У Залогі зваліўся з калена малаток, але ён не паднімаў яго. У гэтае імгненне выбліснула з-за хмар сонца, усё наўкола пасвятлела, зальсніўся ў Язэпа лоб, і толькі вочы ў Залогі пацямнелі, наліліся густым сумам. «Значыць... Значыць...— з цяжкасцю праясніўся розум.— Усё-ткі зносіць... Ніхто не ўступіўся, не запярэчыў...»
— Гэта ж дадумаліся! — з адчаем выкрыкнуў ён.— Ёсць у людзей мазгі ці не? Нейкаму ёлупню стукнула ж — помнік убраць! Сёння помнік, заўтра — вёску, а там яшчэ што-небудзь камусьці не спадабаецца. Дык тады ўжо і зямлю ўбірайце к чортавай матары! Навошта яна? Во радыяцыі напусціце — і канцы ў ваду!..
— Не кіпяціся, Серафімка... Уталкуй мне папулярна.
— Ды што талкаваць! — І праўда, быццам чайнік кіпеў Залога.— Да мяне самога, да майго дурнога кацялка,— ён пастукаў кулаком па галаве зверху,— не даходзіць!
— Я такі ўраз скумекаў: тухлае дзела прапаноўвае мне Клімаўскі.— Язэп, было відаць, у душы радаваўся, што не паслухаўся Клімаўскога, разабраўся, што да чаго,— і асабліва гэта прыемна было выставіць перад Залогам.— Нехта ж яго наштурхнуў...
— У сельсавеце рашано...
— Ды гэтымі саветамі начальнікі сваю лень прыкрываюць. Рукі не даходзяць — пастанавілі... Няма калі займацца — пастанавілі... Можна абысціся — зноў пастанавілі...
— Вот і я не веру, каб раптам ні з таго ні з сяго помнік не патрэбен...
— Нячыстым пахне! — зазначыў Язэп і, палажыўшы на лоб далонь, націснуў пальцамі на скроні.— Шуміць у башцэ, ціск падняўся... Дый кірнуў я ўчора крыхулю. Радыяцыю выганяю...
— Кажуць, у зоне там нават шафёрам дазволілі па сто грам.
— Сто грам нават для смеласці мала! — рагатнуў Язэп і зноў пацёр скроні.— Можа, у Марусі таблеткі якія імеюцца... клафелін?
— Табе не таблеткі пасля ўчарашняга трэба... Горла во хрыпіць — прамачыць трэба.
— А ёсць чым? — абрадаваўся Язэп.
— Настойка. Пайдзёць?
— Любую заразу ўжываю.
— Маруся! — гукнуў Залога.
Рыпнулі дзверы, выйшла з хаты Маруся. На нагах у яе былі валёнкі.
— Налі чалавеку,— сказаў ён, паднімаючы з зямлі малаток, і звярнуўся да Язэпа: — Патрымай касу.
Язэп прысеў на кукарэчкі, узяўся абедзвюма рукамі за касу — за сярэдзіну і за пятку. Залога пачаў кляпаць. Язэп раз за разам касіўся на дзверы. Нарэшце Маруся вынесла пунсовую шклянку. Мужыку яна часам не давала выпіць, а чужым мужчынам налівала ахвотна, і калі яна прасіла іх што-небудзь памагчы, яны адгукаліся на яе просьбы.
— Во, цэлы стаканец лекаў! — усклікнуў Язэп.
Ён выпіў. Аблізнуў вусны. Зноў папрасіў у Залогі закурыць.
— Ён мяне купіць захацеў — думаў, клюну! — Голас у Язэпа адразу падужэў.— А я з ходу ад вінта яму даў. Я, Серафімка, з табою заўсёды шчыры быў... Не хлусіў і хлусіць не збіраюся. Мне ўжо ўсё роўна. Мая песенька спета... І не было ў мяне жызні. Аб адным шкадую: сына не нарадзіў... Дачка не той каленкор. У цябе двое сыноў, Серафімка... Значыць, Залога жыць будзе, корань атожылкі будзе пускаць. А я як сабака бадзялы падохну, усю жызню торкалі ў вочы: паліцай, Язэп Касіла паліцай... А які я паліцай? Верыш, Серафімка?..— Стомленая Язэпава душа расслабілася зусім ад настойкі.— Нават жа формы не было ў мяне, толькі павязка... Семнаццаці гадоў не было... Прыйшлі гады, прыпёрлі да печы аўтаматамі і бах-бах абапал галавы — гліна па мордзе сячэ... Бацька стары на калені цуп: «Сыночак, яны цябе заб’юць!..» Калі б ведаў, што так пасля нацярплюся, няхай бы стралялі — і мяне, і Нінку, і бацьку... Усіх!..— Язэп выцер кулаком бабіны слёз.
— Ну, што ўжо так раскіс? — Залога глянуў на Язэпа са спачуваннем.
— Крыўдна, Серафімка... Навязалі мне злачынства... Чачорка старая — зямля ёй колам! — прыдумала: кажух у яе здзіраў... Я тады, як вярнуўся з Калымы, сустрэў яе ў магазіне і кажу: «Я кажух твой забраў? Хадзем я табе дзесяць зараз куплю!» Хрушча, Мымковага бацьку, выручаў, а прыпісалі, што я ўдаў яго немцам... Ды не я, павер, Серафімка! Быў адзін там паскуда, падонак, здраднік, старлей у нашай арміі быў, ён і правярнуў гэтую афёру. Хадзіў да Хрушчовай дачкі, на любоў схіляў, а тая не хацела... Бацька заступаўся, вось ён і ўбраў яго акуратна.
— Нашто старое варушыш...— Не падабалася Залогу, што Язэп спавядацца перад ім пачаў, як бы апраўдвацца. Заднім чыслом, як гаворыцца, усе разумныя, бо вядома ўжо, што яно ды як, усё расстаўлена па палічках. Адразу відаць, што чым абярнулася. А наперад прадугледзь, прадугадай, жыццё набела не перапісваецца. Малы, малалетка быў... Можна і так паглядзець, а можна і з другога боку: чаму адразу ў партызаны не збег, на фронт?
Язэп акурат пачуў Залогавы развагі.
— Думаеш, я нюні матаю? Трываць не магу! Усе як на здрадніка глядзяць. І гэты Клімаўскі прышпандоліў! Хто на тухлае дзела пойдзе? Канечне, Язэп-паліцай. А накась выкусі! — Язэп выскаліў, як вар’ят, зубы і скруціў дулю.— Я крывёю скупіў сваю віну... во! — ірвануў на грудзях кашулю і ў выразе замасленай майкі паказаў шрамы.— З сорак чацвёртага на фронце... Дзесятку на зоне адцягнуў... Толькі таму і выжыў, што брыгадзірам паставілі, а так бы з голаду скурчыўся б. Ты, Серафімка, слухаеш, слухаеш, а зараз скажаш: валі ты адсюль, праведнік! А куды мне валіць? Каму мне расказаць пра гора сваё? Хто мяне выслухае? Жонка родная... Дзесяць гадоў у адным ложку праспалі, не зразумела, толькі і чуў: паліцай, такі-гэткі...— Вочы ў Язэпа заплылі слязамі, як лінзамі закрыліся.