Выбрать главу

На стук адчыняе кабета ў шчыльна завязанай на галаве паркалёвай хустцы калісьці белага колеру і выцертай да нітоў плюшавай кофце. Пах падгарэлай бульбы і сушаных яблыкаў змушае хлапца глытаць сліну.

— Табе чаго?

Голас кабеты больш непрыветны, чым снегапад у траўні, — як яшчэ адразу перад носам нечаканага госця дзвярыма не ляскае.

— Добрыдзень, — хлопец намагаецца быць ветлівым. — Выбачайце, калі ласка, але мы з мамай тут жылі да вайны…

Запалыя вочы кабеты бліскаюць сапраўднай нянавісцю, голас уздымаецца да гучнасці сірэны, цто апавяшчае пра бамбёжку:

— Мала дзе хто да вайны жыў! Швэндаюцца тут! Пайшоў прэч, пакуль у карак не натаўклі!

Хлопец сціскае худыя кулакі… У дзіравых чаравіках мокра, у душы разбіваюцца каляровыя шкельцы…

— Ану, сціхні, Маланка! Ты што, не савецкі чалавек? Азвярэла?

Кабету адсоўвае ўбок прыгорблены стары ў расцягнутай выцвілай марынарцы, які абапіраецца на мыліцу. Твар старога зарос сівой шчэццю, але светлыя вочы разумныя і ўсё яшчэ трохі вясёлыя:

— Карусёк? Зоські Роўбы сынок? Во, як вырас! Давай, давай, заходзься!

Кабета незадаволена бурчыць пра валацуг, якіх трэба ў міліцыю здаваць, але адступае.

— Ты яго пусціў, дык на сваю жылплошчу і сялі, калі зажадаеш!

Хлопец заходзіць у кватэру. Яна непазнавальна змянілася. Сапраўдны вулей… Мноства перагародак з імправізаванымі дзвярыма — паркалёвымі занавескамі на вяровачках. I гуд як у вулеі… Стукат, смех, плач, галасы, галасы, галасы… Хлопец пераступае цераз самаробны дзіцячы самакат, які ляжыць папярок вузкага калідора. Нават уявіць цяжка, колькі чалавек тут цяпер жыве.

Стары кульгае па калідоры ў самы канец, у ягоны катух вядуць сапраўдныя драўляныя дзверы… Катух вузкі, як школьны пенал, святло трапляе праз акенца у дзве далоні, якое відавочна архітэктарамі не прадугледжвалася. Хлопец пазнае — гэта была кладоўка. Малым ён залазіў сюды, каб пакруціць іржавае кола саламарэзкі, якую невядома хто і невядома нашто сюды быў прыцягнуў. Ладную частку займалі шчыты нагляднай агітацыі, праца мастака Верабейчыка. А вось тут заўсёды выпараў спакусны водар цэбар з салёнымі агуркамі Абрамчыхі, гаспадыня абвязвала яго складанай сістэмай матузкоў, каб ніхто не лазіў пад накрыўку. Усё адно лазілі… У роце нібыта адчуваецца смак тых агуркоў, страўнік ажно вуркоча…

— Ты сядай, хлопец. Месца няшмат, але змесцімся.

Сапраўды, у кладоўцы змяшчаецца толькі вузкі металічны ложак, круглы столік, за якім, мусіць, да рэвалюцыі паны ў карты гулялі, ды зэдлік. Кастусь на той зэдлік не сядае, а падае. Нясцерпна хочацца зняць мокрыя чаравікі, расцерці зледзянелыя ногі… Але невядома, ці не раздражняць вольныя паводзіны госця гаспадара і колькі тут, у цяпле, дазволяць яшчэ пасядзець.

— А мяне памятаеш, спадзяюся?

Стары мацае ў навясной шафцы, яе створкі ўпрыгожаныя маляванымі чырвонымі півонямі.

— Вядома, памятаю, дзядзька Тадэвуш…

— Ну вось і добра!

Былы марак і фінінспектар Тадэвуш Гадзель кладзе на стол, засланы газетай, лусту сітнага хлеба і цыбуліну. Паднімае імбрык з падлогі, мацае рукой:

— Яшчэ цёплая… Не хочацца лішні раз ісці на кухню, прабач. Пасля ўжо сам прыстасуешся, яшчэ і мне кіпню будзеш прыносіць. Пакуль бяры вунь, у слоіку, сочыва, а кубак і лыжку бачыш… давай, не саромся — я ж бачу, зараз павалішся. І распранайся… Спаць, відаць, давядзецца пакуль на падлозе. Мо пасля які адкідны ложак змайструем. Я, калі да рэвалюцыі ў Крастах сядзеў, на такіх спаў. Зручна…

Хлопец, не верачы ў свой шанц, скідае нарэшце чаравікі, збянтэжана глядзіць на брудную лужыну на падлозе — нічога, Карусёк, на гэта ануча ёсць. Намагаецца не есці надта хутка. Гаспадар сумна глядзіць, падпёршы шчаку рукой у старэчых плямах.

— Нацярпеўся, адразу відно… А матка дзе?

Карусь кладзе недаедзеную лусту.

— У канцлагеры, у Азарычах, памерла. Фашысты спецыяльна здаровых да тыфозных зганялі. Я там таксама быў… Мы эвакуіравацца не паспелі. Маму папрасілі з музея, дзе бацька калісьці працаваў, архівы парадкаваць для вывазу. I я дапамагаў. Мама хацела хоць мяне на грузавік пасадзіць, што фонды вывозіў, — я адмовіўся яе пакідаць. Рушылі з горада пешкі разам… А на дарогах бамбёжкі. Куды кіравацца — ніхто не цяміць. У Мінск вярнуліся… Але мама ж памятаеце якая была… За справядлівасць змагалася. Навуковец, якога мама да вайны выкрыла, што бацькаў рукапіс прыўлашчыў, пагразіўся, што здасць яе немцам як актывістку-камуністку. Я запомніў імя… прафесар Глеб Туторкаў. Мусіць, фашысцкім паслугачом пасля быў. Пайшлі мы да бацькавай сястры на Пухаўшчыну... Тая прыняла. Жылі, працавалі… Калі немцы сталі гнаць маладых у Нямеччыну, мне цётка травы дала нацерціся. Усё цела болькамі пайшло. Не ўзялі... А потым вёску спалілі за сувязь з партызанамі. Нас — у канцлагер.