Ён палажыў галаву жонцы на плячо, адчуў дзюбачкаю носа, як пульсуе ў яе на шыі кроў. Валасы яе пахлі канюшынаю і яблыкамі — учора насекла ў балоце рагазюлін і падперла галіны яблынь, каб, цяжэючы, не ададраліся. Малайчына! Насціна цела цёплае, пульхнае і падатлівае ад начной млявасці. Пятру прыемна, што ў яго такая маладая, налітая вабнасцю кабета, што не камусьці іншаму, а яму яна слугуе, належыць. Ён грабянуў жонку да сябе...
...Пакуль Пятро адзяваўся, мыўся, Насця сабрала на стол — такая ў іх сям’і завядзёнка: у якую б рань ні ўставаў гаспадар, гаспадыня павінна яго накарміць.
— Як чайнік закіпіць — зальеш у заварніцу,— сказала яна, захінаючы на пукатых грудзях халат,— а я пайду яшчэ прылягу... Хутка ўжо кароў будуць гнаць.— Яна глядзела на мужа, спрабуючы адгадаць, ці не злуецца ён, што яна пакідае яго аднаго.
— Ідзі лажыся,— дазволіў ён, стаяў перад люстрам, галіўся, задзіраючы галаву — праз каўнер сарочкі брыльком навісала складка скуры. Ён правёў па шчоках далонню — ці чыста пагаліўся.
— Ну, я пайшла...
Пятро глянуў жонцы ўслед, позірк зачапіўся за рудую плямку пад левым каленам — закарэлую балячку. Стала шкада жонку, учора ў балоце, мабыць, нечым паранула. Другая заела б, што за гаспадара робіць, а яна нават не сказала.
Еў Пятро з апетытам, падмёў усё на стале: і салату з зялёнай цыбулі, і яешню на сале, і місачку смятаны. Наверх выпіў вялікі кубак чаю.
Вокны з цёмна-фіялетавых сталі шэрыя — вачавідкі світала. Чэрвеньскія ночы зусім кароткія і пралятаюць хутка, толькі месяц ды зоркі яшчэ доўга не хочуць развітвацца.
Калі Пятро падышоў да трактара, там-сям у дварах ужо пакрыквалі на кароў бабы, звінелі вёдры. Гаспадыні, выганяючы на пашу, дояць кароў — толькі тых, каторыя малочныя, са слабым вымем. Ідзе такая двору, а малако на зямлю цырк ды цырк.
Ён завёў трактар, даў матору прагрэцца і скрануўся з месца. З прычэпа тырчаў, як хвост страказы, гладкі сасновы рубель, качаўся па заднім, абабітым жалезам борце.
Каля Залогавай хаты Пятро спыніў трактар, адчыніў дзверцы кабіны. Залога трымаў у руках двое вілак і скрутак белай тоўстай вяроўкі.
— Кідай усё ў прычэп! — крыкнуў Пятро.
Залога залез у кабіну, падаў руку.
— Дзе такую хвацкую вяроўку прыдбаў? — спытаў Пятро.
— А гэта мне сын, старэйшы, каторы геолагам, прывёз... з цягача яна ці адкуль. Гады ўжо два ў мяне.
— Такой вяроўкаю цэлае гумно сена ўвяжаш.
— Добра во, што дажджу няма,— абрадавана сказаў Залога.
— А колькі яму ўжо быць! І так радыяцыі насыпаў...— Пятро ямчэй ухапіў руль, прыціснуўся спінаю да мяккай падушкі сядзення.— Сена не дае ўбраць. Латва, хоць сілас навучыліся таптаць. Жыта ўсё палягло... Я гараж сабе ўсё ніяк не пачну... Як выхадны, так дождж.
— Купіў машыну хіба?
— Яшчэ не купіў, але думаю... Хутка чарга падыдзе. Трэці я...
— Табе як дэпутату можна без чаргі,— усміхнуўся Залога.
— Гэта вам, ветэранам, усё без чаргі,— незалюбіў чамусьці, з’яхіднічаў Пятро,— а мы простыя смертныя.
— Колькі нас, гэтых калек, засталося... Можа, чалавек якіх пяць на сельсавет.
— Шэсць,— удакладніў Пятро, і ў голасе пачуўся гонар, што ён ведае, мае дачыненне да інвалідаў.— Учора якраз засядалі ў сельсавеце... Што ды як, гадавіна Перамогі надыходзіць.
Залога ўздыхнуў. І дагэтуль не вельмі вясёлы, ён зусім замаркоціўся. Сон успомніў. Часта яму сніцца, як у яго снайпер цэліць, а потым санітары пад пахі бяруць...
— А я цябе сніў сёння,— сказаў ён, павярнуўшы твар да Пятра.
— Мяне? — здзівіўся той.— Што гэта ты, дзядзька? Калі б маю Насцю, дык яно б зразумела,— сказаў як быдта з жартам, але відаць было, што на душы ў яго набалела. Адчуў гэта Залога, але не паказаў выгляду, незадаволена кіўнуў:
— А мабыць, думаю многа... Ці будзе дождж ды ці паедзеш... раптам трактар не завядзецца,— з’яхіднічаў Залога, бо ведаў завядзёнку мясцовых трактарыстаў: не хоча ехаць — кажа, трактар не завёўся.
— У мяне таксама клопату хапае! — сказаў Пятро такім тонам, каб паказаць Залогу, што не трэба яму ныць і не толькі яму цяжка жывецца.— Цэглы ніяк не магу дастаць...
— З цэглаю таксама праблема,— згадзіўся Залога.— У мяне ў лазні печачка асела, і во некалькі цаглін не знайду. А ў вас жа транспарт у руках — паехаў ды прывёз.
— Ажно ў Гомельскую вобласць? Цяпер не так проста... Там жа зона...