Выбрать главу

І далей з вёскі гэтай глуміліся ўсе, каму хацелася. Так і чэзла яна ў яго на вачах: дзе толькі падзеліся святы, абрады, песні, скокі, маёўкі, гульні... Ужо каторы год сумна, ціха, як у старой запакінутай хаце. А цяпер увогуле канец свету. Дажыліся... У Залогі было такое адчуванне — прыйшло іменна цяпер, сумнаму, адзінокаму, калі перабраў у памяці перажытае,— што застаўся ён адзін са сваёй Марусяю на бязлюдным востраве. Выручыць хто ці не — адзін бог ведае. Маладзейшыя, канечне, чакаць не будуць, ірвануць куды вочы глядзяць, яны і без радыяцыі не вельмі-ткі чапляліся за зямлю, за вёску... А цяпер і пагатоў. Мала, што газеты ды радыё суцяшаюць, бытта доза ў Залівонаўцы нястрашная. Можа, зноў хлусяць, як не раз было, каб панікі не наводзіць. Заўсёды ж так: няхай чалавек церпіць, абы панікі не было. Паніка на вайне небяспечная, праз яе можна бой прайграць. А тут з кім бой?

«Эха-хо!..» — цяжка ўздыхнуў Залога і з крэктам падняўся.

Ён неахвотна, цяжка ступаючы, ішоў з лесу.

Каля хаты Вілюхіна стаялі сцішана купкаю людзі, твары ў іх былі зажураныя. Трывожны халадок прабег у яго па спіне. Ён падышоў. Мымко павярнуўся да яго, скрыжаваў на грудзях рукі і, заплюшчыўшы вочы, схіліў галаву. Залога ўсё зразумеў — памёр Вілюхін. У вачах закружылася зямля, пахіснулася, і ён пахіснуўся, як бы стаяў у лодцы. Але галава была ясная. Залога прыставіў да частаколіны сякеру: навошта несці яе дахаты, спатрэбіцца рабіць труну.

Як жа мала на зямлі спакою. Толькі на хвіліну дае жыццё перадыхнуць, а тады зноў упрагайся, цягні воз турбот, злыбяды і гора. Адзіны, здаецца, быў у Залівонаўцы чалавек, з якім Залога мог шчыра пагаварыць, і таго не стала. Раптоўна не стала. Гора, канечне ж, гора... Збіраліся разам дошчачкі на абгародку рэзаць.

Залога набраўся духу і ступіў на падворак. Праход быў вузкі: каля сцяны хаты і насупраць каля частаколу былі складзены свежыя клеткі дроў.

За сядзібамі ў Шарыпчынай Грыве тужліва кукавала зязюля.