і нагіналася павольна, калі трэба было нешта ўзяць у судніку.

Залога сядзеў на ўслончыку з нажом у руках. Перад ім стаяла міса з вадою і кошык бульбы. Ён браў бульбіну, абіраў яе і апускаў у місу. Там ужо ляжала некалькі абабраных жоўценькіх бульбін.

Маруся перамыла бульбу і, стоячы каля судніка, таркавала яе ў алюмініевую каструлю. Месіва зверху пачырванела. Маруся ўсыпала туды пару лыжак мукі, шчопаць солі, разбіла яйка і перамяшала. Можна пячы дранікі.

Залога перасеў да стала і чакаў першую патэльню дранікаў. Маруся арудавала чапялою ў печы. На ўслончыку сядзеў рыжы кот і мыў лапаю мордачку.

— Трэба чакаць гасцей, кот во мыецца,— сказаў Залога жартаўліва.

— Хто да цябе паедзе! — усміхнулася Маруся.— Каму ты патрэбен.

— Можа, Юрка...

— Юрка-мурка... Што цяпер яму ездзіць? Ведаюць жа, што ў нас тут...

— Ён не паглядзіць.

— Ага, не паглядзіць...— насцярожылася Маруся.— А Дзімка? Ён жа яго з сабою заўсёды бярэ.

— А мне ўсё не верыцца, што гэта радыяцыя ёсць,— крутнуў галавою Залога.

— У мяне дык неяк у роце нясмачна, бытта апілкі жалезныя тама...— Маруся выняла з печы патэльню, узяла яе анучкаю і высыпала дранікі на талерку, якую Залога паставіў перад сабою. Дранікі гарачыя, дымяцца параю — здаецца, дыхаюць.

Залога адкалупнуў нажом масла, пачаў мазаць па драніках. Масла плавілася, расцякалася залацістаю плёнкаю.

Залога любіў, як кажа Маруся, «вазколіцца» з дранікамі. Раней мазаў іх здорам, еў са шкваркамі, асабліва любіў есці з мочанымі брусніцамі. Брусніц тых было дзе-небудзь каля балацявіны, на сухіх пагорачках,— ажно чырвана, як хто насыпаў на зямлю! Набярэш пару вёдраў за раз — куды іх дзенеш? Ссыпалі ў бочку і мачылі. На цэлую зіму смакаты — за вушы не адцягнеш.

Цяпер брусніцы вырадзіліся, там-сям ягадзіна сарамліва вочкам блісне. Сала не хочацца, а каровіна масла — дзякуй богу, балазе і ў магазін пачалі завозіць.

— Гэта зубы ў цябе такія, жалезныя, усё жыццё грызлі мяне,— засмяяўся Залога, дзюбачкаю нажа торкаючы ў дранік, каб упітвалася масла,— знаходзіў у гэтым дзіцячае задавальненне.

— Ваша парода жывучая — не загрызеш,— перайшла на жарт і Маруся.— Колькі-та дзед твой, Спірыдон, працягнуў?

— Сто шэсць! — з гонарам сказаў Залога, скручваючы ў трубачку дранік.— А на выгляд хілы быў, здавалася, ледзь кеўляе... Бацька, помню, расказваў, як яго ў рэкруты бралі, дзеда майго...— Залога прыжмурыў вочы — смяецца, нячутна, толькі ў душы.— Прыйшла ў вёску разнарадка: даць аднаго рэкрута. Гэта ж дваццаць пяць гадкоў трэба адбахаць! Парадзіліся старыя дзяды... Ну каго? Спірыдона, кажуць... Нежанаты, гадамі акурат. У Залівонаўцы звычай такі быў: каго, значыць, у рэкруты, таго кожны двор павінен прывеціць... Абышоў Спірыдонка ўсе хаты... месяца паўтара баляваў.— Залога адкусіў дранік і нейкі час яго моўчкі, са смакам жаваў.— У Магілёў на камісію паслалі. Дактары, прафесары ўсякія з акулярамі на носе сядзяць. «Раздзявайся»,— кажуць. Спірыдонка скінуў з сябе транты — стаіць сіні, худзюшчы, адны рэбры... Глянулі на яго, і галоўны з іх кажа: «Якія яму рэкруты? Ён к заўтраму памрэ...» Забракавалі.

На наступны год зноў тая ж карціна... Каго? Зноў — Спірыдона... Пайшоў па другім крузе па хатах. А пасля паглядзелі тыя магілёўскія дактары, і галоўны, не на жарт раззлаваўшыся, заяўляе: «Вы што, здзекаваецеся? Ён жа, гэты рэкрут, к вечару канькі адкіне!» Ужо, бачыш, «к вечару». А Спірыдонка пасля гэтага больш васьмі дзесяткаў яшчэ неба капціў...