Выбрать главу

— Чаго ён... як шалёны? — спытаў Грынь.

— Разбуральнік,— сказаў хлапец. Грынь мелькам глянуў на яго, падышоў да помніка. Глянуў угару.— Да-а, сорам, да чаго давялі... Давыхоўваліся.

«Хто ж давёў?» — хацеў выкрыкнуць Залога, але стрымаўся: дырэктару на вёсцы мала хто асмельваўся пярэчыць, пры ім нават менш лаяліся.

Грынь абышоў помнік, пацмокаў незадаволена, уздыхнуў.

— Падкінуць дахаты? — спытаў у Залогі.

— Не,— адмовіўся той,— сам дайду.

Грынь сеў у «Жыгулі» і паехаў, узнімаючы на дарозе лёгкі пылок.

— Што цяпер? — хлапец кіўнуў на помнік галавою так, быццам паказваў на неба.

— Што, папраўляць трэба...

— Ну, шчасліва вам! — выгукнуў бадзёра хлапец, абняў за стан дзяўчыну, якая цярпліва чакала яго, і павёў да матацыкла.

— Гэта... дзякуй,— разгубіўся, кінуў ім услед Залога. І калі ўжо матацыкл ад’ехаў, ён схамянуўся, убачыўшы ў сваіх руках чужую хусцінку. Ступіў два крокі да шашы, спыніўся.

Ногі не хацелі весці, але наблізіўся да помніка, паляпаў па ім далонню: «Нічога, выстаялі... брат». Прыкра, балюча — хоць вый — было на душы. Незразумела. Чутка разнясецца, канечне, пра сутычку. Не ведаў, як будзе, як паставяцца да гэтага людзі, начальства. Ён ведаў адно: што без помніка яму не жыць. Сэнсу няма. Вось так: няма сэнсу. Хоць і дзяцей нарадзіў, хоць і не прагуляў сваё жыццё... Чамусьці іменна так уявілася, стала перад ім уся гэтая баталія з помнікам. Уцягнуты ў яе, як кажуць, з нагамі і рагамі, ён мала і не так востра думаў пра радыяцыю. Калі і прыходзілі думкі пра яе, то ўрыўкамі, як пра нешта нязначнае, не галоўнае на дадзены момант.

Аслабелы, стомлены, але цвёрды ў душы, быццам з кавалачкам стрыжня якога, ён пайшоў па дарозе ў вёску, потым звярнуў у сасоннік і падзёўбся па каровіных сцежках, засыпаных ігліцаю і старымі патрэсканымі шышкамі, якія трывожна хрупалі пад нагамі.

 

XI

Гэта была — эвакуацыя, забытае ад вайны слова. У яго не верылася, думалася, што нейкі спектакль разыгрываецца. Нічога ж не пагражала і не чакалася ні рову самалётаў, ні выцця снарадаў, ні прыходу чужынцаў.

Прыехаў аўтобус — звычайны, якія бегаюць штодзень па шашы; стаяў пасярод вёскі — на «пятачку». Каля яго камандавала бойкая чарнявая маладзіца з высокаю куксаю на галаве і з вучнёўскім сшыткам у руках.

Жанчыны вялі дзяцей, неслі ў руках клункі, чамаданы, сумкі. Нейчае дзіцё плакала. А Чачорка ў сваім двары тужліва цягнула:

 

Прывыкайце, чорны вочы,

Адны начава-а-аці...

Няма майго мі-і-іленькага,

Не з кім размаўля-я-яці... Эх!

 

Залога сядзеў на лавачцы, слухаў песню і назіраў за мітуснёю. Спачуваў дзецям, надта малым, будуць сумаваць, тужыць у новым месцы, без бацькоў. Не зразумеюць яны, колькі ні талкуй, што так трэба, што над імі навісла пагроза. Нават жа дарослы, пакуль, як кажуць, не празвініць, не думае пра тое здароўе.

Аўтобус — гэтая шчабятлівая клетка — развярнуўся і пакаціў. Услед віхурыўся густы белаваты пыл. Дзеці прыліплі да вокнаў, маці махалі рукамі, выціралі на вачах слёзы.

— Адправіла...— сказаў Залога Насці, калі яна параўнялася з ім. Яна была ў сіняй хусцінцы, і ўсе бабы былі ў хустках — аб’явілі: не хадзіць з голай галавою. Ён думаў, што яна спыніцца, як звычайна, а то і прысядзе на лавачку пагаманіць, але Насця прайшла міма, толькі і паўтарыла яго ж слова: «Адправіла». Ён збянтэжана паглядзеў ёй услед, на яе мажны стан і засаромеўся, бы хлапчук, якому дзяўчына адмовіла ў шлюбе. Невясёлая. Канечне, Пятро нацкаваў. Пасля стычкі каля помніка. Як бы мужык ні быў вінаваты, несправядлівы, вясковая кабета заўсёды стане на яго бок. І на людзях будзе заступацца за яго, крычаць, абараняючы, «сячыся» да пасінення. І толькі дома ўжо, з вока на вока, можа накінуцца на мужыка, абазваць яго, абвінаваціць ва ўсіх грахах.

Такая была яго Маруся. Такая і Насця, можа, нават яшчэ ўедлівей. Ён дакрануўся да наклеенага на шчаку пластыра і ў душы абрадаваўся, што не запынілася Насця. А можа, таму і не запынілася, што драпіна ў яго на шчацэ?

Ён выкурыў папяросу і ўстаў — нацяты, рэзкі ў рухах. Пайшоў у двор. Марусі дома не было, яна падварушвала на сядзібе сена. Уранні ён сказаў ёй, што пойдзе да помніка. Маруся ўчора на яго пакрыўдзілася, калі ён вярнуўся абадраны, і не адказвала на яго да яе словы яшчэ і сёння. Яго нават цешыла, што жонка так перажывае за яго.

Ад таза, у якім Маруся выносіць парасятам, фыркнулі вераб’і, селі на страху пуні, зашкрэбалі дзюбкамі па шыферы. Падалі Залогу сігнал, напомніўшы, што трэба рыхтаваць карове пойла.

На загнеце ў чыгуну-вядзерніку стаялі параныя буракі і бульбяное шалупінне. Узяўшы анучу, ён аблапіў чыгун і вынес яго на двор. Паставіў каля ражкі. Выліваць не стаў — расцягнуць куры.