Выбрать главу

— Чор-р-рт, горла... здушыла,— прахрыпеў ён, выціраючы костачкамі кулака слёзы.

Калі селі ў трактар і ад’ехалі, Пятро, глянуўшы колькі разоў на Залогу, сказаў:

— Дарма перажываеш, дзядзька, помніку ўжо ўсё роўна капцы.

— Якія капцы? — Залога як застыў, баяўся варухнуцца, каб нешта важнае не прапусціць.

— Рашано зліквідаваць,— сказаў Пятро ўпэўненым голасам, быццам ён і праўда быў усемагутны бог.

— Кім рашано? — Навіна была такая нечаканая, што Залога падумаў, быццам Пятро з ім жартуе.

— Намі... учора.

— Вы што там, здурнелі ўсе? — Залога, усё яшчэ не верачы Пятру, на ўсякі выпадак пярэчыў яму, ліхаманкава прыпамінаючы тую даўнюю размову з Вілюхіным.

— Я быў супраць, але... Адзін. А ратоў многа, перакрычалі.

— Лухту пляцеш,— сказаў Залога павесялелым голасам.— Такую дурноту ніхто не дазволіць.

Пераязджалі Майдан — топкае, гразкае месца, і Пятро паддаў газу. Матор зароў, трактар закідала ў бакі, як на шалях, і Залога ўчапіўся за ручку дзвярэй.

— Назад ці праскочым? — спытаў, але без трывогі ў голасе: думаў пра помнік.

— А дзе мы дзенемся! — зухавата адказаў Пятро. Залога заўсёды дзівіўся з такіх людзей, якія ніколі ні ў чым не сумняваюцца, ва ўсім упэўнены, на ўсіх плююць і не шманаюць. Ні табе перажыванняў, ні дакору, ні маркоты.

Трактар папоўз угару, натужна выючы,— адразу за Майданам дарога пайшла пясчаная — вясною і летам у дождж вада намывала сюды пяску — чысценькага, жоўценькага, хоць лажыся і загарай. Каровы не дурні, пратапталі сабе сцежкі збоч — глыбокімі канаўкамі-шнурамі яны віднеліся ў траве. Узгробшыся на пагорак, трактар лёгенька, як бы ўпадскок, пакаціў па цвёрдай, гладкай, бы асфальт, дарозе, на якую з бакоў навісалі шырокія лісты трыпутніку.

На сэрцы ў Залогі скраблі кошкі.

— Дык вы гэта... праўда?

— Ну, канечне, дзядзька, праўда! — трохі незадаволена адказаў Пятро.— Вось табе гавары, а ты дагары.

Залога вопрама глянуў на Пятра: вочы ў таго строгія, нават — як і голас — незадаволеныя. Факт, не хлусіць чалавек, не разыгрывае. Пятро быў здольны на такія фокусы, але атрымлівалася ў яго гэта бязглузда, а то і зняважліва.

— А калі? — спытаў Залога шорхлым голасам — такі бывае ў чалавека, які стаіць перад безвыходнасцю.

— Ото! І грошы выдзелены, як паложана... За работу!

— Гэты нумар вам, хлопцы, не прайдзёць!..— зацятым шэптам, пагрозліва вымавіліся ў Залогі словы, адрасаваныя невядома каму.

— Табе, канечне, шкада помніка, разумею... Мураваў жа, як-ніяк, пацеў, руку трудзіў,— шчыра паспачуваў Пятро, але не расчуліў Залогу, а наўпярок, развярэдзіў ушчэнт.

— Пры чым тут мураваў? Я... пяты ці дзесяты! Куры ж нас засмяюць... Стой, стой! — раптам замахаў рукою Залога: прагледзеў ледзь прыметную ў траве дарогу, на якую трэба было зварочваць у лес. Пятро рэзка затармазіў, і ў Залогі зляцеў з галавы картуз. Пятро даваў назад рыўкамі, і трактар трэсла; не перастала трэсці і тады, калі ён пакаціў па лясной дарозе-просецы, на якой вузлаватымі гарбякамі павыткнуліся з зямлі карэнні сосен. Між каляінамі стаялі зусім маленькія бярозкі з шырокім чырванаватым лісцем, трактар прыгінаў іх, ззаду яны тут жа выпростваліся; абапал густа раслі жоўтыя ад цвету кусты казяльцу. Лёгкая белаватая парнасць стаяла ў лесе, а праз якую хвіліну-другую яе праніжуць сонечныя промні, і яна ўміг раз’ясніцца, счэзне. Калі б не ехаў, а ішоў такой парою па лесе — колькі чаго наслухаўся б: і птушынага спеву на ўсе лады, і дзятлавага барабаннага стукату, і цвыркання конікаў, і нават лісінага цяўкання... А трактар заглушае ўсё, толькі яго і чуеш, а да ўсяго астатняга ты — глухі.

Высокі лес скончыўся, пабегла сасновая маларось — Гарэльнік. Сасонкі знізу чорныя, як галавешкі, там-сям засохлыя — ігліца аранжавая, быццам вавёрчына футра, а на каторых бледна-зялёная. Гады чатыры назад тут быў пажар. Полымя гуло, стагнала, жэрла, падмятала начыстую — і дрэвы, і кусты, і траву, і пні... Людзі з навакольных вёсак, пажарныя з двух раёнаў тушылі яго, а яно ўзяло сабе ў хаўруснікі і полымя ваеннае — у зямлі з вайны засталося шмат патронаў і нават мін, яны рваліся, нагрэўшыся, свісталі над галавою кулі і асколкі. Аднаго пажарнага параніла ў плячо.

Полымя збілі, абмежавалі, як тады казалі многія, «лакалізавалі», але вялікая плаха лесу аказалася мёртвая, і цяпер яна пакрысе ажывала. Над густым слоем жоўтай сухой ігліцы зазелянелі чубчыкі травы, няспечанае ў зямлі карэнне пусціла кволыя, празрыстыя адросткі з мяккімі калмаценькімі лісцікамі.

Як на абгарэлага чалавека, так і на лес сумна, балюча глядзець.

Усё сплялося ў адзін клубок — чэпка, як шышкі лапухоў: помнік, пажар, вайна... Залога затлуміўся і не ведаў, пра што цяпер думаць. З ім бывалі такія хвіліны разгубленасці і раней.