Не чакаў Пятро, што сястра ўспомніць, падумае пра яго. Не забыла, што ён дапамагаў ёй, калі вартаўніком быў, усуне ўкрадне ад Насці то пяцёрку, то дзесятку.
Але сестрыно пісьмо не супакоіла яго, а яшчэ больш падсыпала клопату і перажыванняў. Нарадзіла новую, зусім нечаканую для яго ідэю. Яна перш нясмела закрадвалася ў сэрца, а потым завалодала ім так, што ён не ведаў спакою і ўначы. Не спаў, глядзеў у асвечанае месяцам акно, на якім цень ад яблыні маляваў мудрагелістыя прывіды.
З Насцяю яны не памірыліся, і яму не было з кім параіцца, суняць сваю трывогу. Ад гэтага яна цяжэла, а галаву быццам нехта ўзяў у ціскі і ўвесь час падкручваў гайку. Ён схадзіў нават у ФАП, доктар змераў ціск, сказаў — «норма, як у касманаўта». І яму сапраўды палягчэла, ці не ўпершыню за апошнія дні ён усміхнуўся сам сабе. Прыехаўшы на абед, ён першы абмовіўся да жонкі.
— Што дуцца, калі разам жывём,— голас у яго быў лагодны.— Не ведаю, што во рабіць...
Насця не адказала, хоць і кальнула ёй у сэрца: штосьці важнае мужык замысліў. Яна маўчала, ліхаманкава перабірала думкі. І тады ўспомніла пра Таньчына пісьмо, яна яго прачытала таксама, бо Пятро яго не схаваў, палажыў на швейную машыну. Можа, што з ім звязана? Яна не памылілася. Ён сказаў:
— Сястра запрашае да сябе...
Насці абрыдла гульня ў маўчанку, і яна не вытрымала: калі б дзеці, яна не загаварыла б, гэта пэўна.
— Назаўсёды?
Пятро абрадаваўся.
— Хто ведае, як яно складзецца!..— Ён не тлумачыў жонцы, што мае на ўвазе, хоць думаў і пра гэтую заваруху з помнікам, і пра радыяцыю, і нават пра бойку з Залогам. Гэтыя дні ён заглянуў у самыя патаемныя куткі сваёй душы. Не хацелася ставіць на сабе крыж, цяжка было нават уявіць, што жыццё адрыне яго як нягоднага, а астатнія, менш вартыя, будуць піць насалоду поўнымі келіхамі. Няўжо яму век гніць тут, у гэтай радыяцыі? Ходзяць чуткі, што яна — надоўга, можа, нават не на адну сотню гадоў. Жах падумаць! Нават дзеці яе не перажывуць. Ну, да школы пабудуць у лагеры, а тады?
Ад тужлівых думак трашчала галава, нехта няўмольны падкручваў гайку.
— Неяк у чужое месца ехаць...— У вачах у Насці плавала задуменнасць.
— А што рабіць? — наступаў ён, адчуўшы, што жонка ў душы ўпарціцца, не згодна з тым, на што ён яе змушаў.— Саміх ужо халера бяры, а дзеці?
Дзяцей і ёй было шкада, не менш, а больш, чым яму.
— Паглядзім, як людзі...— усё яшчэ сумнявалася Насця. Калі б не было той сутычкі на двары, можа б, яна і не падумала пярэчыць мужыку. А так пярэчыла не столькі яго думкам, колькі яму самому.
— Што людзі? — Голас яго зноў павысіўся да крыку.— На людзей глядзець...— Ён хацеў сказаць, што няма тут, у Залівонаўцы задрыпанай, на каго глядзець, раўняцца, з яго павінны браць прыклад забулдоны ўсякія. Ды, зрэшты, толькі кончаны ідыёт жыве адным днём, не думае пра заўтрашняе. Дэпутацтва трымае? Гонар гонарам, а справа гэта такая: сёння дэпутат, а заўтра не выбралі. Панасіў ён ношку, няхай хто другі паносіць. А калі на тое, ён і ў новым месцы заслужыць. Такіх людзей, які не падвядзе, усюды прымячаюць. Упэўненасць яго мацнела, а жончына слабела. Ён гэта бачыў па яе твары. Здаецца, у яго пачалі вырастаць крылы, у целе чулася лёгкасць. Цягнік набіраў хуткасць, вывозіў яго з тупіка. Часта ж гавораць, што з любой пасткі ёсць выйсце.
— А што спяшацца? — Сумняваючыся, Насця пакутліва думала. У яе ўжо не было той безагляднасці, з якою раней яна давяралася мужу.
— Ну і спаць у шапку не трэба! — З Пятра перла рашучасць.— У мяне ёсць адгулы, вазьму адскочу да сястры, прапытаю, што ды як. Можа, яны там нешта параяць. А ты да дзяцей з’ездзі...
Яна ўжо збіралася ў гэтую паездку сама і яшчэ сёння меркавала паехаць ціхачом, нічога не гаворачы Пятру, каб паскакаў, пахваляваўся, думаючы, што яна ўпрочках. Яму, канечне, нічым не сагразіш, і трэці раз жэніцца, знойдзе сабе ўдаву ці нават дзеўку, але і паказаць, што без яго ў яе свет рушыцца, таксама нельга.
— Што толку... Нічога ж ім не завязеш,— пашкадавала.
— А навошта везці? Ім хапае ўсяго там! Нават жа ў нашу во краму... чаго век не было, нейкіх югаслаўскіх кансерваў, пашцетаў навезлі. Ты ім даражэй усякіх прысмакаў будзеш.
Яны разышліся пасмірнелыя, кожны ўзяўшыся нешта рабіць па гаспадарцы. Управіліся хутка і рана леглі спаць.
XIII
Серафім Залога сабраўся ў лес. Маруся пайшла ў краму, і ён чакаў яе. Сядзеў на ўслончыку і курыў.
Яна прынесла ў сетцы хлеб і чырвоныя бляшанкі, пакет мукі і пачак солі.