Выбрать главу

«Дык што ж гэта такое?!.— ледзь не гваздануў кулаком па стале Пятро.— Куды ні паткніся — адбой. Чаму гэта на мне ўсё заштопарылася? Кожны мае права адмовіцца, а я не маю. Я што, гаспадар таго помніка, ці што? Пайшло яно ўсё!..»

Пятро зноў быў блізкі да адчаю, але паколькі адзін раз яго перажыў, то цяпер было лягчэй закілзаць сябе. Ён толькі пабялеў і адчуў, як у грудзях часта б’ецца сэрца.

— А што да дзяцей, то можаш ехаць па іх,— гледзячы на танец сваіх пальцаў, сказаў Туземчык сухаватым голасам. Трэба было канчаць гэтую непрыемную гаворку і пачынаць нарад. Ужо заглянуў у дзверы галоўны заатэхнік, потым аграном — хлопцы маладыя, нецярплівыя: рэдкі раз не спазніліся, у час прыйшлі, і то не будуць ацэнены, заўважаны старшынёю. Хлопцы хлопцамі, але і спраў хапае: касіць, акучваць, будаваць, даіць, пасвіць... Здаецца, знаёмая, звыклая кожная работа ў вёсцы, людзі выраслі на зямлі і ведаюць яе як свае пяць пальцаў, але — дзіўная рэч — з дробязей раптам намотваўся такі клубок праблем, вырашыць якія не заўсёды было пад сілу нават яму, кіраўніку з немалым стажам і дзвюма вышэйшымі адукацыямі. Тая зямля, тыя ж людзі, але кожны іх новы крок не паўтарае ранейшы.

Засмучаны, Пятро выйшаў з праўлення, і ў дзверы да старшыні падаліся адразу ўсе мужчыны, несучы з сабою востры пах тытуню і прамасленых, прапітаных потам камбінезонаў.

Ён зганяў у Лютаўцы, забраў дзяцей з жонкаю, на твары якіх убачыў трывогу і нейкую журботную засяроджанасць. Не вельмі іх суцяшаў, бо ў самога на душы было пагана: марнуе час, тады як астатнія зарабляюць грошы, а над ім вісіць яшчэ як бомба, як пятля і гэтая справа з помнікам.

«Чорт бы іх пабраў!..» — не мог астыць, нерваваўся Пятро, едучы па дарозе ў Нямільню, у сельсавет.

Была другая палова дня. Сонца, неахвотна з раніцы выдзіраючыся з хмар, цяпер свяціла ярка, адбіваючыся ад капота трактара, сляпіла вочы. Пятро апусціў кардонны брылёк над лабавым шклом — і адразу спала напружанне з вачэй, яны расшырыліся, стала лёгка глядзець. Калі сам у цяні, то асветленая сонцам прастора выдае яркаю, празрыста праяўленаю, відаць кожны лісцік, кожная іголачка, кожная рыска на сасновай кары. Янтарнымі фартушкамі застыла на падсочаных соснах жывіца, а тыя кропелькі, што яшчэ не паспелі застыць, калюча бліскалі сінімі ўспышкамі.

«Трасянуў людзей гэты Чарнобыль,— пераключыў свае думкі з адной бяды на другую Пятро.— І колькіта часу пройдзе, пакуль гэтая зараза знішчыцца? Дзяцей нібыта аж да верасня вывезуць. Няхай адпачнуць, у лагеры пабудуць...»

Цяжка было згадзіцца, што не вайна, не землятрус, не паводка, а над людзьмі навісла пагроза, смерць падкрадваецца да іх без шуму, стрэлаў, выцця, рову, непрыметна і невядома праз што ўсяляецца ў чалавека, разбурае і забівае яго. А не забівае, дык робіць калекам — без ран, без крыві, без болю. Чортведама што такое!

Лашкова ў сельсавеце не было. Сакратар Пятра ведала, яна была далёкая Насціна сваячка; сказала, што «Якаў Мікітавіч пайшлі дахаты». Пятро паехаў яго шукаць.

Лашкоў насіў у лазню ваду. Лазня стаяла на двары — між ёю і хлявом была фортка на гарод. Лашкоў быў у пінжаку і ў шляпе, знемагаў ад поту — твар блішчаў, валасы на скронях змоклі, пазакруціліся ў кольцы.

— У лазні паліш? — спытаў Пятро, не гаворачы адразу, чаго прыехаў,— хацеў выведаць, які ў Лашкова настрой.

— Трэба ж. Раяць мыцца кожны дзень пад душам...— У голасе чулася заклапочанасць.— Ну, чым абрадуеш? — Ён паставіў вёдры на лавачку — вада выпліхвалася, збіралася на зямлі, у пыле ў шарыкі.

— Гіблае дзела! — сказаў Пятро з адчаем.

Лашкоў адразу насцярожыўся, хоць і дасюль не быў да канца даверлівы, і непрыязна паглядзеў на Пятра. Што за дурань? Ці то і праўда сутыкнуўся з цяжкасцямі, ці за нос водзіць? Не пройдзе! Што ён, старшыня сельсавета, будзе ім парадак наводзіць — на вуліцах, у дварах, каля помнікаў? Самі запусцілі, а цяпер... Сказана — выконвайце! Вёсцы патрэбна культура, чысціня. Няхай не пяць, адзін будзе помнік, але дагледжаны, ахайны, прыбраны.

— Я думаў, што ты, Клімаўскі, чалавек кемлівы, рашучы, а ты мямля, баба... Ходзіш, стогнеш! Што, людзей мала? Ты ў Туземчыка быў? — Лашкоў апусціў вочы, махаў каля твару сваёй лапішчай. Закралася падазрэнне: можа, гэта ён, Туземчык, працівіцца ўсяму?