Выбрать главу

Калі шчыра, не хацеў разумець Язэпа і Залога. Гэта штуковіна такая, што, уліпшы, не адмыешся за ўсё жыццё, хоць якім залатым мылам трыся. Розум яшчэ не развіўся, каб зразумець чалавека, які супроць пайшоў. Іншая рэч, што цяпер Касіла чалавекам стаў, у доўгіх муках ачысціў сваю душу, перахварэў, і адкрылася ў ёй такое бяздонне, пра якое чалавек звычайна можа і не здагадвацца. Не схацеў жа во паслухаць Клімаўскога, абурыўся яго прапановаю. За гэта малайцом! А Клімаўскі таксама хіцёр, бач, да каго пад’ехаў: чалавек жыве не ў вёсцы, грашок за сабою мае... Як жа добра, што ён, Залога, напісаў у раёнку заметку. Быццам адчуваў. Не стаў чакаць. Пакуль будуць рассусольваць — заметку і надрукуюць.

Язэп кінуў на зямлю недакурак, плюнуў на яго і раздушыў абцасам ярасна, са злосцю.

— І з галавешкамі лухту навешалі! Нібыта я палонным партызанам галавешкамі пяткі падсмальваў... Аднавокага Лашка падгаварылі... Ён прызнаўся мне пасля: «Нічога, Язэп, я не бачыў, сказалі мне: пасведчы так і так...» Калі б не прызнаўся, я чыкнуў бы яго... мне ўжо ўсё роўна! — Язэп скрыпнуў зубамі і моцна зажмурыў вочы — вейкі трэсліся, і з іх выплывалі, як сок з бярозы, вялікія мутныя слязіны.— Эх, жызня! У грабу я відзеў такую! — адчайна махнуў рукою.— Не было ў мяне жызні! Я не знаю, Серафімка, што такое радасць... Бацьку раскулачылі — млынок быў, людзям жыта малоў... Ледзь што: сын кулака. Паступаць на вучобу хацеў — не ўзялі... соцпраісхаждзенне. Вайна пачалася...— Ён высмаркаўся.— Падрэзалі маю радасць. Няма яе во тут...— Язэп паторкаў пальцам сабе ў грудзі.— Каб знаў, што так будзе, махануў бы з немцамі, як некаторыя, ужо якім-небудзь фермерам быў бы...

— Ну ўжо, ну ўжо! — як на дзіця, нукнуў Залога.— Патрымай касу яшчэ.

Рукі ў Язэпа дрыжалі, і джала касы скакала па бабцы. Залога прыціснуў яго пяткаю малатка, паказваючы, што трэба, каб не варушылася.

— Не магу! — сказаў Язэп.— Можа, Серафімка, забацаеш мне яшчэ клафелініну? Чырвоненькую.

Залога, крутнуўшы галавой, зноў гукнуў Марусю.

Глыкнуўшы другую шклянку, Язэп супакоіўся.

— А гэтаму Клімаўскому трэба па лапах даць,— сказаў ён ужо дзелавым тонам.— На ражон чалавек лезе.

— Я ў газету напісаў,— нечакана прызнаўся Залога.

— У нашу?

— Ага...— Залога ўзяў касу, правёў пальцам па джале.— Няхай разбяруцца...— Нацэліўся касою ў неба, правяраючы, ці няма лапатухі.

— Не здавайся, Серафімка! — падбадзёрыў Язэп.— Гэта твой манумент. Я зайду ў рэдакцыю... у мяне там знакаман ёсць, папрашу, каб прапячаталі хутчэй.— Язэпу здалося, што Залога недаверліва глянуў на яго, і ён пацвердзіў: — Я паражнякі не ганяю, фатограф — кораш мой. У быткамбінаце разам сака давілі...

— Зайдзі скажы...— згадзіўся Залога, хоць не сумняваўся, што і так надрукуюць яго заметку, бо невыпадковы ён чалавек, у рэдакцыі яго ведалі. Праўда, часам так перакруцяць-перакрояць яго заметку і загаловак памяняюць, што па прозвішчы толькі і пазнаваў. Але тут ужо факт важны, а не тое, як напісана, яго рукою ці нечай з рэдакцыі.

Залога дакляпаў касу, падзякаваў Язэпу.

— Табе маё пачценне, Серафімка, за лекі! — раскланіўся Язэп.— Пайду кімарну трохі, а то кастылёў не пацягну пасля абеду...

— Што ета ён гаварыў? — выйшла, пацікавілася Маруся, калі за Язэпам зачыніліся весніцы,— яна, відаць, з хаты прыслухоўвалася да іх гаворкі.

— Вось цябе толькі не хапала, твайго языка! — незадаволена буркнуў Залога. Пастукваючы малатком у бабку з бакоў, выбіў яе з кругляка, панёс у кладоўку; праходзячы міма жонкі, глянуў ёй у вочы мяккім позіркам.

Выйшаўшы зноў на двор, пачаў наснуджваць касу. На абшыты бляшанкаю канец касільна надзеў баньку, уставіў ражок касы, лучыўшы вусікам у адтуліну, і забіў клін. Пахітаў касу — сядзіць як улітая, надзейна. Махнуў над зямлёю раз, другі — здаецца, каса «не проста», але на ўсякі выпадак вырашыў праверыць: з яго ўжо здароўем любая непаладка ў касе томіць.

Узяў кавалак шпагату (вісеў на скабе пад страхою пуні), канец прыціснуў каля «пупка», нацягнуў да пяткі касы, а потым перанёс на мыс — адлегласць была аднолькавая. Знаць, вочы яшчэ мае, «прыцэл» не збіўся. Касец у поўным узбраенні. Мянташку яшчэ ў кішэню ўткнуць, наліць у бітончык бярозавіку — і можна ісці касіць.