Выбрать главу

— Дык жа, мусіць, Карма не ўваходзіць, не?

— Хто ведае...

Яны ўжо праехалі вёску, мінулі могільнік і дарогаю праз густы сасоннік пад’язджалі да шашы. Галіны сцябалі па кабіне, набліжаліся так блізка, што Залогу здавалася — зараз каторая хвосне па вачах. Пятро быў спакойны, пільна сачыў за дарогаю — не такая яна і шырокая, камлі ў сасонках вунь спрэс абскубленыя, паабдзіраныя. У святле ад фар, быццам папяросны дым, плыў туман.

Перад уз’ездам на шашу, акурат у вялізнай лужыне, Пятро спыніў трактар — хоць і рана, але мала якая машына будзе бегчы,— святло левай фары выхапіла з туману помнік — шыракаватую сцяну з конусным вяршком. Туман быў рэдкі, і помнік добра вырысоўваўся. Залога правёў позіркам па яго абрысах — востра, як бы лобзікам рэзаў. Здаецца, кожная шчарбінка знаёмая на ім, кожная цаглінка помніцца...

Гэты помнік гадоў дваццаць таму мураваў ён, Серафім Залога.

— Стой-ка! — Залога крануўся Пятровай рукі.

— Што такое? — павярнуўся той.

— Спыніся, Пецька...

— Кепска стала ці, можа... прыпёрла?

Залога не зводзіў вачэй з помніка.

— Я спазнюся на нарад! — упарціўся Пятро.

— Мне на хвілінку.

— Дай жа хоць шашу пераехаць,— незадаволена сказаў Пятро, але відаць было, што паслухае Залогу, спыніцца.

Залога вылез з кабіны, патрухаў да помніка. Даўнавата ўжо не хадзіў сюды, гэтай дарогаю, дык і не бачыў помніка.. А не бачыш, то здаецца, усё добра. Нават жа на больку забываеш, пакуль не зачэпіш.

— Гаспадары, ліха матары!..— вылаяўся ён, аглядаючы помнік.— Ты хочаш, каб ураджаі, надоі паднялі, тут во...

Фарба на помніку аблушчылася, там-сям адпала шатроўка, агаліўшы цагліны, і распаўзліся, бы язвы, цьмяна-рудыя плямы. Каля помніка валяўся даўнішні ссохлы чорны вянок, праўдзівей, ягоны шкілет, абвязаны алюмініевым дротам.

У Залогі нервова заварушыліся пашчэнкі. Ногі ў самога ўжо не ходзяць — няма калі глядзець. Яшчэ гады два назад ён гаварыў дырэктару школы, Грыню: «Прывядзіце ў парадак помнік».— «А што мне? Указанне школе будзе — будзем даглядаць»,— адказаў той, спакойна падгрэбваючы пяцярнёй навісь густых чорных валасоў. Усе, бач, указанняў чакаюць ад некага! А самі? Што, у самога галавы няма ці рукі адсохлі б? Гэта новы дырэктар такі, Грынь, прыезджы чалавек... Ранейшы, Вілюхін, не чакаў, пакуль яму нехта загадае. Вучняў змабілізуе, настаўніка працы за камандзіра — і пайшлі. Абгародку падфарбуюць, дарожку пяском пасыплюць, узімку ад снегу ачысцяць, вясною кветкі пасадзяць... Люба-дорага глянуць! І перад чужым чалавекам не сорамна, людзі спыняліся, чыталі прозвішчы, успаміналі... Папраўдзе, бадай, Вілюхін першы і падняў трывогу. Падсеў аднаго разу да Залогі на лавачку і гэтак заклапочана гаворыць: «Што гэта, Серафім Данілавіч, мы рабіць будзем?» — «А нашчот чаго?» — «Ды помнік наш у запусценні. Столькі гадоў глядзелі, а цяпер...» — «Гэта не парадак, няможна так...» Дзіва, але Залога не даў тады вілюхінскім словам строгай увагі, не хацелася верыць ім. Але недзе ў глыбіні душы засела балючая стрэмка, якая вярэдзіла, не давала спакою, іншы раз гнала да помніка глянуць, што там з ім, пустазеліну каля яго вырваць хоць бы. Але ж клопату яму, інваліду, хапала ўсякага, любая макуліна давалася з натугаю, і на нейкі час ён забываўся пра помнік. Не на вачах жа ён, помнік, а наводдаль ад вёскі, каля шашы; адно калі ў лес выправішся ці кароў на луг пагоніш, бывае, што ў грыбы на Шахты пойдзеш,— тады і ўбачыш, сэрца абальецца крывёю. Але спакваля большая турбота выцясняла з думак меншую.

І вось зноў... Як магнітам, прыцягнуў помнік Залогаў позірк да сябе. Залога не чуў, як падышоў Пятро, стаў поплеч, як у ганаровую варту.

— Што молішся, дзядзька? — спытаўся ён заліхвацкім голасам ды, глянуўшы на Залогу, зразумеў, што не да жартаў. Але ж і плакаць, здаецца, не было з-за чаго — помнік сваё адстаяў, службу сваю саслужыў.

Залога неяк асцярожна правёў далонню па вільготнай каструбаватай сцяне, памацаў шчарбіны на канціку стэлы. Каляны ком падкаціў яму да горла, ажно нясцерпна забалела ў ямачцы пад кадыком. Залога каўтнуў — і раптам бліснула ў вачах, як гарачаю спіцаю працяло галаву са скроні ў скроню, і ён пачаў задыхацца. Хаваў ротам, як стары певень ад спякоты,— удыхаць, здаецца, можна было, а выдыхаць не даваў пракляты ком.

— Э-эй, дзядзька!..— Пятро хапіў яго за плечы, страсянуў.

Залога не мог прамовіць слова, вочы лезлі на лоб, ад напругі з іх пасыпаліся слёзы. Пятро грымнуў кулаком яму між лапатак.— Што, слінаю падавіўся, не ў тое горла пайшла?..

Добра, што падтрымаў Пятро — Залога не ўпаў. Пракаўтнуў ком і адчуў, што ён не выскачыў, а нібыта як расцёкся па грудзях.