Выбрать главу

— Ж-жонка ў гы-горад ез-здзіла, ішы-шла ад шашы...

— Ды бляха ж муха!..— мацюкнуўся Залога і, згамтаўшы газету, кінуў на зямлю.— Пайшлі! — сказаў ён рашуча.— Я за сябе не ручаюся...

— Я-я, Д-данілавіч, не мы-магу... Пр-рабач, ледзь д-дабег...

Залога бачыў, што і праўда Вілюхіну цяжка дыхаць, ён ледзь стаіць на нагах — таго і глядзі, рухне на пожню. Хворы чалавек, што яго цягнуць за сабою, падумаў Залога, і спешнай хадою, а потым утрух пачасаў па дарозе. Ён не азіраўся. Мінуў свой двор і ўзяў кірунак на шашу. Калі б у акно яго ўбачыла Маруся, яна, нягледзячы на хворыя ногі, пабегла б за ім услед. Відаць жа было, што чалавека пацягнула калі не на нейкую згубу, то на няшчасце пэўна.

Перад шашою Залога прыслухаўся, ці чуваць стукат. Але ў вушах шугала кроў, і ён нічога не чуў. Раптам згледзеў «беларуса» — сінеў каля помніка. «Сабака, на тэхніцы прыкаціў!»

А потым убачыў і Клімаўскога. Ён стаяў на левым «плячы» помніка і махаў ломам — біў па вярхушцы. «Ну, ці не гад жа!» — заскрыпеў, ледзь не ашалеўшы, Залога. Ногі ў яго адняліся, і ён не адчуваў, ідзе ці стаіць на месцы. Позірк упіўся ў Клімаўскога, быццам уліп.

Клімаўскі, здаецца, таксама ўбачыў Залогу, папляваў на рукі і стаў ямчэй гохаць ломам.

Трактар стаяў заглушаны, увесь запудраны пылам, як прыдарожны валун.

— Ты што робіш?!.— закрычаў Залога.

— Культуру наводжу,— ухмыльнуўся Клімаўскі і, падкалупнуўшы адбітую спайку цаглін, скінуў яе на зямлю.

— А цябе хто прасіў?

— Не ты ж, канечне...

— Злазь, сабака, а то за нагу сцягну! — Залога падступіўся ўшчыльную да помніка.

— Цішэй, цішэй, дзядзька, а то ўбрыкнуць магу,— пачырванеў Клімаўскі, ці ад натугі (падважваў ломам), ці ад прыліву злосці.

«Морда што цагліна і цагліны просіць»,— падумаў з’едліва Залога і зашнарыў каля сябе вачыма, шукаючы якое-небудзь уручышча, каб з ім кінуцца на Клімаўскога. Непадалёк, у канцы насыпу, дзе стаяла тоўстая з раскідзістымі крывымі галінамі сасна, ён нечакана заўважыў маладую парачку — хлопца і дзяўчыну. Там жа стаяў матацыкл — чырвоная «Ява». Дзяўчына прысела на сядзенне матацыкла, а хлопец, палажыўшы рукі ёй на плечы, стаяў і глядзеў ёй у твар. Гэта былі, мусіць, закаханыя, прыехалі аднекуль сюды, у зацішнае і асвоенае месца, далей ад людскіх вачэй.

Залога абрадаваўся, што яны з Клімаўскім тут не адны. Гэта надало яму смеласці, а можа, і не смеласці, смеласці ў яго і так хапала, хутчэй за ўсё — упэўненасці, што па-зверску гэта, бурыць помнік, ды яшчэ на вачах у людзей. Што яны падумаюць? Як пасля гэтага будуць сябе паводзіць?

Залогу захліснула абурэнне, і ён пачуў, як звіняць у яго косці — звон прашывае ад пятак і да самага цемя. Быццам сам ён увесь — звон, гудзе, звініць на ўвесь свет.

А Клімаўскі біў ломам і касіўся на Залогу: раптам і праўда той хопіць цагліну ды пекане ў плечы. Вунь як твар пабялеў і вочы проста кіпяць ад злосці. Так ён, канечне, нічога яму не зробіць, слабак стары, выпетраны, а знячэўку можа стукнуць.

— Пецька, па-добраму прашу: не чапай! — узмаліўся Залога, сцяўшы ад бяссілля кулакі.

— Позна! — Клімаўскі з-за вуха гахнуў ломам. Адкалоў ад цагліны толькі ражок — чырвоным матыльком пстрыкнуў у траву.

На сподзе душы, скрозь навалач гневу абазваўся ў Залогі гонар: яго работка, намёртва спаяў цагліны; сама цэгла крышыцца, а шво застаецца, як у тых старажытных кладках, што паказвалі па тэлевізары.

Клімаўскі біў ужо дзюбкаю лома, стараўся адколваць блокамі і скідваць іх. Разы два яму гэта ўдалося — вяршка, лічы, не было ўжо.

— Што, позна? Хто сказаў — позна? — сарваўся на прарэзлівы крык Залога.— Ты мне пыл у вочы не пускай!.. Я табе не хлапчук...

Клімаўскі перастаў махаць ломам, выцер з твару пот; на руцэ ў яго ўздуліся жылы, пруткія, цёмныя, як гумавыя шлангачкі. Павярнуўся, глянуў на маладых.

— Ты, дзядзька, памяшаўся на гэтым помніку... А ён усё роўна ўжо нікому непатрэбны...— Клімаўскі гаварыў разважліва, спакойна, каб не закранаць Залогі і надаць важкасці сваім словам.— Радыяцыя... Не жартачкі гэта, і надоўга...

— Мне патрэбны! Разумееш? — Залога вырачыў вочы — не мог спакойна слухаць і гаварыць: разрасталася, распірала цвёрдым комам у грудзях абурэнне.— Што мне хто? Я хачу яго бачыць... Я!

— Марокі колькі з ім. Усім трэба, а ніхто ў гэты бок глядзець не хоча... Мы з табою колісь прыбралі каля яго. Хто яшчэ? Гаварыць усе мастакі: памяць... святыня... гісторыя... Якая памяць, якая святыня, якая гісторыя, калі да лямпачкі ўсім? Думаць забылі пра помнік!

— Спахопяцца...

— Хто спахопіцца? Чачорка? Вадзімка з Зіначкаю? А можа, Туземчык? Грынь і той заплюшчыў вочы...— Асекся, назваўшы Грыня, падумаў, што лішняе ляпнуў. З Грынем ён вадзіўся, ладзіў дружбу, вазіў яму дровы, сена, падсабляў садзіць і капаць бульбу. Не так сабе, канечне,— праз гэта дзецям яго ў школе будзе большая ўвага, а то і прывілея на ацэнкі. Прынамсі, старэйшы сын скончыў восем класаў з граматай, цяпер «цягнулі» на яе і дачку.