— А не выдумвай ты... што так было,— ведаючы, што муж часта любіць трохі перабольшыць, прыхарашыць, не згадзілася Маруся.
— Ну што — «не выдумвай»? — ускінуўся Залога.— Так і было.
Яны доўга маўчалі, кожны думаў пра сваё. Маруся падносіла гарачыя, трохі падсушаныя — аж патрэскваюць! — духмяныя дранікі мужыку, ён няспешна, з засяроджанасцю ў вачах намазваў іх маслам і еў.
— Дзякуй, гаспадыня, натаптаўся! — нарэшце сказаў ён і ўстаў з-за стала. Зачэрпнуў з вядра кружку вады, прагна — ажно сутаргава падрыгвалі вусны — выпіў.— Ну во, цяпер я работнік! Хоць у плуг.
Ён выйшаў з хаты, узяў у кладоўцы на палічцы малаток і бабку. Бабку апусціў у кішэню пінжака, малаток трымаў у руцэ.
На дварэ раз’яснівалася, хутка ў хмарнай каламуці сонца прамые сабе палонку, выблісне — і засмяецца дзень. За сядзібамі, недзе, мабыць, ускрай жытнёвага поля перапёлка заводзіла «піць-пібіць», у якое ціха падмешвалася ручайковае «рру-рру».
У Залогі з раніцы сцеплілася на душы, і яму хацелася як даўжэй пабыць у такой лагодзе. Ён упарта не пускаў свае думкі ва ўчарашні дзень, адчуваў — там яны пазмрачнеюць, закруцяцца вакол непрыемнага. Ну, хіба не дзіва: перад чалавекам ніколі не стаіць праблема, куды дзець радасць, ён вечна думае, як пазбавіцца згрызот, няўвязак, абмінуць злых людзей? Залога як бы сцяўся ўнутрана, засяродзіўся на сваім клопаце, які кіраваў яго розумам зараз, у гэтую хвіліну.
З-пад сталюгі ён выкаціў ладны тоўсты бярозавы кругляк, прыкаціў нагою на сярэдзіну двара, паставіў. Зверху ў ім відаць рудая ад іржы квадратная дзірка, па краях глыбокія крыж-накрыж умяціны — засталіся ад цвікоў, якія праміў Залога, апошні раз яны спатрэбіліся на стрэшку калодзежа (было загадана над усімі калодзежамі парабіць стрэшкі).
Ножкаю бабкі Залога пацэліў у ржавую дзірку, лёгенька стукнуў па бабцы малатком. Каля дзвярэй хлява ўзяў нізенькі прадаўгаваты ўслончык з растапыранымі тоўстымі ножкамі — на ім Маруся заўсёды даіла карову. Залога зрабіў яго тады, калі жонка пачала кволіцца на ногі, гады два назад. І яму самому цяпер не трэба шукаць, на што сесці, калі выйдзе на двор пакурыць ці во пакляпаць касу.
Залога падставіў услончык да калодкі. Абматаная анучкаю каса тырчала за крокваю ў павеці. Скасіўшы ў Гарэльніку траву, Залога яе туды падторкнуў. З ніжняга, злізанага, боку каса пабралася рудаватымі крапінкамі, быццам нехта абсыпаў яе чырвоным молатым перцам. Гэтая ржа не страшная — разы два кашануў, і яе змыла.
Цок! Цок! Цок! — заскакаў у Залогавай руцэ малаток. Ад пяткі і да сярэдзіны касы кляпаць Залогу лёгка, а чым бліжэй да мысіка, тым каса больш пераважвае, і трымаць яе скалечанай рукою няпроста. Звычайна ён гукае жонку — каб патрымала.
Раз за разам Залога браў касу ў рукі, правяраў вялікім пальцам клёп — скура чапляецца, адчувае вастрыню.
Рыкнула, як затрубіла ў трубу, карова.
«Во, ужо з ранак гоняць!..» — схамянуўся Залога, і малаток весялей затанцаваў у ягонай руцэ. Рэха расплёсквалася, разбівалася аб сцены хаты і пуні і, мяняючы напрамкі, ляцела далей, адгукалася круглым, як мячык, гукам ажно за вёскаю, у Шарыпчынай Грыве.
Трэба ж! Залога стукаў малатком у бабку, а бачыў у руцэ кельму, калодачкаю якой пастуквае ў цагліну — муруе помнік...
Ляпнулі за спінаю весніцы. Залога павярнуў галаву і ўбачыў Язэпа Касілу.
— Касу клепіш? — спытаў ён. На плячы ў яго вісела аблытаная павуцінаю сухая альховая лісціна.
— Самае цяжкае, ранкі, адбыў? — Залога паклаў на калена малаток. На яго пытанне, як і на Язэпава, адказваць не трэба — у іх саміх адказ.
— Дай закурыць, Серафімка, свае ўсе скурыў.— Язэп ляпае па пустой кішэні шэрага, прапаленага на правым крысе пінжака. На нагах у яго кірзавыя боты — халявы сухія, а ступакі мокрыя, у гразі. Язэп збіў на макушку руды выпалены сонцам брыль — валасы прыліплі да лба, блішчаць у тым месцы, дзе іх прыціскаў скураны акраек.— Фу-у-у!..— выдыхнуў з грудзей паветра і дым.
— Набегаўся?
— Ды не сказаць... Добра хадзілі... Мы за Майданам, каля Гарэльніка пасвілі, там травы многа... Нехта касіў нават.
— Гэта я,— прызнаўся Залога.
— Нядаўна прывёз? Сяніны вунь па двары, бачу...
— Учора Пецька Клімаўскі прывёз.
— Скажы ты мне, Серафімка...— Язэп пашморгаў носам, строс мезенцам з папяросы попел.— Што гэты Клімаўскі замысліў? Забурыў да мяне на цёмнай зары і просіць, каб я гэта... помнік чыкнуў.