— Во яны,— Залога кіўнуў на маладую парачку, якая, здаецца, прыслухоўвалася да іх крыку.— Ім патрэбны гэты помнік.
— Рассмяшыў! — зарагатаў Клімаўскі, ажно затросся чуб.— Ім толькі джынсы, магнітафоны, пярсцёнкі, матацыклы падавай... Балдуямі растуць дзеці.
— Можа, не ўсе такія...— усумніўся Залога.
Клімаўскі ямчэй усеўся на «плячы» помніка, звесіў ногі ў кірзавых забруджаных гноем ботах.
— Кажаш, не ўсе... Мой Гена як купіў магнітафон, адразу стыпендыя паляцела... З’ездзіў я да яго ў тэхнікум, у інтэрнаце пабыў і сказаў: вось так, хлопец, грошы колькі высылаў... семдзесят рублёў, столькі і буду, ні капейкі больш. Як хочаш, так і жыві. Нябось адразу падцягнуўся, зноў даюць стыпендыю.
— Я сваіх не балаваў,— уздыхнуў Залога,— не так багата раней жылі, не гналіся як здурнелыя за шмаццём усякім.
— А я зусім у нішчымніцы рос,— сказаў Клімаўскі, быццам выпрошваў спагаду да сябе,— і цяпер не хочацца, каб твае дзеці былі горшыя за людскіх.
— Во так, во так...— пакруціў галавою Залога.— Самі і даём ім прыклад, а з некага пытаем, на некага віну ўскласці хочам.
Яны як быццам мірна размаўлялі, і збоку кожны сказаў бы, што між гэтымі двума мужчынамі згода і ўзаемаразуменне. Але гэта толькі здавалася, у душы ў іх не ачахала ні на секунду непрыязь, бо і адзін і другі былі ўпэўненыя, што кожны з іх пасля гэтай размовы будзе стаяць на сваім, працягваць рабіць сваё.
Так яно і здарылася. Пагаварылі, і Клімаўскі спачатку паціхеньку пакляваў ломам у цагліну, як бы чакаючы, што скажа Залога, а потым дзеўбануў з усёй сілы.
У грудзях у Залогі па-ранейшаму бурліла, ён, ні слова не гаворачы, падскочыў і ўхапіў Клімаўскога за нагу.
— Злазь, кажу!..— Глядзеў на яго з нянавісцю.
— Ды пайшоў ты! — Клімаўскі дрыгнуў, як конь, нагою — лучыў Залогу ў плячо. Дзвюма рукамі Залога ўхапіў Клімаўскога за падол кашулі і тузануў на сябе. Кашуля затрашчала, і на спіне ў дзірцы забялелася пацямнелая ад поту майка.
— Цябе што, ломам гваздануць? — Клімаўскі плюнуў на зямлю, сціснуў лом, аж пабялелі пальцы.
— Гваздзі, а рушыць помнік я табе не дам! — цвёрда сказаў Залога, не зводзячы вачэй з твару Клімаўскога.
— Ну і зануда ж ты, дзядзька Серафім! Чэснае слова, давядзецца ўзяць на душу грэх...
— Ты ўжо ўзяў гэты грэх... такі грэх, што... На тым свеце адгукнецца!
Клімаўскога быццам хвоснуў бізун, ажно перакрывіла твар, і ён, саскочыўшы на зямлю, штурхануў Залогу ў грудзі. Залога падаўся задам і, не ўстояўшы на нагах, захрабусцеў у засохлы куст язміну. Абадраў шчаку — пайшла кроў.
— Яшчэ хочаш? — падскочыў да яго Клімаўскі і набычана глядзеў у вочы.— Паўтарыць?
— Р-рукі распускаць, гад!..— Залога спрытна падхапіўся і, злаўчыўшыся, садануў кулаком Клімаўскому ў сківіцу. Той не чакаў, таму і не паспеў абараніцца; ён не ўпаў, але і не рухаўся, мабыць, пацямнела ў вачах. Залога з маладым спрытам хапіў яго загрудкі, і яны пакаціліся па зямлі — на мокрыя спіны іх наліпала трава, пясок, лісце. Клімаўскі нарэшце падмяў пад сябе Залогу і сеў на яго вярхом. Твар у Залогі быў чырвоны ад крыві, і гэта, мабыць, астудзіла Клімаўскога, ён адно прыціскаў кулакі да Залогавых грудзей каля самага горла. Залога хрыпеў, вырываўся, але не мог скінуць з сябе Клімаўскога.
І тут здарылася нечаканае. Да іх падляцеў малады хлопец і, хапіўшы Клімаўскога за плечы, зваліў яго на зямлю, прыдушыў каленам.
— Ты што, малакасос?!.— Клімаўскі забіўся, як у трасучцы, сілячыся стаць на ногі. Але хлопец моцна трымаў яго: быў дужы, кароткія рукавы тэніскі напіналіся ад накачаных біцэпсаў.
— А ты што робіш? — спакойным, адно дрыготкім ад натугі голасам сказаў хлопец.
— Якое тваё дзела?
— Гэта што, твой? — кінуў хлопец на помнік.
— А твой? — уступіў у перапалку Клімаўскі, трохі абмяклы перад упэўненасцю хлопца, вочы ў яго бегалі.
— Ён гісторыі належыць...
— Ідзі ты адсюль, гісторык паршывы! — не здаваўся Клімаўскі...— Ты ведаеш, хто я? — зрабіў пагрозлівым голас.
— А мне пляваць, хто ты, уразумеў? А тронеш — закіну на сасну...
Залога аніяк не чакаў, што ў яго аб’явіцца заступнік, хоць і абрадаваўся ўпачатку гэтай маладой парачцы. Ён устаў, пачаў атрэпвацца ад смецця. Хлопец, прыціскаючы каленам і рукою Клімаўскога, выняў з кішэні хусцінку, даў яму: «Вытры юху, баця...»
— У цябе не спыталі! — агрызаўся Клімаўскі, але не з такім нахабствам, як з Залогам, зніякавеласць у голасе чулася.