«Цяпер можна і кусануць»,— падумаў ён павесялелы.
ІІ
Як лёг Пятро Клімаўскі, позна вярнуўшыся з пасяджэння сельсавета, так і праспаў усю ноч. І, мабыць, праспаў бы гадзіну, на якую дамовіліся з Залогам, калі б не Насця. Яна ведала пра гэтую дамову, тармаснула мужа за плячо: «Уставай, чалавек жа чакае!» Пятро спрасонку не ўцяміў, што хоча ад яго жонка, павярнуўся, абняў яе ніжэй грудзей. Насця не адкінула яго рукі, хоць і мружыў сон вочы. І так раўнуе яе мужык ледзь не да кожнага слупа. І нават, смех сказаць, да Серафіма Залогі. Пацеха, дый толькі. Серафім любіць зайсці ў хату, пагаварыць, жартам перакінуцца і падміргнуць. Жывы чалавек! Пятро неяк і ўбачыў, вызверыўся: «Што, другога захацела?» Сам нябось маладзіцца — на пятнаццаць гадоў ён старэйшы ад яе, Насці. Цяпер гэтая розніца, канечне, відаць, а тады, як жаніліся, мала хто сказаў бы, што яны не аднагодкі. Яна толькі што закончыла адзінаццаць класаў, была дзяўчына станаўкая, спелая. Яму было трыццаць два, і ажаніцца ды развесціся паспеў ужо, пакінуўшы двое дзяцей, але выглядаў ён молада — не піў, не курыў, з пшанічным густым чубам, чарнабровы, з твару не сыходзіла ўсмешка, зубы як часнок.
Прыглянулася Насця яму, улёг за ёю — затлуміў, угаварыў яе, нявопытную, маладую. Згадзілася стаць ягонай жонкаю. Дзіцё нарадзілася, затым другое, трэцяе... І ўвесь яе форс. А вучылася ж добра, марыла ў медыцынскі інстытут паступіць. У бяссонныя ночы над калыскаю няраз журылася, нават адчай ахопліваў, дакарала сябе, што паспяшалася з гэтым замужжам. Але, не пабачыўшы свету, ніякіх спакус, лёгка і сумненні, сваё незадаволенне пераадольваць. Балазе такога мужыка, як яе Пятро, не ў кожнай вёсцы знойдзеш. На гулянках гарэлцы меру ведае. Грошы беражэ, капейку да капейкі складае — на машыну збірае. Выбралі вось дэпутатам у сельскі Савет. Носа тычкаю не дастанеш. І ёй гонар, і дзецям. Чым кепска за такім мужыком?
Толькі сэрца сваё, бабскае, не заўсёды разумела. Тады-сяды брала ўсё ж туга. Па мужчыну, невядомаму казаку тужыла. Можа, таму, што і нагуляцца не паспела яна, волю адчуць. Прыязджалі яе сяброўкі, што пасля школы ў горад падаліся: у модных туфельках, кароценькіх спаднічках, на мочках завушніцы, толькі і чуеш «чё» ды «чіво». А як пачнуць апавядаць, якія там у горадзе канцэрты, танцы, рэстараны — хоць плач, жыццё нямілае становіцца... «Абабілася ты, Настулька, у гэтай дзярэўні»,— так проста ў вочы ёй і гаварылі. Хто ведае, можа, гэтыя іх нараканні і давалі ёй часам волю ў размове з мужчынамі, асабліва незнаёмымі, якія заходзілі на танцы ў клуб (яна тады працавала загадчыцаю). Не, яна сама не лезла сляпіцаю ў вочы, не скаліла зубы лішне, але ж які мужчына не зачэпіць позіркам ці словам такую мажную маладзіцу — падфарбуе вейкі, губы, кароткую сукенку з белым каўнерыкам апране, прычоску нафуфырыць. А былі такія нахабныя, што і прапаноўвалі сесці ў машыну, «праехаць у кусцікі». Яна не абуралася, не зневажала іх (такая работа!), а ўсё адсмейвалася. Але ж не з вока на вока такая перакідка слоўцамі ішла, а пры людзях, сваіх жа залівонаўцах. Вось, можа, які зламыснік і ўвёў Пятру ў вушы: «Ты глядзі, Пецька, а то твая Наста на чужых мужыкоў зырыцца...» Аднаго разу, нечага раззлаваны, прыскочыў проста ў клуб: «Марш, дурніца, дахаты, каб тут і нагі тваёй не было!» Яна, нядоўга думаючы, бац заяву ў аддзел культуры: «Па ўласным жаданні... дзеці малыя...» Папраўдзе, яно клопатна быць у вёсцы загадчыцаю клуба: то кіно, то канцэрт, то танцулькі... А дзяцей адных кідаць увесь час не будзеш — чуеш: там у разетку цвіком пырнулі, там хату падпалілі, там «аперацыю» зрабілі...
Пасля Пятро, мабыць, ужо і раскайваўся, што сарваў яе з «аўтарыцетнай» работы, да яго самога ўвагі паменшала, але ні разу не папракнуў, што сядзіць дома, нідзе не працуе. Другія мужыкі загрызаюць сваіх жонак, каторыя не працуюць, выпіраюць з хаты: «Ідзі зарабляй, я на цябе гарбіну гнуць не буду!»
Прачнуўшыся ад жончынага штурхання, Пятро адчуў, што на душы халадком ляжыць асадак ад учарашняга пасяджэння. Непрыемны, непажаданы. Рашэнне прынялі... Лясні громам гэтае рашэнне! Ён быў заікнуўся супраць, але яго ніхто не захацеў слухаць, «большасцю галасоў» пастанавілі: знесці помнік у вёсцы Залівонаўка. А каму баліць чужое? З дэпутатаў толькі ён залівонавец. Не старшыні Лашкову, не сакратару, дзяўчынцы той зялёнай, глядзець штодзень залівонаўцам у вочы, а яму... Мала гэтага. Знайдзі чалавека, які зрушыў бы помнік. Пяцьдзесят рублёў выдзелілі. Паспрабуйце, таварышы, знайдзіце. На словах дужа ўсё лёгенька.
Учора звечара турбота так не ела, толькі непрыемна было, што не па яго выйшла, не даказаў сваёй праўды. Асадак цяжэў, і калі не перастаць думаць пра ўчарашні дзень, то зусім затопіць душу, абязволіць цела і сапсуе ўшчэнт настрой. А на сёння клопату дай божа. Во трэба ўставаць, ехаць Залогу па сена. За нос і так павадзіў чалавека, мабыць, ужо хопіць, даказаў, што не такі ён лёгенькі на падхват. А як ад іх атрэсціся, гэтых непрыемных думак?