Выбрать главу

За Гарэльнікам раскінулася ляда — сядзелі, як дзяды, шырокія чорныя пні. На ім і была Залогава пожня. Стажок ён паставіў ускрай у маладым асіннічку, каб не надта кідаўся ў вока. Стажок, дзякуй богу, стаяў — злёгся, прысеў, акурат схаваўся. Але Залога ўбачыў яго з акна кабіны. Нездарма наймаў чалавека, ехалі. На барознах трактар падкідвала так, што Залога даставаў галавою верхнюю абшыўку кабіны, баяўся разбіць плафон.

Пятро спрытна аб’ехаў стажок і спыніў трактар — прычэп апынуўся акурат насупраць стажка. Прафесіянал, нічога не скажаш. Другі тузаецца, тузаецца, яшчэ і стажок разваліць, тады скубі тое сена, не бярэцца на вілкі.

Залога, пакуль Пятро ляскаў нечым у кабіне, узгробся на прычэп, скінуў рубель, вілкі і вяроўку. Злезшы, узяў адны вілкі, другія ўдзяўбнуў у зямлю крыху воддаль, там жа кінуў і вяроўку. Стажок і сапраўды быў пласкаваты, як ляпёха. Залога, ускінуўшы высока ўгару вілкі, лёгка, як у ваду, усадзіў іх у стажок. Напяўшыся, сарваў вяршок і кінуў яго ў прычэп.

Сена добра, пластамі, бралася на вілкі — адна любата яго грузіць. Пятро поркаўся ўжо каля трактара, тузаў шлангі гідраўлікі. Залога не-не дый паглядаў на яго. Не цяжка грузіць, але не парваўся б і Пятро, калі б ускінуў пару якіх ахапкаў. Па краі сена абмылася дажджом, белаватае, а ўсярэдзіне зялёненькае, пахучае, як чай, адным словам — ядкое, як у іх кажуць.

Паўстажка адабраў Залога і адчуў, што аслабелі рукі — не жалезны, аказваецца, ён, ды і гады не тыя. Зняў пінжак, кінуў на зямлю каля вяроўкі. На плячах кашуля да цела прыліпла — упарыўся.

Пятро адышоў ад трактара, сеў на пень. Відаць, не ведае чалавек, да чаго рукі прычаліць, чым заняцца.

Не ўцярпеў Залога, не то жартам, не то ўсур’ёз сказаў Пятру:

— Вазьмі-ка, Пеця, вілкі.

— Ану іх к бесу! — адказаў той з надрывам у голасе, бо ўжо сам нямала перадумаў за гэты час, падсабляць чалавеку ці не, і ўсё-такі намерыўся не падсабляць і цяпер адным махам, як вострай сякераю, хацеў адсекчы ўсякія спробы ўпрасіць яго. Але Залога не збіраўся яго ўпрошваць — не ўмеў, не той быў натуры. Прывык цягнуць сам, браць на сябе.

— Ну глядзі, як сабе хочаш...— сказаў спакойна, каб і намёку не было на крыўду. Такое слова, як «крыўда» яму было не зразумелае.

— Усім не нападсабляешся,— апраўдваўся Пятро. Устаў, адламаў гнуткі асінавы атожылак, сашмаргнуў лісце і засцёбаў ім па халяве бота.— На тым тыдні Чачорцы дровы прывозіў дык грузіў... во рука баліць, сагнуць не магу.

Залога нічога не адказаў, адно картуз з галавы сарваў, гарэзна шпурнуў яго высока ў паветры, мяркуючы, што ён (бы ў фокусніка), завісне на вілачніку; але картуз толькі брыльком ударыў па вілачніку і чмякнуўся ў траву, шэра гарбаціўся там, быццам вожык. Валасы ў Залогі прыліплі да лба, але неўзабаве, падсушаныя сонцам, матляліся ўжо ад лёгкага ветрыку. Сена шуршэла, разлівалася ў паветры апойным водарам мяты і чабору.

«Не дурні былі старыя людзі, калі заварвалі і пілі ўсякія зёлкі... маці мая»,— падумаў Залога з нутраною радасцю, што ўкасіў добрага сянца.

Калі браў на вілкі апошні, самы ніжні пласт, з-пад яго вышмыгнула вялікая бурая мышка, пашылася, як вуж, па траве. Пятро ўбачыў яе і пагнаўся за ёю, б’ючы па зямлі асінавым дубчыкам. Нарэшце лучыў па мышцы — яна запішчала, і піск яе шкадобаю адазваўся ў Залогавай душы.

Калі Пятро вярнуўся, зашпільваючы на штанах папругу, Залога падграбаў ужо вакол прычэпа сяніны, браў у жмут і засоўваў за борт. Пятро падняў рубель і ззаду ўссунуў яго на прычэп.

— Не так і многа сена, без рубля абышліся б,— сказаў ён тонам знаўца,— вяроўкаю поперак перахвацілі б разы тры...

— Табе відней,— не стаў пярэчыць, згадзіўся Залога. Ці ад таго, што прытаміўся, ці што работу скончыў, яго агарнуў сум. Дзіўна, неяк адразу апала ўсё ўсяродку, счарсцвела. Не радавала і прыгожасць асветленага мяккім сонцам ранішняга лесу — бялюткія кроплі расы на зубчыках лісця, бліскучае зялёнае палатно папаратніку, духмяны водар жывіцы, у які ледзь-ледзь — толькі на чуйны нюх — дамешваўся пах забурэлых каля пнёў суніц, жоўтыя мятлушкі, якіх невядома адкуль наляцела на паляну столькі, што ажно мільгацела ў вачах,— дык вось, нішто не радавала Залогу, нічога ўжо не прымала душа, быццам у ёй не было ніколі месца ўсяму гэтаму. А было ж, ведаў ён — было, і было б сёння, калі б не гэтая Пятрова навіна пра помнік. Ну, так, канечне... А чаго яшчэ? Ах, можа, і радыяцыя? Але яна трывожыла пакуль зрэдку і нядоўга. Сена ўхапіў, дзякуй богу, дажджу не прадбачыцца, укіне ў сянніцу сухенькае.

Залога, з крэктам сагнуўшыся, узяў вяроўку, развязаў — асталася ў кальцы, як аркан; падлез пад прычэп спераду і прывязаў канец за прыбіты на днішчы крук. Пятро тым часам заматаў вяроўку на камель рубля, і Залога, перайшоўшы на другі бок, накінуў вяроўку на другі крук; устаў і, ухапіўшыся дзвюма рукамі за вяроўку, шмаргануў яе ўніз, а Пятро пацягнуў на сябе, каб не сарвалася з крука. Рубель уціснуўся ў сена — паніжэла спераду. Потым прапусцілі вяроўку пад днішчам і такую аперацыю правялі ззаду прычэпа.