— Зноў? — спытала яна, убачыўшы ўдзяўбнутую ў калодку сякеру. Гэты помнік так неспадзявана ўварваўся ў іх жыццё і парушыў звыклыя парадкі, што размовы можна было весці на адных недамоўках.
— Пайду пару дубкоў падвалю... А што гэта ў цябе ў сетцы?
Яна і тут зразумела, што ён пытае пра бляшаначкі.
— Ета кансервы такія... не нашы яны, нейкія загранічныя. Усе грабуць...
— Водзека ўжо наядзімся! — засмяяўся Залога.
— Грынь вазіў у раён малако і ягады, праверылі — заражаныя...— Яна глянула на мужа, ці ўразіць яго навіна. Ён толькі нахмурыўся: маўляў, што тут дзіўнага, даўно ўжо абвешчана? Проста чалавеку не сядзіцца, карціць.— А яшчэ бабы казалі, што Клімаўскі нібыта выбірацца будзе...
Вось тут Залогу тарганула, ажно бровы падскочылі.
— Які Клімаўскі? — перапытаў ён, быццам іх у вёсцы было некалькі.
— Ну які ж...— Маруся, нечакана для сябе, убачыла, што апошняя навіна акурат стрэсла мужа. Ён як бы не верыў, ці дужа збянтэжыўся.
І такі, незразумелы, панікла-засяроджаны, ён пайшоў з двара. На плячы паблісквала, як шкельца, сякера.
Дубкі раслі ў падлужжы, і ён кіраваў туды. Напрасткі кіламетры два будзе. Ён не любіў дарог — пыл, пясок, лужыны. Нават калі не трэба было зразаць шлях, ён ішоў лесам паўз дарогу.
У лесе было свежавата, сонца паслалася на траву і мох доўгімі палоскамі. Чарнічнік аблёг на зямлю ад ягад, на палянках чырвонымі вочкамі гарэлі суніцы, прасіліся самі ў рот. Залога сагнуўся і падняў пару штучак — мятная густая духмянасць расцяклася па роце. Цяжка прывыкнуць, што ягады гэтыя ўжо не лекар твой, а — вораг. Можа, выдумалі, сумняваўся Залога. Яго сялянскі розум быў прывучаны верыць прыродзе, а не людзям, якія ўмеюць пляткарыць і хлусіць і чые памылкі не раз за жыццё білі яго па карку. Білі так, што цямнела ў вачах, кроў з вушэй ішла. І вось апошні ўдар — гэты помнік. Часам Залога дзівіўся, што жывіць яго сілы, што трымае, не дае зламацца хрыбетніку. Як і помніць сябе, увесь час ішоў, лез, поўз, гробся на гару — здавалася, на ёй звіла гняздо птушка шчасця. Але як толькі ўзбіраўся на вяршыню, яму гаварылі, што гняздо не на гэтай, а на суседняй гары. І з такою ж вераю ды ўпэўненасцю ён лез на другую гару. Грэбціся цяжка, а ўніз каціцца заўсёды лёгка.
І яшчэ адно пытанне заўсёды перад ім стаяла: толькі яму так цяжка ці ўсім? Можа, ён чаго не разумеў, але тады-сяды, гледзячы на людзей, ён дзівіўся: той нешта сказаў — забыўся, нешта зрабіў — махнуў рукою і спіць як забіты. Быццам душы ў яго няма, быццам не баліць яна. Вось і Клімаўскога ўзяць... Бач, ужо лыжы навастрыў з Залівонаўкі. Назбродаваў — і ў кусты. А тое, што пасля сябе пакінуў, якую славу, яго не цікавіць, яму да фені, як цяпер маладыя кажуць. Ды ён, Залога, на яго б месцы зямлю носам бы рыў, але загладзіў бы свае чорныя сляды. Дэпутат... Які ён дэпутат? Тарбахват, а не дэпутат! Нейкая ж цвёрдасць павінна быць у чалавека. Што, яму, Залогу, лёгка было, надта пасля вайны... Са шпіталя вярнуўся — скура ды косці, паўгода адлежваўся. На вёску адна карова засталася — дзецям малако трэба, і яму выдзялялі шклянку. Ніхто не папракнуў яго той шклянкаю. Ачуняў... Хату зладаваў, ажаніўся. Нешта сястра яго з Марусяю не заладзілі. Вымушаны быў новую хату зачынаць. І ў калгас хадзіў, не адлыньваў, стараўся. Прымецілі, брыгадзірам трактарнай брыгады паставілі. Падаў заяву ў партыю. На сходзе яе зачытваюць, біяграфію... «Якія пытанні будуць да Залогі?» — пытае парторг. І тут устае Мішка Кухцік, у ваеннай гімнасцёрцы, падпяразаны афіцэрскім рэменем: «І-і, таварышы... і-і чалавек быў на вайне не да канца. І-і мала што магло і-і быць... І-і пакуль нашы рады з’яднаныя, прапаную і-і ўстрымацца...» Як варам яго, Залогу, абдало: «А заіка ты чортаў, я рады яго раз’яднаю!» Крэпенька, балюча пакрыўдзілі яго тады гэтай падазронасцю, засадзілі ў сэрца ржавы штыр, ён і цяпер там сядзіць. Пасля ўгаворвалі яго няраз: давай, Данілавіч, уступай у партыю, маўляў, гады былі такія, недавер да тых, хто ў палоне быў, хто не даваяваў. Але ён, як вол, зацяўся, на прынцып пайшоў: раз я рады вашы раз’яднаю — навошта? Як не камуніста яго неўзабаве папрасілі з кіраўнічай пасады, і ён прыткнуўся да школы.
Залога не заўважыў, як падышоў да падлужжа. На гары, перад спускам на луг, да Сажа, сярод елак, бяроз і кустоў ляшчыны раслі дубкі. На беразе звычайна дубы раскідзістыя, каржакаватыя, з тоўстымі крывымі галінамі, а тут стройныя, з гладкай карою, і галін мала, толькі на вярхушцы. Адзін ссек — і два ці нават тры слупкі будзе.
Кожнае лета сюды прыязджалі адпачываць людзі ажно з Масквы, Ленінграда, Кіева... Не прайсці было з-за легкавікоў і палатак. Цяпер — тут было пуста. Толькі чарнелі, як патэльні, кругі леташніх цяплішчаў, і веяла ад іх не дымком, а сумам. Нізенька пры зямлі ружавеў чабор, над ім ляталі чорныя чмялі.