Выбрать главу

Ён, не раздумваючы, згадзіўся змураваць помнік, хоць вопыту і навыкаў у гэтай справе ў яго зусім не было. Ён хадзіў у адмысловых печніках, мог яшчэ заліць падмурак пад хату, зацэментаваць двор, выкласці пограб ці яму пад бульбу.

За праектам ездзіў аж пад Бабруйск; там у адной вёсцы зняў чарцёж з помніка, распытаў, колькі трэба цэглы, цэменту. Сказаў Вілюхіну, той паклапаціўся, каб прывезлі; дырэктар таксама не сядзеў злажыўшы рукі — за саджанцамі (кустамі ружаў і язміну) злётаў на калгаснай машыне ажно ў Мінск, у нейкі там шыкоўны гадавальнік. Са сшыткам у руках удвух абышлі ўсе вёскі калгаса, запісалі, хто ў каго загінуў, зверылі звесткі ў ваенкамаце.

Іх Залівонаўка тады проста расцвітала. Ён мураваў помнік, а электрамантажнікі цягнулі лінію. Весела жылося!

Неяк падпітыя электрамантажнікі падышлі да Залогі.

— Ты, дзядзька, нам ужо помнік за асаблівыя заслугі ставіш? — пажартаваў адзін з іх, высокі, смуглы і тым адметны, што чорныя бровы зрасліся на пераноссі, як у цыгана. Ён ці не заляцаўся да Танькі Клімаўской.

— Вы самі сабе помнікаў наставіце! — Залога намякаў на тое, што хлопцы пазаводзілі ўжо сабе дзевак, адзін ці не прыстаў нават у прымы.

— Ты, дзядзька, я бачу, усё ведаеш,— не пераставаў куражыцца смуглаваты электрамантажнік.— А вось скажы-ка ты мне, дзе цяпер Гітраль?

Ці наўмысна, ці ад таго, што язык заплятаўся, не вымавіў правільна слова электрамантажнік, чым і запомніўся Залогу, і няраз ён успамінаў пасля гэты выпадак з усмешкаю.

Залога не захацеў здацца нязнайкам, цёмным, таму і адказаў на поўным сур’ёзе:

— У зямлі — дзе ж ён... Апазналі ж труп недалёка ад рэйхканцылярыі...

— Ха! Вось ты і не знаеш,— усклікнуў радасна электрамантажнік,— ён — у Амерыцы!

Залога разгубіўся. Астатнія хлопцы зарагаталі, і Залога не зразумеў, яго падкузьмілі ці, можа, і праўда новыя звесткі ёсць пра смерць Гітлера. Заняўся ён гэтым помнікам, ні газет не чытаў, ні радыё не слухаў.

Помнік ён адштукаваў хутка. Яму дапамагалі сыны — капалі пясок, насілі ваду, мяшалі раствор. Ён толькі гаварыў, у якіх прапорцыях сыпаць пясок і цэмент. Сыны, Коля і Юрка, стараліся, і яму было радасна; яны нават і не падазравалі, што праз нейкія пару гадоў лавачка каля помніка стане ўлюбёным месцам іх зборні — гулялі, спявалі, расказвалі, марылі...

Тады і думкі не магло паявіцца, што помнік гэты ў яго, Залогі, на вачах будуць рушыць, што ён стане непатрэбны. Ну, добра, колісь крышылі, ламалі цэрквы, каплічкі, старыя мануфактуры і заводзікі. Недалёчка, каля Сажа, была цагельня нейкага Шая-Яхніна, ці то немца, ці то чэха,— як бы яна прыдалася і цяпер, калі разгарнулі будоўлю і на кожным кроку патрэбна цэгла, але зруйнавалі перад вайною, расцягнулі па кафельцы. Застаўся адно падмурак ды некалькі здзічэлых ігрушын.

І цяпер, пракручваючы ў памяці ўсю гэтую даўніну, Залога чуў у грудзях боль — прыемны і востры адначасна.

Ён не знаходзіў сабе месца.

Рукі не хацелі трымаць касы, пакосчык пройдзе, і — замлелі. Такога з ім яшчэ ніколі не было. Ён спалохаўся гэтай сваёй слабасці. Садзіўся на траву, адпачываў. У грудзях торгалася сэрца, ад поту прамокла кашуля, ліпла да спіны. Даўгахвостая пустальга завісла ў сінім небе, трапятала, як жаваранак, на адным месцы, час ад часу падаючы прарэзлівае «кі-лііі», і ён уздрыгваў.

Маруся разбівала граблямі пакосы, з трывогаю паглядваючы на мужа: ці не захварэў, ці не «радзіяцыя» падкасіла. Ён не прызнаваўся, што ў яго ў галаве: не хацеў лішняга гвалту.

Ледзь скасіў тыя васемнаццаць сотак. Скасіў без радасці і смаку, якія заўсёды спадарожнічалі яму на касьбе.

І не толькі ў яго, ва ўсіх людзей не было на душы радасці. Збіралі на адпраўку дзяцей. Прыязджала з раёна «хуткая дапамога» — правяралі ў дзяцей скуру, валасы. Наўрад ці быў хто з залівонаўскіх дзяцей у піянерскім лагеры, дык во гора прымусіла паехаць. Каторыя сем’і, праўда, не далі згоды — маўляў, паедуць да сваякоў у бяспечныя мясціны. На гэта забароны не было.

Складзеную ў некалькі столак (як колісь на цыгаркі), Залога насіў раёнку ў сподняй кішэні пінжака. Тады-сяды вымаў яе, перачытваў заметку: можа, не ўчытаўся, нешта прапусціў, не зразумеў. І калі ён, седзячы на пакосе (сушыў сена), можа, пяты раз чытаў раёнку, да яго прыбег задыханы, белы Вілюхін. Ён не мог вымавіць слова, толькі кырхаў і каўтаў.

— Д-данілавіч... Кхы-кхы... Клімаўскі-кы п-помнік... Кхы! — р-рушыць...

Залога падхапіўся, быццам пад ім у пакосе заварушылася гадзюка.