Выбрать главу

— Не спыталі. І ў цябе не пыталі, калі ўзрывалі саборы, замкі, помнікі драўлянага дойлідства... Што, добра табе ад гэтага? Ні табе, ні мне не добра.

«От шпарыць! — глядзеў са здзіўленнем Залога на хлапца, прамакаючы хусцінкаю кроў на шчацэ.— Як па пісаным... Думаў, шалапут нейкі, а ён, мабыць, вучаны, з музея якога-небудзь...»

— Ты глянь вакол сябе, на Магілёўшчыну глянь... Пуста! — хлапец гаварыў са злосцю, хоць Клімаўскі ўжо не трапятаўся.— Дзе гісторыя? Дзе спадчына? Што, толькі дурні тут жылі? Калі дурні жылі, то скуль мы такія разумныя?

— Асабліва ты...— Клімаўскі адвярнуў твар.

— Я хачу ведаць, як жыў мой прадзед, куды хадзіў маліцца, што шанаваў, чаму пакланяўся... І твой праўнук захоча ведаць. Ні Марс, ні Месяц яму не скажуць, скажа толькі Зямля. І скажа ў тым выпадку, калі захавае сваю памяць... Чалавек, які страчвае памяць, перастае быць чалавекам. І народ, які страчвае памяць, перастае быць народам...

— Ты мне натацыі не чытай... Малы яшчэ! — буркнуў Клімаўскі.

— Малы, ды во паслухаць люба,— азваўся Залога, ужо з захапленнем сочачы за хлапцом. Ён, можа, і не ўсё разумеў, але душою адчуваў: той гаворыць праўду.

— Якая ж бязглуздасць — лічыць, што ў памяці павінна захоўвацца толькі добрае. Памяць якраз і павінна фіксаваць усё — светлае і цёмнае, балючае і радаснае... Іначай чалавецтва толькі і будзе тым займацца, што рабіць ды выпраўляць памылкі.

Падышла дзяўчына — у вельветавых светла-карычневых штанах, тонкай ружовай блузачцы, у белых плеценых вузенькімі пасачкамі басаножках.

— Ну хопіць, Эдзік... Завёўся як на сваёй зборні. Надакучыла слухаць...

— Пачакай, Светка... Бачыш, не перавяліся ахвотнікі крышыць і ламаць. Няхай маленькае... Ды не маленькае! Якое маленькае... Гэта помнік каму? — звярнуўся да Залогі.

— Нашым землякам... якія ў вайну палі.

— Ах, праўда!..— схапіўся, быццам успомніў хлапец.— Балбес я... А чаго ён палез разбураць? — ціскануў на Клімаўскога. Той паварушыўся: «Пусці».

Хлапец адпусціў Клімаўскога, стаў рукі ў бокі.

— Халера яго ведае чаго! — незадаволена, з крыўдаю ў голасе сказаў Залога.— Нібыта непатрэбен ён тут, гэты помнік. І сельсавет прыняў рашэнне...— Ён і праўда, нават цяпер не мог толкам уразумець, чаму трэба зносіць помнік, каму і чым ён перашкаджае. Ён цвёрда, непахісна верыў: помнік павінен стаяць вечна — і пры ім, і пасля яго... На тое ён і помнік, каб помніць. Як жа добра, што бог паслаў сюды гэтага хлапца. Адзін бы не саўладаў з Клімаўскім, бугаём гэтым. Але хіба што прыбіў бы, а так — лез бы нагрудкі, драпаўся б, ірваў зубамі, не даваў бы помніка.

— А гэты шустрак, хто? — зноў кіўнуў хлапец на Клімаўскога.

— Ды наш...

— Свой? — здзівіўся хлапец.

— Адзін знайшоўся...— уздыхнуў Залога.

— Дык, можа, гэта... я дарэмна ўлез,— паціснуў плячыма хлапец.

— Хто цябе прасіў! — вызверыўся Клімаўскі. Ён стаяў убаку як пабіты цюцька, дзе падзеліся ягоныя гонар і пыха. Ён быў змізарнелы і няшчасны, многае перажыў, на многае заплюшчыла вочы яго самалюбівая натура, і фінал быў для яго нечаканы. Ганьба несусветная. Далі па храпе. Цяпер і яму самому проста жахліва, неверагодна было ўяўляць, што забярэ цэглу, якую дабудзе з помніка. Няўжо і праўда ён такі праставаты, недалёкі і сквапны ці дурны, як бот? Розумам не дапяў, а душа не падказала. Лашкоў, ён што, ён — начальнік, яму нічога не будзе. Ды яшчэ пад гэты шум-гам з радыяцыяй. Начальнікі, яны заўсёды выкручваюцца, калі што робяць, дык упэўнены ў сваёй беспакаранасці, непрыступнасці. Вакол іх заўсёды абарона. А ты куды лез, балбес, дрэнь няшчасная? Думаў, ты — аўтарытэт? Сам яго для сябе стварыў, сам і цешыўся. Хадзіў што ты, што ты, а людзі з цябе, можа, смяяліся. Трактар — вось твой аўтарытэт! Забяры яго ў цябе — і ў твой бок ніхто не гляне. Будзеш зноў ляжаць на печы, і ў хату ніхто не ступіць. Так было ўжо тады, калі з вартаўнікоў пагналі. Навучаны ж, не, зноў пачаў зарывацца. Які з яго дэпутат? Ды заткала ён, а не дэпутат!

Ён быў у такім стане, што не мог улавіць, ці толькі думае, ці гаворыць, шэпча ўсё гэта. Таму і не заўважыў, калі да іх пад’ехалі белыя «Жыгулі».

З іх вылез дырэктар школы Грынь. Чырвоную тэніску адпіраў круглы і нейкі востры, як гарбузок, жывот. Твар белы, акурат век не бачыў сонца. Грынь прыгроб свае чорныя валасы і абвёў усіх уважлівым позіркам.

— Што ў вас тут за Мамаева пабоішча?

Усе маўчалі. Але ён і так усё зразумеў.

— Надумаліся калі... Быў у райана, заўтра прыязджае аўтобус па дзяцей. Можа, пасля і дарослых будуць эвакуіраваць.

Клімаўскі, ні слова не гаворачы, раптам крутнуў да трактара, заскочыў у кабіну і газануў так, што з трубы паваліў чорны, як сажа, дым, паплыў у крону сасны.