Мужчыны неяк неўпрыкмет разышліся на другую машыну сена грузіць, а яны ўдваіх засталіся. Станіслава травінку на палец накручвае і валасы ўсё кіўком галавы адкідвае з твару. Ён сядзіць, і мову яму адняло. Каб добрую чарку ўзяў, то за язык не трэба было б цягнуць.
Тады яна пытае: «А суніцы ў гэтым лесе ёсць?» Ён абрадаваўся, падумаўшы, што нарэшце яна пакіне яго: «Ёсць-ёсць! Многа тут...» А яна: «Пакажы мне, калі ласка, дзе яны растуць».— «Ды на палянах суніцы скрозь...» Ён убачыў на яе твары з’едлівую ўхмылку, апусціў ажно вочы. «Я адна заблуджуся, я — гарадская, зусім не ўмею арыентавацца ў лесе...» Яна ўзяла з кабіны алюмініевы бітончык, накінула наапашкі кофту, і яны пайшлі...
А Насця? Хто ведае, ці быў у яе ўжо пры ім чужы мужчына? Баба яна ў яго, канечне, відная — і тварам, і паставаю. Любому мужчыну кінецца ў вока. Іншая рэч, што тут, у вёсцы, няма дзе разгарнуцца. Але ж ездзіла яна, тады як у клубе працавала, на ўсякія нарады, у раён і ў вобласць. Адзін год была нават у Доме адпачынку пад Бабруйскам. Ды хіба ўсочыш за бабаю, калі яна ў збродлівую кошку ператворыцца?
Пятру не спадабалася, што жонка не прыняла яго прапановы выпіць. Ды не выпіць, проста па душах пагаварыць. Раней жа, бывала, сядуць вечарам за стол, пагамоняць, і любоў тады была ў іх гарачэйшая, акурат палюбоўнікі яны. Праўда, цяпер не да любові, але гаркоту на сэрцы трохі прытушыць не шкодзіла б.
Ён раззлаваўся.
— Я — «не дуры», а другія няхай дураць!
Яна глянула на яго пранізліва.
— Чаго ты прыліп да гэтых «другіх»?
— Выкручваешся?
— Мне ніхто нічога благога не зрабіў...
— А харошага? Скажы, хто табе што харошага зрабіў? — Пятро, як вар’ят, вырачыў вочы, наблізіў твар да жонкі.
— А ты?
— Ах, сука!..— Пятро пляснуў жонцы па шчацэ. Адхапіў руку, быццам дакрануўся да распаленага жалеза. Глядзеў на жонку і сам не разумеў, за што яе ўдарыў,— дурная рэўнасць ці проста нервы здалі. Даўно ўжо здалі, не можа сябе трымаць у лейцах. Дзе не здадуць, калі раптам усё рухнула: аўтарытэт, надзея, мэта, хоць не жыві, кладзіся ў магілу і памірай. Лепшы ў вёсцы двор, гараж, машына — усё страціла сваю вагу, абясцэнілася. Быццам ён аджыў свой век і цяпер трэба паміраць. Якраз такое было адчуванне. І з жонкаю во яшчэ пасварыўся — нідзе ніякай падтрымкі, затрашчаў па ўсіх швах. Былі б дзеці — з імі забаўляўся б, каб хоць на час забыць, што ён такі няшчасны.
Насця хапілася за шчаку і адвярнулася да частаколу — нечым напомніла яму першую жонку: тая часта вось так стаяла, адвярнуўшыся, і плакала. Ён спалохаўся, што яна зараз залямантуе, закрычыць, пачне сыпаць праклёны.
Але — яна маўчала, нават не хліпала. Нешта яе стрымлівала. Што? Віна? Га? Усё-ткі віна? А можа, тое адзінае ў сваім родзе жаночае пачуццё, якое не дазваляе пераступіць мяжу, за якою рушыцца сям’я. Канечне, яна, Насця, нідзе не працуе, дзяцей куча — трэба думаць, як іх расціць, карміць, апранаць. Гэтая думка сядзела ў ёй з самага пачатку, бы стрэмка, якая нарывае. І ён, Пятро, імкнуўся дзецьмі прывязаць яе да сябе, адабраць права на незалежнасць.
Ён дамогся свайго. І Насця саступіла яму зноў, як ужо саступала няраз, заганяючы глыбока ў душу жаночы гонар. Ды яна адчувала, ведала, што цярпенне яе не бясконцае. Калісьці яно можа лопнуць, і тады ад яе можна чакаць самага бязглуздага выбрыку.
Ляпнулі весніцы — зайшоў паштальён, кульгавы Броня. Веласіпед свой паставіў каля лавачкі. Многія здзіўляліся, як ён ездзіць на веласіпедзе, бо левая нага ў яго прыметна карацейшая за правую. А Броня сапраўды налаўчыўся — правай цісне з сілаю, а левай ловіць педаль толькі ўверсе, бо ўнізе не дастае, і таксама націскае з усёй сілы. Цяжкі ў Броні лёс, нарадзіўся ў вайну, нібыта ад афіцэра-акружэнца, татарына; маці ў канцы вайны, калі немцы, адступаючы, палілі вёску, загінула. У Броні і сапраўды шыракаваты твар, вузенькія чорныя вочы, але валасы светлыя, як у маці. І такая ж светлая ў Броні душа — усім ён спачувае, чым можа, дапамагае, купляе і раздае дзецям цукеркі. Быў памочнікам кінамеханіка, цяпер, калі ўжо не круцяць у Залівонаўцы кіно, разносіць пошту.
— Вам пісьмо...— гаворыць Броня і зніякавела паглядвае то на Пятра, то на Насцю: адразу адчуў, што нешта між імі няладнае.
Пятро ўзяў у яго з рук газеты і пісьмо. Броня сказаў «дзякуй» і пакульгаў з двара.
Пісьмо прыслала яго сястра, Танька. Яна жыве ў Віцебскай вобласці, туды завёз яе адзін з электрамантажнікаў. Даўно не пісала. Што гэта яна надумалася? Пятро гучна сказаў, каб чула Насця, ад каго пісьмо, бо яна магла падумаць, што ад сына, Гены. Насця крутанулася і пайшла, каб паказаць, што крыўда на яго ў яе не прапала.
Пятро разарваў канверт і, заціснуўшы яго між пальцаў, стаў чытаць ліст. Сястра пыталася, як жывуць, як здароўе... «Чула, у вас там радыяцыя... Многія сем’і з Гомельскай вобласці прыехалі да нас. Можа, і ў вас там будзе кепска, дык прыязджайце — месца знойдзем...»