Выбрать главу

— А ў цябе, Данілавіч, жывічка яшчэ ёсць! — падахвоціў Залогу Пятро, калі той вылез з-пад прычэпа,— на галаве і на плячах у яго густа наліпла сянная пацяруха, за сівыя валасы на скроні зачапілася тонкая былінка, матлялася. Залога прамаўчаў, не да жартаў было, дый Пятро сказаў гэта не ад весялосці, а каб апраўдаць сябе. Усё-ткі, мабыць, тачыў душу чарвячок — не прычыніўся, не падсобіў чалавеку грузіць.

У кабіне сядзелі моўчкі. Пятро, мабыць, прымеркаваў, што Залога пакрыўдзіўся, а на самай справе Залога перажываў за помнік, толькі пра яго і думаў. І чымся бліжэй яны пад’язджалі да шашы, тым большы неспакой агортваў Залогу, нейкая хваравітая боязь глянуць на помнік ледзь не трэсла яго. Ён сядзеў разгублены і нацяты. У нейкае імгненне яму здавалася, што помніка ўжо няма, на яго месцы свежая шэрая пляма, пагурак, як ад магілкі. Ехаў бы гэты Клімаўскі другой дарогаю! Кружна, затое і на Майдане не рызыкаваў бы.

Але — помнік стаяў. Сонца, прабіваючыся скрозь густую вяршаліну сасны, цьмянымі водбліскамі гуляла па ім. З начы ён быў сыры, нейкі ацяжэлы і маркотны.

Трактар тузануўся, скалануў Залогу і як бы абудзіў яго. Ён кашлянуў — у горле пяршыла.

— Што, дзядзька, зноў раскіс? Усё пра помнік свой думаеш? — падобна, Пятро разумеў, што турбуе, гняце Залогу.— Не перажывай, новы паставяць...

«Новы няхай ставяць,— падумаў Залога,— але і гэты навошта разбураць...»

На пясчанай дарозе за трактарам аставаўся чорны, стракаты след — адліпала гразь, што набралася на колы, калі пераязджалі Майдан. Зялёненькія, абмытыя з начы расою, стаялі маладыя сасонкі з сінява-матавай ігліцаю. Белымі, як марля, лапікамі на іх наклеілася павуціна, там-сям на галінах, што вольнічалі над дарогаю, віселі сяніны.

Каля двара Залога скамандаваў, куды пад’язджаць. Вылез з кабіны і стаў наводдалі. Прычэп здрыгануўся, пачаў спераду падымацца.

Выйшла з хаты Маруся, прыхінулася плячом да частаколу. Твар у яе белы, з прыкметнымі ліловымі жылкамі, даўгаваты нос дзюбачкаю ледзь не дастае верхнюю губу. Маруся паглядвала то на мужа, то на кабіну.

Лёгенька газуючы, Пятро скрануў з месца трактар, і сена папаўзло з прычэпа, шухнула — і вялізнаю буханкаю асела на зямлю. Калі б заплюшчыў вочы, магло б здацца, што ты на лузе — так запахла...

Белая, бы рука, утулка падпірала прычэп. Яна пачала меншаць, карацець, і прычэп займаў сваё звычайнае становішча. Вылез з кабіны Пятро, ляпаў на грудзях па куртачцы, быццам атрэпваўся ад пылу.

Залога, сустрэўшы жончын позірк, кіўнуў на Пятра. Маруся зразумела гэты мужаў намёк. Хуценька падышла да Пятра і дала яму пяцёрку. Ён узяў, засунуў у нагрудную кішэню і заплікнуў борцік.

— Можа, у хату зайдзеш? — няўпэўнена запрасіла Маруся, хоць і ведала, што Пятро Клімаўскі ад пачосткі адмаўляецца. Але ж і пакрыўдзіцца можа, што мала заплацілі: неяк дужа спакойна, як курэц папяросу, узяў ён грошы.

— А не трэба! — адрэзаў Пятро, быццам яму абрыдлі ўсякія такія запросіны. Шырокімі крокамі падышоў да трактара, лёгка скочыў у кабіну, быццам яго спружына падкінула, і, развярнуўшыся, пакаціў у напрамку фермы.

— Чорт ім уладзіць,— прабурчаў сабе пад нос Залога.— Абрыдзелі гэтыя трактарысты-матарысты... Гаспадары!

Ён акуратна скруціў вяроўку, зачапіў яе пятлёю за частаколіну.

— Куды будзем складаць? — спытаў у жонкі.

— У сянніцу. Я старое з дна адабрала... з ношкі дзве было, ускінула на вышкі.

— Ці ёсць што папіць? — Адчуў, у горле перасохла, ажно балюча глытаць.

— Бярозавіку слоік дастала з пограба... ледзь не забілася, абшаснулася з лёсак.

— Трэба табе.. Сам бы злазіў.

Залога любіў бярозавік, і Маруся хацела яму ўладзіць. Яны кожную вясну ставілі бярозавік, у Шарыпчынай Грыве. Далекавата. Але пі шмат ім трэба таго бярозавіку? Вёдраў дзесяць якіх. Памаленьку наносяць у бочку. Усыплюць туды падсмажанага на патэльні аўса, скарынак хлеба накідаюць. А як закісне бярозавік, пераліваюць яго ў трохлітровыя слоікі — даўжэй стаіць, лічы, цэлае лета. Рэзкі, халодненькі. Вып’еш — і амалодзішся гадоў на пяць. Што застаецца ў старасці — адно суцяшаць сябе?

Залога цяжкаю хадою пасунуўся ў сенцы. Там на лаўцы стаяў вільготны слоік з бярозавікам. Ён узяў слоік і, баючыся, каб не выкаўзнуўся з рук, стаў піць набгом, аддзімаючы белыя крупінкі бросні. Цурочак праліўся яму на грудзі. Аддыхаўшыся, Залога павесялеў: «От, брат, напугаўся!»