Залога чытаў газеты, слухаў радыё, глядзеў тэлевізар і дзівіўся: раней такога не было. І кожны хоць на макулінку талковы чалавек, не п’яніца, гаварыў, што судна нарэшце ўзяло правільны курс.
Залога зацягнуўся і выдыхнуў дым, быццам дзьмухнуў у парус гэтага судна. Радасней сябе адчуў, таму і на дзіцячыя мроі пацягнула. Ён бадзёра ўстаў, замяшаў у вядры раствор; узяў на кончык масцярка крыху і строс сабе пад ногі. Можа, хвіліны праз дзве дакрануўся пальцам да кучачкі раствору — яна не асела, зацвярдзела як камень, вяршынькаю ўкалола шыпушку пальца.
У левай руцэ вядро, у правай масцярок — ён рашуча падышоў да помніка; пачаў замазваць на ім трэшчыны, дзе на кантах былі сколіны, шчарбіны — нарошчваў, рабіў прамую лінію без выемак і вуглоў.
Тыя спайкі, якія адкалоў Клімаўскі, падняў, палажыў на «плечы» помніка; паставіў вядро, узгробся сам.
Найшло дзіўнае адчуванне, быццам ён муруе новы помнік, прынамсі, хваляваўся не менш, а больш, чымся першы раз.
Міма па шашы ішлі машыны, тады-сяды гарэзліва піпікалі яму. Водзека, брат, занятак — яшчэ і шафёраў весяліць! Ніхто з іх і блізка не здагадваецца, чаму і праз каго сядзіць на помніку гэты мужчына з засяроджаным тварам.
Залога дбайна замазваў кожную выемку, няроўнасць; калі нязручна было масцярком, пускаў у ход пальцы — самы надзейны інструмент. І на свежых замазках засталіся адбіткі яго пальцаў — ім жыць столькі, колькі будзе стаяць гэты помнік. А колькі ж яму стаяць? Па кладцы ён стаяў бы вельмі доўга — вечна. Залога ўпэўнены. Толькі не ўпэўнены цяпер, што людзі дадуць яму гэтулькі пастаяць. Выходзіць, ставілі яго проста так, як цацку, якую, калі яна паслужыць дзіцяці, выкідваюць на сметнік. Здавалася б, усё іначай павінна быць: чымся больш прастаяў помнік, тым даражэйшы становіцца, тым з большаю ўзрушанасцю на яго трэба глядзець, шанаваць. Як, каму, калі, у якім душэўным вэрхале можа ўбіцца ў галаву думка разбурыць, знесці помнік. Гісторыя — лесвіца крутая, з ненадзейнымі прыступкамі, а значыць, не ўсім і не заўсёды зручная, і такой павінна яна заставацца, нечакана небяспечнай, такой яе павінны ведаць. Яна не можа быць кепскай ці добрай, яна — сведчанне. А сведчанне трэба захоўваць — спатрэбіцца. Няма ж ніводнага чалавека без сведчання — метрыкі, пашпарта. А гісторыя?
Сядзеў ветэран, Серафім Залога, на помніку, сам — як помнік, і калі б раптам з-за кустоў выйшаў фатограф і шчоўкнуў яго, а пасля зрабіў чорны здымак-сілуэт, то атрымаўся б манумент, і ніхто не сказаў бы, што ён скамбінаваны з жывой і мёртвай пароды.
Ад помніка адвальваўся чорны трохвугольнік ценю, ламаўся на пліце, якая падымалася на пядзю над зямлёю, а вяршынькаю сваёй як бы прыціскаў траву на броўцы насыпу. Залога сеў у гэты трохвугольнік ценю — на пліту. Выпрастаўшы правую нагу, выняў з кішэні штаноў папяросы. Зноў закурыў: супакойваўся, сунімаў дрыжыкі ў грудзях — падступаўся ком.
Яму не хацелася ісці адсюль. Здаецца, сядзеў бы і сядзеў тут вечна. Можа, скоўвала пачуццё страху, што Клімаўскі зноў вернецца да свайго намеру. А можа, проста даражэйшага месца, чым гэта, у яго на зямлі цяпер не было.
Свежыя мясціны на помніку падсыхалі, па краях пабялелі. Дні праз два можна фарбаваць. Фарбаваць не праблема, абы фарба была, трэба нешта рабіць з абгародкаю. Ну, дубкоў на слупы, зрэшты, ён зваліць сам, а дошчак на штыкетнік толькі на пілараме можна нарэзаць. Не будзе ён чакаць, пакуль Лашкоў ці Туземчык некаму загадаюць, возьме Вілюхіна ў падручныя, ды ўдвух і абцяпаюць гэтую справу. І трэба адразу ж брацца, бо невядома, як і што будзе з гэтай радыяцыяй. Во закамандуюць усім выбірацца — і нідзе не дзенешся, мусіш вязаць хатулі.
Дасмаліўшы папяросу, Залога адышоўся і зводдалі глянуў на помнік: стаіць маналітам, як і раней, толькі плямісты — і ад свежай замазкі, і ад ценю, што адкідвае сасна; гэты цень ад сасны рухомы, і здаецца, што на помніку дрыжыць палотнішча.
Залога падступіўся да сасны, каля якой тады стаяла маладая парачка. Ліха ведае што творыцца! Асмеліўся ж Клімаўскі разбіваць помнік, не паглядзеў, што чужыя людзі, што могуць здзівіцца, не зразумець, у міліцыю заявіць. А можа, яны пад’ехалі пасля, наўмысна тут спыніліся, убачыўшы Клімаўскога з ломам?
Залога дакрануўся пальцамі да кары, у шчыліне ўбачыў божую кароўку — яна то замірала, то паўзла. Хацеў ён, як колісь у дзяцінстве, узяць яе на палец і, сказаўшы: «Божая кароўка, ляці на небка, там твае дзеткі ядуць канфеткі», пусціць на лёт. Але душа пасля згадкі пра той чорны дзень чулася брыдкавата і было не да забаў.
Ён доўга, бы самлелы, стаяў прыхінуўшыся да сасны.